Менгарвыканкам адказаў на запыт прадпрымальнікаў, якія прасілі вярнуць на вуліцы іх кіёскі для дробнага гандлю.
Лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка сказаў Свабодзе, што ва ўладаў не знайшлося «выразнага і аргумэнтаванага адказу, чаму кіёскі „Табакерка“ з цыгарэтамі ў Менску можна ставіць, а такія ж канструкцыяй кіёскі з шакалядкамі, чыпсамі, арэхамі, сокамі і вадой — нельга».
Затое Менгарвыканкам падрабязна тлумачыць, чаму на вуліцах неабходныя кіёскі «Табакерка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка надаў кампаніі ўладальніка «Табакерак» статус спэцімпартэра тытунёвай сыравіныМенскія ўлады пачалі барацьбу з кіёскамі дробных прадпрымальнікаў 15 гадоў таму, у выніку ўсе яны былі закрытыя. Пасьля гэтага, пішуць прадпрымальнікі ў лісьце да менскіх уладаў, нельга ўявіць «больш цынічнага кроку ад уладаў», чым дазвол кампаніі «Энэрга-Ойл» адкрыць тытунёвыя кіёскі ў Менску ў крокавай даступнасьці ад жылых дамоў.
Прадпрымальнікі прапанавалі, каб улады Менску вярнулі іхныя гандлёвыя пункты і арганізавалі «празрысты працэс разьмеркаваньня месцаў для кіёскаў».
Менгарывканам патлумачыў, што «пытаньні стварэньня спэцыялізаванай сеткі для продажу тытунёвых вырабаў у адпаведнасьці з інвэстыцыйнай дамовай каардынуюцца канцэрнам „Белдзяржхарчпрам“».
Дамова падпісана «на рэалізацыю інвэстыцыйнага праекту стварэньня недзяржаўнай спэцыялізаванай сеткі для рэалізацыі тытунёвых вырабаў».
Гэты праект прадугледжвае ня толькі ўстаноўку «Табакерак», а ўключае «шэраг іншых важных падсыстэм». Паводле Менгарвыканкаму, яны дазваляюць змагацца з кантрафактнай прадукцыяй на ўнутраным рынку, забясьпечваць гарантаваны збыт тытунёвых вырабаў дзяржаўнай тытунёвай фабрыкі і афіцыйных імпартэраў, абмежаваць продаж тытунёвых вырабаў і іхную даступнасьць непаўналетнім.
Цяпер ідзе «плянамерная праца» ўстаноўкі такіх нестацыянарных гандлёвых аб’ектаў. Менгарвыканкам патлумачыў, чаму прадпрымальнікі ня могуць паставіць свае кіёскі на вуліцах:
«У мэтах фармаваньня сталічнага ўзроўню гарадзкога асяродзьдзя і стварэньня камфортных умоў для абслуговага пэрсаналу, прадаўцоў і спажыўцоў, а таксама выкананьня санітарных нормаў і правілаў разьвіцьцё гандлёвай інфраструктуры гораду лічым мэтазгодным за кошт абʼектаў капітальнага будаўніцтва».
Анатоль Шумчанка сказаў Свабодзе, што на сустрэчы з праваахоўнымі органамі Аляксандар Лукашэнка казаў, што ў Беларусі няма «клясы алігархаў, якія руляць краінай».
«Калі ўсё так, як кажа кіраўнік краіны, то чаму адным можна (хто багацейшы і ўваходзіць ва ўладу), а іншым нельга ставіць кіёскі ў сталіцы», — кажа Анатоль Шумчанка.
У сьнежні 2017 году Аляксандар Лукашэнка даручыў бізнэсоўцу Аляксею Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках. Кіёскі «Табакерка», якія належаць кампаніі Алексіна «Энэрга Оіл», зьявіліся ў многіх гарадах Беларусі і выклікалі пратэсты людзей.
Супраць «Табакерак» выказаліся і ў Палаце прадстаўнікоў, але мясцовыя ўлады адмаўляюцца прыбіраць іх з вуліц. Менгарвыканкам забараніў ставіць «Табакеркі» у цэнтры гораду, але ў астатніх месцах дазволіў.
Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»
У кастрычніку 2018 году Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.
Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.
У сьнежні 2017-га Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.
Ад жніўня 2018 году «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».
«Энэрга-Оіл» — другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.
У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займаў 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў 2019 году. У ліку ягоных актываў былі беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.
Пасьля пагрозы ўвядзеньня санкцый супраць Аляксея Алексіна ў 2020 годзе ён выйшаў з складу ўласьнікаў «Энэрга-Ойл» і «Белнафтагазу». Асноўнымі акцыянэрамі «МТБанку» цяпер запісаныя ягоныя сыны Віталь і Дзьмітрый і іх маці Іна — яны валодаюць больш як 99% акцый банку.