Пра нацыяналізм у Эўропе, савецкасьць і «рускі мір» у Беларусі ды пра «мяккую беларусізацыю» Свабода гутарыць зь Пятром Рудкоўскім, кіраўніком Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.
Сьцісла
- Узмацненьне прасавецкіх і прарасейскіх сымпатый у Беларусі кампэнсуе слабую нацыянальную ідэнтычнасьць
- Нягледзячы на масавую сьвядомасьць, у беларускіх элітах ідзе «мяккая беларусізацыя»
- Нацыяналізм вярнуўся ў Эўропу ў якасьці выразнай палітычнай сілы
- Попыт на моцную нацыянальную ідэнтычнасьць у Нямеччыне раней быў маргіналізаваны
- Нацыяналістычная партыя «Права і справядлівасьць» у Польшчы абапіраецца на моладзь і пасьпяховую эканамічную палітыку
Беларускі прынцып кампэнсацыі
— Спадар Рудкоўскі, ваш тэкст, які вы апублікавалі на сайце Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), называецца «Нацыяналізм вяртаецца ў Эўропу. А ў Беларусь — рускі мір і савецкі кансэрватызм». Вы пішаце, што рускі мір вяртаецца ў Беларусь — зь якога часу, па-вашаму? Раней было менш рускага міру ў Беларусі? Ці гэта значыць, напрыклад, што ў 1990-х Беларусь была больш нацыяналістычная і менш рускамірская, чым цяпер?
— Вяртаньне «рускага міру» знаходзілася ў загалоўку. Загаловак служыць таму, каб прыцягнуць увагу, а не таму, каб фармуляваць канцэптуальныя тэзісы.
Што я пад гэтым разумею? Я разумею вяртаньне «рускага міру» ня столькі як вяртаньне палітычнай або грамадзкай сілы, колькі як працэсы, якія адбываюцца ў мэнтальнасьці беларусаў. Гэта значыць, узрастае сымпатыя для Расеі, для эўразійскай інтэграцыі на фоне падзеньня сымпатыяў для эўраінтэграцыі.
Другое: мы аддаляемся ад савецкай эпохі і, здавалася б, падтрымка для гэтай эпохі павінна быць меншая, але мы назіраем нешта дзіўнае. У 2009 годзе 12 адсоткаў бачыла ў БССР вытокі беларускай дзяржаўнасьці, цяпер, паводле апытаньняў 2018 году — 22 адсоткі. Інакш кажучы, савецкі кансэрватызм, прынамсі ў некаторых момантах, узмацняе свае пазыцыі.
Я тлумачу гэта тым, што спрацоўвае прынцып кампэнсацыі. У беларусаў слабая нацыянальная ідэнтычнасьць, але застаецца запатрабаваньне на калектыўную ідэнтычнасьць, калі такія наднацыянальныя ідэнтыфікатары, як савецкасьць, рускасьць, эўразійскасьць пачынаюць выконваць функцыю нацыянальнай ідэнтычнасьці.
— Савецкага Саюзу няма ўжо амаль тры дзесяцігодзьдзі. Людзям, якія жылі сьвядомым жыцьцём пры савецкай сыстэме, сёньня па 50–60 гадоў. Адкуль такі пазытыўны падыход да савецкасьці сярод маладзейшых?
— Тут у мяне два тлумачэньні, якія ўзаемна дапаўняюцца. Па-першае, гэта прынцып кампэнсацыі, пра які я ўжо сказаў. Па-другое, вырастае «пакаленьне Трашчанка». Што праўда, Трашчанок ня столькі прасоўваў савецкасьць, колькі дэмаскаваў тое, што ён называў «нацыянальным сэпаратызмам». На фоне гэтага маглі ўзмоцніцца савецкія сымпатыі.
Яшчэ адзін фактар — крымскія падзеі, у сувязі зь якімі беларусы занялі прапасейскую пазыцыю, нават мацнейшую, чым сам Лукашэнка. Узмацненьне пачуцьця рускасьці, савецкасьці ў Беларусі — як антытэзіс «ленінападу» і змаганьня з камуністычнай савецкай спадчынай ва Ўкраіне.
