Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала ініцыяваныя прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім зьмены ў Канстытуцыю аб скасаваньні дэпутацкай недатыкальнасьці. Цяпер гэта закон будзе накіраваны ў Канстытуцыйны суд для аналізу на адпаведнасьць Асноўнаму закону.
У першым чытаньні дакумэнт быў ухвалены ў ноч на 30 жніўня, на першым пасьля выбараў пасяджэньні новаабранай Вярхоўнай Рады. Нягледзячы на тое, што апазыцыя палічыла гэта парушэньнем рэглямэнту дзейнасьці парлямэнту, законапраект падтрымалі 373 з 404 зарэгістраваных у сэсійнай зале дэпутатаў. Адзіная фракцыя, якая не галасавала — «Апазыцыйная плятформа — «За жыцьцё!».
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, прадстаўляючы законапраект у парлямэнце:
«Я хачу зноў разьвеяць усе міты і ўсе палітычныя маніпуляцыі. У дэпутатаў застаецца індэмнітэт — яны ня будуць прыцягвацца да адказнасьці за палітычныя выказваньні, галасаваньні ці за якія-кольвек палітычныя рашэньні. Гаворка ідзе аб дазволе на прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці: калі дэпутат зьбівае чалавека альбо "крышуе" здабычу бурштыну ці робіць іншае крымінальнае злачынства, ён павінен быць прыцягнуты да адказнасьці. Гэта заканадаўчы орган дзяржаўнай улады, гэта парлямэнт, а не "маліна", дзе можна хавацца пад купалам цягам 5 гадоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё сапсаваў Зяленскі». Лукашэнка расказаў, чаму адмовіўся езьдзіць на працу на роварыПазьней дэпутаты таксама падтрымалі зьмены ў 106-ы артыкул Канстытуцыі, якія пашырылі паўнамоцтвы прэзыдэнта. Згодна з гэтымі ініцыятывамі, кіраўнік дзяржавы атрымаў права ствараць незалежныя рэгулюючыя органы, прызначаць і звальняць кіраўніцтва Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны і Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньня. Адпаведную ініцыятыву падтрымалі 282 дэпутаты (пры неабходных 226) з 402 зарэгістраваных у сэсійнай залі.
Цяпер гэтыя зьмены будуць накіраваныя ў Канстытуцыйны суд, а ў выпадку станоўчага заключэньня на адпаведнасьць Асноўнаму закону дэпутаты мусяць ухваліць іх паўторна канстытуцыйнай большасьцю галасоў — зьмены мусяць патрымаць ня менш як 300 парлямэнтароў.
Партыя Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народу» па выніках праведзеных у канцы чэрвеня выбараў мае 252 мандаты ў парлямэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьявіцца канкурэнт. Зяленскі даручыў легалізаваць ва Ўкраіне казіно