Салдат тэрміновай службы Аляксандар Арлоў загінуў у слонімскай частцы ў верасьні 2018 году.
Аляксандар Арлоў паходзіў зь вёскі Краснае Карэліцкага раёну. У войска пайшоў у 2017-м, служыў майстрам абслугоўваньня акумулятарных батарэй у адным з батальёнаў 11-й асобнай мэханізаванай брыгады ў Слоніме. У ліпені 2018-га прыяжджаў у звальненьне дадому. 5 верасьня 2018 году Мінабароны апублікавала паведамленьне пра ягоную сьмерць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даярка супраць Сьледчага камітэту. Маці салдата, які загінуў у войску, дамагаецца крымінальнай справы«5 верасьня ў адной з вайсковых частак Слонімскага гарнізону ўчыніў суіцыд шараговец Арлоў А.В., — гаварылася ў афіцыйным паведамленьні Мінабароны. — Вайскоўцу 20 гадоў, да заканчэньня службы яму заставалася крыху больш за паўгода. Папярэдне: прычына суіцыду абумоўленая асабістымі абставінамі і не зьвязаная з праходжаньнем вайсковай службы. Па гэтым факце праводзіцца праверка Сьледчым камітэтам, у вайсковай частцы працуе камісія Міністэрства абароны».
З афіцыйнай вэрсіяй сьмерці Аляксандра Арлова адразу не пагадзіліся ягоныя родныя. Перад пахаваньнем яны сфатаграфавалі цела; на здымках відаць шматлікія пашкоджаньні. У тым ліку падвойная стангуляцыйная баразна на шыі. Маці Аляксандра Вольга напісала заяву ў Сьледчы камітэт і стала чакаць завядзеньня справы. Праверку спачатку праводзіў мясцовы СК, затым абласны, потым цэнтральны.
22 траўня 2019 году сьледчы ў асабліва важных справах Цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту С. Баланоўскі пастанавіў адмовіць у завядзеньні крымінальнай справы па факце сьмерці Аляксандра Арлова. Жанчына з дапамогай юрыстаў падала позву ў суд і скаргу ў Генэральную пракуратуру. Адказ з апошняй прыйшоў напярэдадні гадавіны сьмерці сына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Быў залаты хлопец!» Маці салдата, якога знайшлі ў пятлі ў Слоніме, падазрае дзедаўшчыну«Генэральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь разгледжана ваша скарга на пастанову аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы, вынесенае 1.07.2019 Сьледчым камітэтам Рэспублікі Беларусь па выніках дадатковай праверкі па факце гібелі вашага сына Арлова А.В., — гаворыцца ў лісьце з Генпракуратуры. — Пасьля вывучэньня матэрыялаў праверкі гэтая пастанова 29.08.2019 мной адменена і заведзена па факце гібелі Арлова А.В. крымінальная справа паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкулу 145 КК „Давядзеньне да самагубства“...»
Крымінальная справа перададзеная ў Сьледчы камітэт для расьсьледаваньня. Пра яго вынікі жанчыне абяцаюць паведаміць. За ходам сьледзтва будзе сачыць старшы пракурор упраўленьня нагляду за выкананьнем заканадаўства Сьледчым камітэтам Грынько.
«Атрымала гэты ліст за дзень да гадавіны сьмерці Сашы, — кажа маці загінулага салдата Вольга. — Мы скаргу яшчэ на пачатку жніўня напісалі, калі ў СК нам паведамілі пра канчатковую адмову пачынаць крымінальную справу. Я ўжо думала, што ўсё, што ніхто ня будзе нічога расьсьледаваць. А тут гэты ліст».
Новыя сьледчыя з жанчынай пакуль ня зьвязваліся. Вольга па-ранейшаму перакананая, што яе сын стаў ахвярай забойства.