Анкета пасьля лета. Алена Васілевіч: «Калі б раптам у палату забег беларускі сабака, я б адразу ачуняла»

  • ВА

Пісьменьніца Алена Васілевіч, фота зь сямейнага архіву

У восеньскім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наша сёньняшняя рэспандэнтка — Алена Васілевіч.

Хто гэта

Найстарэйшая ў Беларусі, калі ня ў цэлым сьвеце, жанчына-пісьменьніца. Нарадзілася на Случчыне ў 1922 годзе. Друкуецца з 1947 году. Аўтарка дваццаці кніг аповесьцяў і апавяданьняў і некалькіх кніг для дзяцей. Ляўрэатка Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за тэтралёгію «Пачакай, затрымайся...». Жыве ў Менску.

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Было і яно. Але яно было, як бляск маланкі. Мільгнула — і зьнікла.

2. Які ваш найбольшы страх?

Няшчасьце з блізкімі людзьмі.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Па ўспамінах мае радні, мне было ня больш двух гадоў. Мае бацькі разьвяліся. Я сяджу ў кашульцы на ложку і гляджу на апранутага ў нешта цёмнае свайго бацьку, які стаіць ля дзьвярэй і трымаецца за клямку. Чую, як нядобра кажа бацька: «У гэтай хаце больш нагі маёй ня будзе!» Маму я ня бачу, я яе адчуваю. Яна сядзіць на лаве ля вакна і ня плача. Яна плача пазьней. Бацька заходзіць у нашу хату, калі я ўжо падрасла, з шыкоўнай лялькай Тамарай і цэлым пукам шаўковых рознакаляровых стужак-касьнікоў. І я хутчэй імкнуся тут жа ляцець на вуліцу хваліцца ўсім дзецям сваім багацьцем. А мама плача: «Няхай бы ён лепей прынёс паркалю дзіцяці на сукеначку»...

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Няўпэўненасьць, нерашучасьць.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

У іншых цэлы букет можна назваць: і сквапнасьць, і дурнота, і падхалімства, і прадажнасьць...

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Ці мала іх было!

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Каштоўнасьць жыцьця я вызначаю не па вазе рэчаў.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Навошта яны мне — тыя супэрздольнасьці? Быць выдатнай гаспадыняй і, вядома, лепш жаўруком, чым савой, мець памяркоўны характар, быць лепшай, чым я ёсьць...

9. Што робіць вас няшчаснай?

Няшчасьце маіх блізкіх — больш за ўсё.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Людзям лепш відаць.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Не куру, ня пʼю, ня лаюся брыдка... Можа, у гэтым мая «прыемная непрыемнасьць»?

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

У тых, каго ўжо няма. Віны многа, а дараваць ужо некаму...

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Саладзейшыя пацалункі ў жыцьці... («Мої брильянти в золотій оправі — мої діти». Уздыхаю ўсьлед за таленавітай украінскай паэткай з Чарнаўцоў, імя якой, на жаль, забыла.) Калі дзеці былі яшчэ малымі дзецьмі.


14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Яно таксама было не адно.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Мяняць давялося б вельмі многае. Лепш нічога не чапаць.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

Я б хацела пахадзіць па тых пералесках, якія даўно высечаны, па тых сьцежках, якія даўно пазарасталі травою.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Я была блізкаю да сьмерці ў час вайны ў 1942 годзе, калі ляжала ў Тоцкай (Арэнбурская вобласьць) бальніцы з «жэстачайшай» малярыяй, дзе не было ні балотаў, ні вады — кругом суш і вятрыска. Вакол мяне не было, так мне здавалася, ні хворых, ні тых, хто іх лечыць. І праз прычыненае вакно праглядала толькі шчылінка сіняга неба. Яно мне ўяўлялася нашым беларускім небам. Скрозь бяспамяцтва — жыцьцё і нежыцьцё — мне здавалася, што калі б раптам у палату забег беларускі сабака і я яго ўбачыла, я б адразу ачуняла.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Рэчы як рэчы самі па сабе значэньня ня маюць. Рэчы павінны мець душу.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Я не вымяраю сваё жыцьцё дасягненьнямі.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Ах, думкі, думкі...

21. Што вам запомнілася зь мінулага лета?

Чатырнаццаць апошніх гадоў я не была за парогам сваёй кватэры — аднойчы спатыкнулася і нядобра ўпала.

22. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Якая я была.