ЗША віталі абмен зьняволенымі паміж Украінай і Расеяй

Група вызваленых украінцаў і сваякоў у аэрапорце «Барыспаль» 7 верасня 2019

Злучаныя Штаты Амэрыкі віталі абмен зьняволенымі паміж Украінай і Расеяй, які адбыўся 7 верасьня.

На абмен адгукнуўся, у прыватнасьці, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

«Расея і Ўкраіна толькі што абмянялі вялікую колькасьць зьняволеных. Вельмі добрая навіна, верагодна, першы гіганцкі крок да міру. Віншаваньні абедзьвюм краінам», — напісаў ён у Твітэры.

Спэцыяльны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў справах Украіны Курт Волкер вітаў абмен як падзею, якая павінна даць штуршок мірнаму працэсу на Данбасе.

«Вельмі рады бачыць украінскіх маракоў, якія вярнуліся дадому, і абмен зьняволенымі паміж Украінай і Расеяй. Спадзяюся, што гэта стане штуршком для далейшага абмену зьняволенымі, адновіць спыненьне агню і прагрэс да поўнага ўкараненьня Менску», — напісаў ён у Твітэры.

А пасольства ЗША ва Ўкраіне, вітаючы вестку аб вызваленьні зьняволеных і актывізацыю дыялёгу Ўкраіны з Расеяй, таксама нагадала, што Расея мусіць спыніць сваю агрэсію супраць Украіны і вызваліць і іншых утрымваных за кратамі ўкраінцаў.

«Мы вітаем вестку аб вызваленьні зьняволеных і віншуем прэзыдэнта Зяленскага і яго каманду з ьвяртаньнем гэтых грамадзян Украіны дадому. Прыкметы больш актыўнага дыялёгу паміж Расеяй і Ўкраінай абнадзейваюць нас. Прэзыдэнт Зяленскі выразна заявіў пра сваю прыхільнасьць дасягненьню дыпляматычнага вырашэньня падаграванага Расеяй канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Мы заклікаем Расею спыніць агрэсію супраць Украіны і вызваліць многіх іншых ўкраінцаў, якія беспадстаўна застаюцца за кратамі ў Расеі», — гаворыцца ў заяве амбасады ЗША.

У рамках абмену ва Ўкраіну вярнуліся 35 утрымваных расейцамі ўкраінцаў — палітвязьняў і ваеннапалонных, у Расею перадалі 35 яе і ўкраінскіх грамадзян, якіх ва Ўкраіне судзілі за розныя крымінальныя злачынствы, у тым ліку за здраду Радзіме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 35 на 35: Украіна і Расея завяршылі абмен вязьнямі. Хто ў сьпісах вызваленых

Паводле апошняй інфармацыю ўпаўнаважанай Вярхоўнай рады Ўкраіны па правах чалавека Людмілы Дзянісавай, Расея ўтрымлівае яшчэ 110 грамадзян Украіны на сваёй тэрыторыі і ў акупаваным ёю Крыме.

Акрамя таго, паводле дадзеных Службы бясьпекі Ўкраіны, яшчэ 227 украінцаў ўтрымліваюць баевікі са складу расійскіх гібрыдных сіл на акупаванай частцы Данбасу.