Упаўнаважаны па правах дзіцяці Масквы Яўгені Бунімовіч зьвярнуўся ў пракуратуру з просьбай праверыць дзеяньні паліцыянтаў, якія затрымалі муніцыпальнага дэпутата і журналіста Ілью Азара.
Паліцыянты прыйшлі ў кватэру да Азара ноччу 2 верасьня і адвезьлі бацьку ў аддзяленьне, пакінуўшы ў адкрытай кватэры яго сьпячую двухгадовую дачку. Гэта было зроблена нягледзячы на тое, што Азар неаднаразова прасіў адкласьці візыт у аддзяленьне на раніцу, а таксама прапаноўваў паліцыі пачакаць маці дзіцяці або зьвязацца з працаўнікамі сацыяльнай абароны.
«Яны маглі пачакаць маму альбо зьвязацца з сацабаронай. Яны ня зьвязваліся. Я тэлефанаваў — ні сацабарона, ні органы апекі нічога ня ведалі, — сказаў Бунімовіч „Інтэрфаксу“. — Калі гэта пацьвердзіцца, то трэба прыняць адпаведныя меры».
Маці дзіцяці, якая прыехала дахаты адразу пасьля званка журналіста, выявіла, паводле яе словаў, «адчыненыя дзьверы ў кватэру» і сьпячую дачку:
У паліцыі на Азара склалі пратакол аб паўторным парушэньні правілаў правядзеньня мітынгаў з прычыны ўдзелу ў акцыі апазыцыі 31 жніўня ў Маскве, але праз некалькі гадзін яго адпусьцілі.