Мэсэнджэр Telegram выпусьціў абнаўленьне, якое дазваляе карыстальнікам цалкам хаваць свой нумар тэлефона.
Опцыя «не паказваць нікому нумар тэлефона», якая і раней існавала ў мэню, пашырана: цяпер нумар тэлефона, выкарыстаны пры стварэньні акаўнта ў Telegram, можна схаваць і ад тых, хто ўжо занесены ў сьпіс кантактаў. Раней такой магчымасьці не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Салдата Астравецкага гарнізону пасадзілі на «губу» за мабільнік. Ці за канал у Telegram пра войска?У абгрунтаваньні гэтай меры гаворыцца, што групы ў Telegram апошнім часам часта выкарыстоўваюцца для зносін людзей, якія падвяргаюцца перасьледу. «Мы перакананыя, што ўсе маюць права выказваць свае думкі і мець зносіны паміж сабой не публічна», — заяўляюць у Telegram, спасылаючыся, у прыватнасьці, на выкарыстаньне групавых чатаў удзельнікамі нядаўніх пратэстаў у Ганконгу. Новае абнаўленьне павінна забясьпечыць ананімнасьць карыстальнікаў і перашкодзіць уладам атрымаць іх дадзеныя, якія потым могуць быць выкарыстаны супраць саміх карыстальнікаў.
Мэсэнджэр Telegram афіцыйна заблякаваны ў Расеі зь мінулага году — з прычыны таго, што распрацоўшчыкі Telegram адмовіліся даць ФСБ ключы шыфраваньня паведамленьняў. У большасьці карыстальнікаў мэсэнджэр па-ранейшаму працуе, ім карыстаюцца ў тым ліку і расейскія чыноўнікі.
Акрамя гэтага, вядома што Telegram блякуецца ў кантынэнтальным Кітае. У Іране некаторыя функцыі мэсэнджэра не працуюць і яго спрабуюць заблякаваць падчас любога грамадзкага неспакою.
Аўдыторыя беларускага тэлеграму — каля 600 тысяч чалавек. Telegram з кожным годам становіцца ўсё мацнейшым палітычным інструмэнтам і прыцягвае да сябе ўвагу як уладаў, так і прадстаўнікоў традыцыйных СМІ ў краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь іх падпісчыкаў можна скласьці горад. Топ самых папулярных палітычных тэлеграм-каналаў Беларусі
Заснавальнік Telegram Павел Дураў неаднаразова сьцьвярджаў, што мае намер захаваць у мэсэнджэры свабоду выказваньняў і прыватнасьць карыстальнікаў, нават калі гэта будзе супярэчыць нормам той ці іншай дзяржавы. Пры гэтым Telegram выдаляе заклікі да тэрарыстычнай дзейнасьці і дзіцячую парнаграфію.