Шанцы для беларускасьці
— У такой сытуацыі, як вы бачыце шанцы беларускага нацыянальнага наратыву ў культурным і палітычным жыцьці краіны?
— У доўгатэрміновай пэрспэктыве шанцы ёсьць. Але трэба працаваць у напрамку будаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, бо калі не працаваць, то, як бачым, прыйдуць іншыя ідэнтычнасьці, якія нам не на руку.
— Калі вы кажаце пра доўгатэрміновую пэрспэктыву, то які пэрыяд часу маеце на ўвазе?
— Каб пераадолець інэрцыю ў сфэры адукацыі, патрэбны як мінімум тры, чатыры або і пяць гадоў. Гэта значыць, каб спыніць трэнд да русыфікацыі і дэбеларусізацыі.
Для таго, каб беларуская мова ўвайшла ў публічную сфэру, тут патрэбны 5–10 гадоў як мінімум.
Мяккая беларусізацыя сярод элітаў
— А ці заўважаеце вы, як сьцьвярджаюць некаторыя, гэтак званую «мяккую беларусізацыю» ў краіне апошнім часам?
— Я таксама зьяўляюся адным з пасьлядоўнікаў гэтага тэзісу наконт «мяккай беларусізацыі». Гэта можа падацца парадаксальным, што з аднаго боку я канстатую нарастаньне савецкага кансэрватызму і «рускага міру» ў масавай сьвядомасьці, а з другога гавару пра «мяккую беларусізацыю».
Але масавая сьвядомасьць — гэта адна справа, а іншая — тое, што дзеецца сярод элітаў, дзяржаўных і пазадзяржаўных. Сярод элітаў сапраўды назіраюцца спантанныя, тым ня менш выразныя крокі ў напрамку ўзмацненьня нацыянальнай ідэнтычнасьці. Што тычыцца дзяржаўнай палітыкі, дык найбольш гэта бачна ў выпадку гістарычнага наратыву.
— А калі я папрашу вас падаць канкрэтныя, бачныя прыклады такой «мяккай беларусізацыі», то што вы назавяце?
— Напрыклад, паўсюдная прысутнасьць у Менску і, наколькі ведаю, у абласных гарадах, білбордаў з «нацыяналізуючымі» мэсыджамі ці то наконт мовы, ці то наконт гістарычнай спадчыны. Я маю на ўвазе не савецкую спадчыну, а тую, укаранёную ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.
Або і такі прыклад: нядаўна галоўным ідэолягам краіны прызначаны чалавек «беларускамоўнага складу». Гэта, магчыма, гучыць дзіўнавата, але гэта чалавек, які ў сваёй працы актыўна выкарыстоўваў беларускую мову. У шэрагу момантаў, што тычыцца кадравай палітыкі, прасочваецца такі трэнд прасоўваньня людзей, якія сымпатызуюць беларусізацыі: міністар інфармацыі, міністар культуры, намесьнік міністра замежных справаў…
— А ці гэты трэнд відаць хоць крыху ў дзяржаўных СМІ?
— У параўнаньні з папярэдняй эпохай маем цяпер больш беларускамоўных праграмаў, час ад часу выходзяць па-беларуску навінавыя перадачы. Два гады таму Дзень ведаў праходзіў пад знакам Скарыны, зь вельмі моцным і выразным акцэнтам на беларускасьць, беларускамоўе і на нашу гістарычную спадчыну… Хоць, канешне, хацелася б жадаць лепшага.
«Без нацыяналізму нямецкая палітыка немагчымая»
— Вы таксама пішаце пра вяртаньне нацыяналізму ў Эўропу. Зь якога часу, па-вашаму, так адбываецца? Раней яго не было?
— Нацыяналізм, насамрэч, нікуды і не сыходзіў. Ён быў у пэўнай ступені маргіналізаваны ў якасьці палітычнай сілы. Гэта значыць, што мэйнстрымныя СМІ, мэйнстрымныя партыі плюс акадэмічны сьвет стараліся не заўважаць і маргіналізаваць гэтую зьяву.
