Бізнэсовец Аляксей Алексін атрымаў участак на Заслаўскім вадасховішчы пад «Радавое гняздо» (так будзе называцца ягоная сядзіба). Поруч ён ужо мае два аб’екты: гатэльна-рэстаранны комплекс «Сябры» і стралковы комплекс на 7 гектараў, паведамляе Realt.tut.by.
Паводле Адзінага дзяржаўнага рэестру нерухомасьці, зямлю плошчай 3,8 гектары Аляксей Алексін атрымаў у арэнду на 99 гадоў у верасьні 2018 году. Памер гадавой аплаты — 1 185,79 рубля, мэта арэнды — будаўніцтва і абслугоўваньне сямейнай сядзібы «Радавое гняздо».
У Сёмкаве бізнэсовец ужо мае два аб’екты: гатэльна-рэстаранны комплекс «Сябры» і стралковы комплекс. «Сябры» зьявіліся за 9 кілямэтраў ад менскай кальцавой каля 10 гадоў таму. У 2017 годзе кампанія Алексіна «Энэрга Оіл» атрымала дазвол на будаўніцтва стралковага комплексу праз дарогу ад «Сяброў».
Кампанія – уладальніца сеткі «Табакерка», тытунёвыя кіёскі якой ужо стаяць па ўсёй краіне, мае статус спэцімпартэра тытунёвай прадукцыі. Гэта вынікае з прэзыдэнцкага ўказу № 298 ад 7 жніўня 2019 году. Гэта адзіная сетка кіёскаў, якой дазволілі ставіць свае павільёны амаль паўсюль і свабодна гандляваць тытунем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менгарвыканкам: «Табакеркі» можна, а іншыя кіёскі нельгаУ сьнежні 2017 году Аляксандар Лукашэнка даручыў бізнэсоўцу Аляксею Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках. Кіёскі «Табакерка», якія належаць кампаніі Алексіна «Энэрга Оіл», зьявіліся ў многіх гарадах Беларусі і выклікалі пратэсты людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ужо і людзі плюнулі на гэта ўсё». Як сустракаюць «Табакеркі» ў МенскуСупраць «Табакерак» выказаліся і ў Палаце прадстаўнікоў, але мясцовыя ўлады адмаўляюцца прыбіраць іх з вуліц. Менгарвыканкам забараніў ставіць «Табакеркі» ў цэнтры гораду, але ў астатніх месцах дазволіў.
Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»
У кастрычніку 2018 году Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.
Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.
У сьнежні 2017-га Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.
Ад жніўня 2018 году «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».
«Энэрга-Оіл» — другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.
У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займаў 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў 2019 году. У ліку ягоных актываў былі беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.
Пасьля пагрозы ўвядзеньня санкцый супраць Аляксея Алексіна ў 2020 годзе ён выйшаў з складу ўласьнікаў «Энэрга-Ойл» і «Белнафтагазу». Асноўнымі акцыянэрамі «МТБанку» цяпер запісаныя ягоныя сыны Віталь і Дзьмітрый і іх маці Іна — яны валодаюць больш як 99% акцый банку.