Горадзенскі фольк-панк гурт Dzieciuki прадставіў на TuzinFM трэці студыйны альбом. «Радыё Harodnia» яшчэ ня выдалі на CD, але ўсе песьні ўжо апублікавалі для бясплатнага праслухоўваньня.
Кружэлку хацелі выдаць яшчэ ў канцы мінулага году, але «альбом нараджаўся зь цяжкасьцямі», адзначае гурт.
«Затое мы мы не залежалі ад вонкавых абставінаў, — дадаюць Dzieciuki ў камэнтары TuzinFM. — Не прасілі ў нашых сяброў грошай з дапамогай краўдфандынгу, не пазычалі. Усё рабілі самі. Акрамя запісу бубнаў і майстэрынгу. Вопыту бракавала, таму ўсё замарудзілася».
У альбом увайшлі як новыя песьні, так і тыя, што ўжо гучалі раней, напрыклад песьня «Партызан», якую лідэр гурту Алесь Дзянісаў сьпяваў са сваім папярэднім праектам «Людзі на балоце»; песьня пра паўстаньне Каліноўскага, якую раней «забракаваў» для сольнага праекту Дзянісава як «занадта рамантычную» аўтар тэксту; песьня «Калі над лугам бусел праляцеў», на які ўжо зьняла кліп каманда з Бэрліну.
Беларускі гурт Dzieciuki быў заснаваны ў 2012 годзе ўдзельнікамі гуртоў «Кальян» і «Людзі на балоце», раней выдаў два альбомы: «Гарадзенскі гармідар» і «Рэха». Асноўная тэма песень — беларуская гісторыя, ад часоў Вітаўта і Давіда Гарадзенскага да антысавецкага супраціву сярэдзіны XX стагодзьдзя.
Пэўны час гурт быў у неафіцыйных «чорных сьпісах» уладаў, яго канцэрты неаднаразова забаранялі. Сольны праект вакаліста «Дзецюкоў» Алеся Дзянісава ўлады прызналі «нізкамастацкім», яго самаго штрафавалі за «экстрэмізм» у сацсетках.
Dzieciuki выступалі ў тым ліку на канцэртах #БНР100 і #БНР101.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе шукаць новую беларускую музыку. Спасылкі і ня толькі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 кліпаў «нізкага мастацкага ўзроўню». І нават нешта горшае. ВІДЭА 18+ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вы гэта чулі? ТЭСТ пра беларускія музычныя альбомы