Доўгі час была модная тэорыя постнацыяналізму, паводле якой гісторыя рухаецца ў напрамку пераадоленьня нацыянальных ідэнтычнасьцяў, Але тое, што цяпер адбываецца, гэта вяртаньне нацыяналізму ў якасьці выразнай палітычнай сілы.
Літаральна сёньня, пасьля добрага і пасьпяховага выбарчага працэсу, адзін зь лідэраў нацыяналістычнай Альтэрнатывы для Нямеччыны адзначыў: «Мы зьяўляемся той сілай, безь якой немагчымая нямецкая палітыка».
Нямецкі нацыяналізм мацнейшы на ўсходзе?
— Чаму пра такія сілы як Альтэрнатыва для Нямеччыны не было чуваць, напрыклад, у 1990-х?
— Так, Альтэрнатыва для Нямеччыны — зусім новая зьява, гэтая партыя зьявілася толькі ў 2013 годзе. Але яна ня ўзьнікла зь нічога — увесь час прысутнічаў попыт на нацыянальную ідэнтычнасьць, на ўзмацненьне нацыянальнай ідэнтычнасьці. Толькі што гэтыя галасы былі расьсеяныя, яны менш прысутнічалі на палітычнай сцэне.
— А чаму Альтэрнатыва для Нямеччыны мае такую моцную падтрымку ва ўсходняй Нямеччыне? Ёсьць нейкая сувязь паміж гэтай падтрымкай і тым, што ўсходняя Нямеччына была некалі ў ГДР і ў савецкай зоне ўплыву?
— Вялікага кантрасту паміж усходняй і заходняй часткамі Нямеччыны ў гэтым сэнсе няма, але гэта праўда, што яны карыстаюцца большай падтрымкай ва ўсходняй Нямеччыне. Гэта аналягічна, як «Права і справядлівасьць» у Польшчы — яны таксама карыстаюцца большай падтрымкай на ўсходзе краіны. Відаць, немцы, якія спазналі на сабе савецкі рэжым, яны больш цэняць групавую прыналежнасьць, нацыянальную прыналежнасьць.
Чаму палякі падтрымліваюць «Права і справядлівасьць»
— Чым вы тлумачыце папулярнасьць «Права і справядлівасьці» ў Польшчы і моцную падтрымку для гэтай партыі, якая захоўваецца па сёньня? Ці існуе нейкая сувязь паміж гэтай падтрымкай і тым, што Польшча лічыцца традыцыйна моцнай каталіцкай краінай?
— Тут зноў жа спрацаваў попыт на нацыянальную ідэнтычнасьць, прычым, спрацаваў сярод маладога пакаленьня. У значнай ступені якраз маладое пакаленьне было базай для «Права і справядлівасьці», гэтаксама як і для выйгрышу Анджэя Дуды на прэзыдэнцкіх выбарах. Але, як бачым, на гэтую пазыцыю «Права і справядлівасьць» працуе і эканамічны посьпех краіны. Выйгрыш «Права і справядлівасьці» ў 2015 г. можна яшчэ было прыпісаць фрустрацыі ці ўздыму нацыяналізму, але тое, што падтрымка для гэтай палітычнай сілы захоўваецца — гэта ўжо вынік і таго, што Польшча пасьпяхова разьвіваецца ў эканамічным пляне. Гэта значыць, што «Праву і справядлівасьці» ўдалося прыцягнуць да сябе цалкам прафэсійных, добрых і моцных эканамістаў.
Пётра Рудкоўскі - кандыдат (PhD) гуманітарных навук (Варшаўскі унівэрсытэт).
У мінулым выкладаў у Эўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня) і Унівэрсітэце Лазарскага (Варшава). Быў госьцем-выкладчыкам у Ягелёнскім, Варшаўскім, Уроцлаўскім, Беластоцкім унівэрсытэтах і Унівэрсітэце Адама Міцкевіча ў Познані.
Зьяўляецца аўтарам чатырох кніг і звыш 100 артыкулаў.
Дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS).