У Эўрапейскім зьвязе і Паўночнаатлянтычным альянсе віталі абмен зьняволенымі паміж Украінай і Расеяй, які адбыўся раней 7 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 35 на 35: Украіна і Расея завяршылі абмен вязьнямі. Хто ў сьпісах вызваленыхПрэзыдэнт Эўрапейскай рады Дональд Туск пры гэтым зьвярнуў асаблівую ўвагу на вызваленьне з расейскага зьняволеньня рэжысэра Алега Сянцова і ўкраінскіх маракоў. «Я працягваю заклікаць Расею вызваліць усіх палітычных зньяволеных і паважаць тэрытарыяльную цэласьць Украіны», — напісаў ён у Твітэры.
Старшыня Эўрапейскага парлямэнту Давід Сасолі выступіў з заявай аб вызваленьні менавіта Алега Сянцова. Ён нагадаў, што ўкраінскі рэжысэр атрымаў прэмію Эўрапарлямэнту за свабоду думкі імя Сахарава за 2018 год. «Чакаю хуткую асабістую сустрэчу з Алегам Сянцовым у Эўрапейскім парлямэнце, каб уручыць яму прэмію Сахарава», — заявіў ён.
«Сянцоў быў вызвалены ў рамках дамоўленасьці паміж Расеяй і Ўкраінай аб абмене групамі зьняволеных. Мы вітаем гэта як крок у правільным кірунку і прыкмету памяншэньня напружанасьці паміж дзьвюма краінамі», — дадаў старшыня Эўрапарлямэнту.
Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах, віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі Фэдэрыка Магерыні, вітаючы абмен, заявіла пра вызваленых Расеяй украінскіх зьняволеных: «Іх вызваленьне ёсьць сьведчаньнем намаганьняў і рашучасьці ўсіх, у тым ліку грамадзянскай супольнасьці, актывістаў і юрыдычных экспэртаў, якія нястомна працавалі для гэтага выніку». «Эўрапейскі зьвяз чакае, што ўсе бакі працягнуць разьвіваць цяперашні штуршок», — дадала яна.
Таксама віталі вызваленьне ўкраінскіх закладнікаў і ў Паўночнаатлянтычным альянсе. Зьвярнуўшы асноўную ўвагу на вызваленьне Алега Сянцова і ўкраінскіх маракоў, якіх Расея ўзяла ў палон у лістападзе 2018 году, прэс-сакратар NATO Оана Лунджэску назвала гэта крокам у правільным кірунку. «NATO працягвае заклікаць Расею выканаць усе свае абавязаньні ў менскіх дамоўленасьцях, у прыватнасьці вызваліць усіх зьняволеных», — гаворыцца ў заяве.
У рамках абмену ва Ўкраіну вярнуліся 35 утрымваных расейцамі ўкраінцаў — палітвязьняў і ваеннапалонных, у Расею перадалі 35 яе і ўкраінскіх грамадзян, якіх ва Ўкраіне судзілі за розныя крымінальныя злачынствы, у тым ліку за здраду Радзіме.
Паводле апошняй інфармацыю ўпаўнаважанай Вярхоўнай рады Ўкраіны па правах чалавека Людмілы Дзянісавай, Расея ўтрымлівае яшчэ 110 грамадзян Украіны на сваёй тэрыторыі і ў акупаваным ёю Крыме.
Акрамя таго, паводле дадзеных Службы бясьпекі Ўкраіны, яшчэ 227 украінцаў ўтрымліваюць баевікі са складу расійскіх гібрыдных сіл на акупаванай частцы Данбасу.