Найбуйнейшы фармацэўтычны холдынг «Аптэка Груп», якому належыць каля 200 аптэк па ўсёй Беларусі, набыў сетку «Клапатлівая аптэка». 61 аптэка пасьля рэканцэпту запрацуюць пад брэндамі «Добрыя лекі» і Adel, піша Tut.by са спасылкай на прэс-службу холдынга.
Большасьць далучаных аптэк увойдуць у сетку «Добрыя лекі». Іх абновяць і перазапусьцяць у найбліжэйшы час. Зьдзелку ініцыяваў прадавец, перамовы вяліся са студзеня 2019 году. Сума зьдзелкі не называецца. Пакупнік тлумачыць сваё рашэньне:
- плянамі паскоранага росту на рынку;
- жаданьнем узмацніць сацыяльную стратэгію па пашырэньню даступнасьці лекаў насельніцтву.
Паводле ўладальніка холдынгу «Аптэка Груп» Леаніда Томчына, працоўныя месцы ў выніку зьдзелкі захаваліся. Каля 300 фармацэўтаў і правізараў «Клапатлівай аптэкі» сталі супрацоўнікамі «Аптэка Груп».
Сетка «Клапатлівая аптэка» прадстаўлена 61 аптэкай ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.
Леанід Томчын займае 33-ю пазыцыю ў топ-200 уплывовых беларускіх бізнэсоўцаў, па вэрсіі ej.by.
У склад холдынгу «Аптэка груп» уваходзіць:
- каля 200 аптэк «Adel» і «Добрыя лекі»;
- мэдцэнтар у Віцебску;
- ІТ-кампанія «Софтфарм»;
- навукова-практычны часопіс «Аптекарь»;
- пастаўшчык лекаў і мэдычнай тэхнікі «ВітФармМаркет».
У красавіку 2019 году ў Беларусі працавала 3 205 аптэк, зь іх 59% належалі дзяржаве, пісаў БелаПАН.