Паміж Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам прайшла тэлефонная размова, паведаміла прэс-служба Лукашэнкі раніцай 30 жніўня. Калі менавіта адбылася размова і з чыёй ініцыятывы, не ўдакладняецца.
Лукашэнка і Пуцін, паводле беларускага боку, «абмеркавалі бягучы парадак дня і разьвіцьцё двухбаковых стасункаў, у тым ліку працу над рэалізацыяй дамоўленасьцяў, дасягнутых у ходзе папярэдніх асабістых сустрэчаў», а таксама «абмяняліся думкамі аб міжнародных пытаньнях».
Абноўлена. На сайце Крамля паведамляецца толькі, што ў размове Пуцін «цёпла павіншаваў» Лукашэнку з 65-годзьдзем. Пазьней на сайце расейскага ўраду зьявілася паведамленьне пра тое, што Лукашэнку павіншаваў па тэлефоне і прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў — яны таксама закранулі «асобныя пытаньні двухбаковай і міжнароднай павесткі дня».
Іншыя падрабязнасьці размовы не публікуюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незалежнасьць, перамовы пра санкцыі і «Яма» — з чым прыяжджаў у Менск БолтанУладзімір Пуцін 30 жніўня таксама «накіраваў віншавальную тэлеграму» Лукашэнку з нагоды 65-годзьдзя, паведамляецца на сайце Крамля. У віншаваньні Пуцін адзначыў «вялікі асабісты ўнёсак» Лукашэнкі ў разьвіцьцё «дружалюбных і саюзьніцкіх дачыненьняў» паміж Расеяй і Беларусьсю і выказаў упэўненасьць, што «рэалізацыя дамоўленасьцяў, дасягнутых нядаўна ў Санкт-Пецярбургу, будзе спрыяць далейшаму ўмацаваньню Саюзнай дзяржавы (Расеі і Беларусі — РС), нарошчваньню прадуктыўнага расейска-беларускага ўзаемадзеяньня».
Напярэдадні 29 жніўня Лукашэнка сустрэўся з дарадцам прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джонам Болтанам.
Абноўлена. Прэс-сакратар Пуціна заявіў ТАСС, што Лукашэнка і Пуцін не абмяркоўвалі візыт Болтана.
Расея яшчэ 28 жніўня чакала ад Беларусі праграму інтэграцыі, але ці атрымала, невядома.
27 жніўня Лукашэнка вырашыў ня ехаць у Польшчу на афіцыйныя захады у гадавіну пачатку Другой усясьветнай вайны — МЗС Беларусі ўскосна зьвязала гэта з тым, што ў Польшчу не запрасілі прадстаўнікоў Расеі, Казахстану і краінаў Сярэдняй Азіі; у Расеі такую пазыцыю пахвалілі.