МЗС Баўгарыі заклікала Расею не падтрымліваць «сумнеўны тэзіс» пра тое, што Ўсходнюю Эўропу ад нацызму вызвалілі савецкія войскі.
Баўгарыя асудзіла арганізаваную амбасадай Расеі ў Сафіі выставу «75 гадоў вызваленьня Ўсходняй Эўропы ад нацызму» і заклікала расейскую дыпляматычную місію «не падтрымліваць сумнеўны з гістарычнага пункту гледжаньня тэзіс», што прыбыцьцё савецкіх войскаў у Баўгарыю было «вызваленьнем».
У афіцыйнай заяве Міністэрства замежных справаў Баўгарыі гаворыцца, што нягледзячы на ўнёсак СССР у разгром нацызму ў Эўропе, «ня трэба заплюшчваць вочы на тое, што штыкі савецкай арміі прынесьлі народам у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе паўстагодзьдзя рэпрэсій, падаўленьне грамадзянскага сумленьня, тупіковае эканамічнае разьвіцьцё і адарванасьць ад дынамікі працэсаў у разьвітых эўрапейскіх дзяржавах».
Заява прагучала напярэдадні адкрыцьця выставы, якую ладзіць Расейскае гістарычнае таварыства ў Баўгарыі. Адкрыцьцё заплянавана на 9 верасьня — дзень уступленьня савецкіх войскаў на тэрыторыю Баўгарыі ў 1944 годзе, які да 1989 году быў нацыянальным сьвятам краіны. У МЗС гэтую выставу назвалі ўмяшаньнем ва ўнутрыпалітычныя дэбаты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для паловы насельніцтва Беларусі вайна пачалася 1 верасьня 1939-га
Што адказала Расея?
У амбасадзе Расеі ў Баўгарыі заявілі, што «зьбянтэжаныя» заявай баўгарскіх уладаў, таму што хочуць паказаць на выставе толькі архіўныя матэрыялы.
«Выстава да 75-годзьдзя вызваленьня Ўсходняй Эўропы ад нацызму накіраваная выключна на азнаямленьне баўгарскай грамадзкасьці з архіўнымі матэрыяламі з расейскіх архіваў. Многія з дакумэнтаў былі раней невядомыя або нядаўна рассакрэчаныя і гавораць аб вырашальнай ролі Чырвонай Арміі ў вызваленьні чалавецтва ад фашысцкай чумы... Выстава ня мае нічога агульнага зь сёньняшнім баўгарскім палітычным дыскурсам Мы крыху зьбянтэжаныя тым, што можна рабіць якія-небудзь афіцыйныя заявы да азнаямленьня з самой экспазыцыяй», — адказалі ў амбасадзе.
Расея — асноўны пастаўшчык энэргіі Баўгарыі.
Прыхільнікі былой камуністычнай партыі, другой па велічыні палітычнай фракцыі ў Баўгарыі, штогод адзначаюць 9 верасьня і ўскладаюць кветкі да помніка Савецкай Арміі ў цэнтры Сафіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы адзначаюць гадавіну пачатку Другой усясьветнай вайны. Прэзыдэнт Дуда выступіў з рэзкай прамовай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 малавядомых фактаў пра Другую ўсясьветную вайну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гітлер забіваў беларусаў, а з Масквы ішлі віншаваньні. Як выглядалі першыя дні вайны ў Беларусі