Лукашэнка сказаў старшаклясьнікам, што не абавязкова ісьці ў ІТ

Аляксандар Лукашэнка на адкрыцьці сярэдняй школы № 93 у Менску

Падчас наведваньня 2 верасьня лінейкі ў новай менскай школе №93 Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу міністру адукацыі, губэрнатарам і мэру Менску зрабіць захады, каб узмацніць парадак і дысцыпліну ў навучальных установах, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Пра ІТ-сфэру

«Што тычыцца ІТ, мы перажалі ў грамадзтве гэтую тэму. Усе хочуць быць айцішнікамі. Але ўсе вы ня будзеце айцішнікамі. У гэтай сфэры (я яе ствараў з нуля ў Беларусі і добра яе ведаю) ня ўсё так добра і цудоўна. Але галоўнае — ня ў кожнага да гэтага схільнасьці і здольнасьці», — папярэдзіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ня менш важныя і іншыя накірункі ў эканоміцы Беларусі, з дапамогай ІТ-сфэры ў Беларусі прасунуліся космас і атамная энэргетыка.

«Любы айцішнік пасьля працы куды ідзе? У краму. А там пакуль не ІТ, а селянін, працоўныя (адзеньне, абутак, прадукты). ІТ сёньня зьяўляецца добрым памочнікам — каб вытворчасьць была лепш, якасным быў тавар, таньней. Толькі ня стаўце перад сабой мэты: абавязкова ў ІТ. Вы проста будзеце перад сабой бачыць ілжывыя мэты».

Пра дысцыпліну

Паводле Лукашэнкі, дысцыпліна ў школах моцна ўпала.

«Школа — гэта храм. Туды трэба прыходзіць з чыстымі думкамі — вучыцца, а не пакурваць у прыбіральні і займацца незразумела чым», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Адказнымі за парадак у школах ён назваў настаўнікаў і кіраўніцтва школ.

На адкрыцьці школы № 93

Апроч таго, Лукашэнка даў дзецям парады, як тыя мусяць вучыцца ў школе:

«Калі вы хочаце быць канкурэнтнымі ў жыцьці, пры ўсёй складанасьці, нежаданьні часам вучыцца і цяжары адукацыі, трэба сябе прымусіць хаця б прыстойна скончыць школу і атрымаць веды. Мая вам парада (ня буду казаць: „Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца“): вазьміце максымум ведаў і вызначцеся, чым вы будзеце займацца пасьля школы».

Як адзначыў Лукашэнка, патрабаваньні да спэцыялістаў ва ўсіх сфэрах дзейнасьці настолькі павялічыліся, што бязь ведаў нельга ўладкавацца ні на прадпрыемства, ні ў калгас.

«Рабочы — гэта ўжо няпроста, гэта новая тэхніка, вельмі складаная. І гэта я асабліва добра бачу ў сельскай гаспадарцы. Калі раней тут мог працаваць той, хто нікому не патрэбен быў у прамысловасьці, дзе ўвогуле можна было — вілы, рыдлёўку ў рукі і працуй. Сёньня такія рабочыя ў сельскай гаспадарцы ўжо не патрэбныя», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі вучні праводзяць у школе і за хатнім заданьнем. Інфаграфіка

Пра аднолькавы абеды

У школе Лукашэнку паказалі асартымэнт блюд школьнага харчаваньня. Кіраўнік дзяржавы зьвярнуў увагу, што выбар прадуктаў павінен рабіцца на карысьць беларускай кухні. Пры гэтым, харчаваньне ўсіх дзяцей мусіць быць арганізавана ў роўных умовах.

Зараз школьнае харчаваньне аплочваюць бацькі, а дзецям са шматдзетных семʼяў гэтыя выдаткі цалкам кампэнсуе дзяржава. Абмежаваньне ў цэнах харчаваньня для вучняў са шматдзетных семʼяў прыводзіць да розьніцы ў рацыёне. Як правіла, школьнікам са шматдзетных семʼяў вылучаюць асобныя месцы, іх абеды адрозьніваюцца ад абедаў іншых вучняў.

«Дзеці павінны быць у роўных умовах. Ня ганьбіцеся», — сказаў Лукашэнка.