Затрыманага ў Менску ўдзельніка маскоўскай акцыі пратэсту Мікіту Чырцова 30 жніўня на самалёце выслалі зь Беларусі. Яму забаранілі ўезд у краіну на 10 гадоў.
У маскоўскім аэрапорце ў яго праверылі дакумэнты, але не затрымалі, распавёў ён сайту «Медиазона».
22-гадовы Мікіта Чырцоў быў абвешчаны ў вышук расейскай паліцыяй за ўдзел у акцыі пратэсту 27 ліпеня каля маскоўскай мэрыі. Пасьля акцыі Чырцоў атрымаў штраф і аплаціў яго.
У беларускім МУС патлумачылі, што Чырцова вышлюць «у інтарэсах грамадзкага парадку».
Чырцоў распавёў, што прыехаў у Менск 3 жніўня адпачываць і пасяліўся ў гостэле. 28 жніўня да яго прыйшлі два міліцыянты і забралі ў пастарунак.
Супрацоўнікі міліцыі ў Беларусі ня ведалі, ці будуць сустракаць Чырцова ў маскоўскім аэрапорце, «яны некаму тэлефанавалі».
«Яны прынялі грошы, у мяне забралі крэдытную карту, я назваў пін-код. Я сядзеў у машыне, і супрацоўнікі [купілі квіток на самалёт]», — сказаў Чырцоў.
27 ліпеня ў Маскве прайшлі акцыі ў падтрымку незалежных кандыдатаў на выбарах у Маскоўскую гарадзкую думу. Пратэсты разагналі супрацоўнікі паліцыі і Расгвардыі. Былі затрыманыя амаль 1400 чалавек. Пасьля акцыі Сьледчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу аб масавых беспарадках у Маскве. Арыштавалі 13 чалавек.