Інстытут Гётэ і Амбасада Аўстрыі ў Беларусі прэзэнтавалі беларускі клястар EUNIC — нефармальнай сеткі эўрапейскіх нацыянальных культурных цэнтраў. Першым мерапрыемствам EUNIC у Беларусі будзе сьвяткаваньне Эўрапейскага дня моваў — сьвята, якое адзначаецца ў краінах Эўразьвязу 26 верасьня.
EUNIC («Нацыянальныя інстытуты культуры Эўрапейскага Зьвязу») — сетка нацыянальных культурных прадстаўніцтваў Эўропы, якая складаецца з 36 арганізацый з 28 краін-сябраў Эўразьвязу, патлумачыла амбасадарка Аўстрыі ў Менску Алаізія Вёргетэр. Але шлях Эўразьвязу да разуменьня праблем культуры быў няпростым.
«Калі быў створаны Эўразьвяз, краіны займаліся эканомікай, гандлем, сумесным разьвіцьцём стандартаў здаровага навакольнага асяродзьдзя — чым заўгодна. Але ніякага інтарэсу разьвіваць сумесную эўрапейскую культуру не было. Таму ў міжнародных дамовах, на якіх заснаваны Эўрапейскі Зьвяз, вы ня знойдзеце ні слова пра культуру! І вось прайшло 60 — 70 гадоў, і, на шчасьце, мы адчуваем сябе больш камфортна, навучыліся камунікаваць адзін з адным, дзеячы культуры навучыліся давяраць адзін аднаму, а інстытуты пачалі без усялякай дамоўнай падставы запускаць сумесныя праекты.
Мы ня вельмі фармалізаванае аб’яднаньне інстытутаў культуры краінаў Эўразьвязу, у нас няма прававога мандату, але ёсьць шмат энэргіі», — запэўніла амбасадарка Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вёргетэр.
Дырэктар Інстытута Гётэ ў Беларусі Якаб Рачак тлумачачы, што такое сетка EUNIC, прывёў лічбы: на сёньняшні дзень — гэта 36 інстытутаў з 28 краінаў Эўропы. Чаму такая неадпаведнасьць? У некаторых краінах працуе больш за адзін культурны інстытут, як дарэчы, і ў Беларусі (Інстытут Гётэ і Польскі інстытут). Але ў Беларусі вельмі актыўныя амбасады краінаў Эўразьвязу, якія займаюцца прасоўваньнем культуры.
«Аўстрыйская, француская, італьянская амбасады, Інстытут Гётэ, Польскі інстытут, Дацкі культурны інстытут прынялі супольнае рашэньне аб стварэньні клястару EUNIC. Да нас зьвяртаюцца амбасады іншых краінаў — як далучыцца? Таму цяпер мы можам распавесьці пра невялікія ініцыятывы, але ў пэрспэктыве спадзяемся на значны рост», — кажа Якаб Рачак.
26 верасьня ўпершыню ў Беларусі будзе сьвяткавацца Эўрапейскі дзень моваў. Імпрэза адбудзецца ў Нацыянальнай бібліятэцы, будзе прапанаваны забаўляльны фармат навучаньня мовам пад назовам «Спатканьне, каб паразмаўляць». Будуць ня проста выкладчыкі, а знакамітасьці, VIP, якія правядуць інтэнсіўны курс навучаньня, запэўніў Якаб Рачак.
«У якасьці выкладчыкаў замежных моў прапанавалі сябе амбасадары, да прыкладу, пасол Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэс. Уяўляеце — за адзін дзень можна будзе прайсьці 10 — 15 інтэнсіўных звышхуткіх моўных курсаў!
А каму спатрэбіцца больш часу — можа застацца ў бібліятэцы Інстытута Гётэ, дзе будуць прадстаўлены лепшыя ўзоры кніжнай прадукцыі з краінаў Эўропы: дзіцячыя кнігі, ілюстраваныя кнігі, лёгкае чытво для пачаткоўцаў і графічны раман», — анансуе дырэктар Інстытута Гётэ ў Беларусі Якаб Рачак.
Другая тэма, якую прапануюць ініцыятары стварэньня сеткі EUNIC у Беларусі — культурнае разьвіцьцё гарадоў Беларусі (па аналёгіі з праектам «Культурныя сталіцы Эўропы»).
EUNIC працуе ў галіне мастацтва, вывучэньня моваў, працы з моладзьдзю, адукацыі, навукі, грамадзтва, міжкультурнага дыялёгу і разьвіцьця. На мясцовым узроўні (у гарадах, рэгіёнах) сябры EUNIC аб’ядноўваюцца ў больш 100 клястараў для супольнай працы над агульнымі праектамі і праграмамі для прасоўваньня культуры.
Глябальны офіс EUNIC у Брусэлі падтрымлівае працу больш за 150 клястараў па ўсім сьвеце. Цяпер прадстаўніцтва гэтай сеткі адкрыта і ў Беларусі.