Затрымалі падазраваных у рабаўніцтве ювэлірнай крамы ў Менску на мільён рублёў

Сьледчыя вывучаюць абставіны разбойнага нападу на ювэлірную краму «Яхант» у цэнтры Менску. 17 жніўня 2019 году

Праваахоўнікі 3 верасьня затрымалі падазраваных у справе аб разбойным нападзе на ювэлірную краму «Яхант» на вуліцы Кісялёва ў Менску, паведаміла ў «Тэлеграме» прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.

Як удакладнілі ў СК, затрыманыя 36-гадовы раней не судзімы мянчук і 37-гадовы раней судзімы жыхар Менскага раёну.

Цяпер з мужчынамі працуюць сьледчыя і правяраюць іх на датычнасьць да яшчэ як мінімум трох разбойных нападаў на прыватныя дамы. У іх дома правялі ператрусы, знайшлі плястыкавыя сьцяжкі, падобныя да тых, якія выкарыстоўвалі рабаўнікі, каб зьвязаць ахоўніка крамы «Яхант».

Частку выкрадзенай маёмасьці знайшлі ў схованцы дома ў сваякоў аднаго з затрыманых, астатнюю частку, са слоў затрыманых, яны ўжо пасьпелі прадаць на тэрыторыі Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзёрзкі напад на ювэлірную краму ў Менску: прадаўцам надзелі кайданкі + ФОТА, ВІДЭА

Як паведамілі сьледчым супрацоўнікі крамы пасьля інвэнтарызацыі, мужчыны скралі больш за тысячу ювелірных вырабаў на суму больш як 1 млн беларускіх рублёў, а таксама грошы і сервер, у якім былі запісы з камэраў відэаназіраньня ў краме. Сэрвэр пасьля знайшлі ў рацэ Сьвіслач.

Напад на ювэлірную краму на вуліцы Кісялёва ў Менску адбыўся 17 жніўня каля 11.30. Два мужчыны ўвайшлі ў памяшканьне, распылілі пярцовы газ, зьвязалі рукі аднаго прадаўца плястыкавай сьцяжкай, а на другога надзелі кайданкі. Забраўшы ўсе каштоўнасьці зь вітрыны, рабаўнікі сышлі. Наведнікаў у краме ў гэты момант не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ювэлірную краму «Яхант» ў Менску рабавалі ўжо чатыры разы. Што вядома пра папярэднія напады

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 207 (разбой, учынены групай асобаў) Крымінальнага кодэксу Беларусі.