Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пасьля абмену зьняволенымі паміж Украінай і Расеяй заявіў, што наступнымі этапамі мае быць таксама хуткае вызваленьне з-за расейскіх кратаў крымскіх татараў і заканчэньне вайны з Расеяй.
«Я думаю, гэта будзе другі этап. У другім ужо этапе мы будзем працаваць. Мы вернем усіх нашых людзей адтуль. Вызвалім, таму што многія нашы людзі ў Крыме , - сказаў прэзыдэнт, адказваючы на пытаньне карэспандэнта праекту Радыё Свабода «Крым.Рэаліі» пра пэрспэктывы вызваленьня крымскіх татараў з турмаў у Расеі і ў Крыме.
Паводле Зяленскага, ён разьлічвае, што гэта адбудзецца як мага хутчэй. «Мы не гаворым ні пра год, ні пра два, і ні пра тры. Мы хочам гэта рабіць вельмі хутка. Мы марым пра гэта і працуем», — сказаў ён, але адзначыў, што пакуль немагчыма казаць пра тэрміны вызваленьня ўтрымваных Расеяй крымскіх татараў.
Як сказаў Зяленскі, цяперашні абмен стаў першым крокам. «Ён быў вельмі складаны. Мы ведаем, што рабіць далей», — дадаў прэзыдэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 35 на 35: Украіна і Расея завяршылі абмен вязьнямі. Хто ў сьпісах вызваленыхАкрамя таго, адносна становішча на Данбасе ён сказаў, што Кіеў мае намер працягнуць разьвядзеньне сіл спачатку ў пэўных мясцовасьцях, «а затым — разьвядзеньне па ўсёй тэрыторыі і спыненьне агню ў поўнай меры і спыненьне вайны». Ён не ўдакладніў, на якіх умовах мае намер спыніць вайну, але выказаў надзею, што ўдасца ажыцьцявіць і складаны этап, які пачнецца пасьля гэтага — вяртаньне «ня толькі людзей, але і нашых тэрыторый».
Міністар замежных справаў Украіны Вадзім Прыстайка, са свайго боку, напісаў у твітэры, што з расейскіх турмаў вызваленыя яшчэ ня ўсе. «Дык давайце мабілізавацца і дамагацца канчатковага рашэньня паводле формулы «ўсіх на ўсіх», — дадаў ён.
Раней 7 верасьня ў рамках абмену ва Ўкраіну вярнуліся 35 ўтрымваных расейцамі ўкраінцаў — палітвязьняў і ваеннапалонных, у Расею перадалі 35 расейскіх і ўкраінскіх грамадзян, якіх ва Ўкраіне судзілі за розныя крымінальныя злачынствы, у тым ліку за здраду Радзіме.
Сярод тых, каго выдала Расея, быў толькі адзін крымскі татарын, Эдэм Бэкіраў. Яго звальненьне стала выключэньнем з прычыны цяжкага стану яго здароўя, паведаміў праекту «Крым.Рэалиіі» адвакат Мікалай Полазаў.
Пры гэтым, паводле апошніх зьвестак ўпаўнаважанай Вярхоўнай рады па правах чалавека Людмілы Дзянісавай, Расея ўтрымлівае яшчэ 110 грамадзянаў Украіны на сваёй тэрыторыі і ў акупаваным ёю Крыме.
Акрамя таго, паводле дадзеных Службы бясьпекі Ўкраіны, яшчэ 227 ўкраінцаў утрымліваюць баевікі са складу расейскіх гібрыдных сіл на акупаванай частцы Данбасу.