Можна доўга спрачацца, ці мусіць школа займацца толькі прадметным навучаньнем альбо павінна таксама выхоўваць дзяцей, але калі ў школьную праграму плянуюць увесьці факультатыў пра прафэсіі, зьвязаныя зь бясьпекай дзяржавы, у мяне ўзьнікае адчуваньне, што ў адвечную спрэчку дадаецца трэцяе пытаньне: ці мусіць школа выхоўваць вайскоўцаў?
Сьцісла
- Гэты факультатыў нібыта патрэбны для таго, каб рыхтаваць моладзь для службы ў войску.
- Дзяржава ставіць перад сабой мэту ўсімі праўдамі і няпраўдамі зацягнуць у войска ўсіх хлопцаў, пры гэтым не цікавіцца тым, што сярод дзяўчат могуць быць тыя, хто хоча пайсьці на службу.
- Адкуль у мірнай эўрапейскай краіне ў 21 стагоддзі такая зацыкленасьць на войску, што да яго зьбіраюцца паўсюдна рыхтаваць яшчэ ў школе?
І праблема, безумоўна, ня столькі ў самім факультатыве, колькі ў агульным кантэксьце. Я нічога ня маю супраць такога падыходу, у межах якога школа становіцца прасторай і для шматлікіх факультатыўных актыўнасьцяў, але што на самой справе прапаноўвае беларуская сыстэма сярэдняй адукацыі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта дашкольнікам сэкс-адукацыя«У далейшым плянуецца арганізаваць навучаньне вучняў 8-9 клясаў па навучальнай праграме факультатыўных заняткаў "Школа юных абаронцаў Айчыны" з мэтай азнаямленьня з прафэсіямі, зьвязанымі з забясьпечваньнем бясьпекі дзяржавы» — так БЕЛТА цытуе Міністэрства абароны. Гэты факультатыў нібыта патрэбны для таго, каб рыхтаваць моладзь для службы ў войску.
Пры гэтым зусім не заўважна, каб нейкія дзяржаўныя органы былі зацікаўлены ў падрыхтоўцы моладзі да рэальных выклікаў дарослага жыцьця. Псыхалягічныя факультатывы ў школах — гэта выключэньне з правіла, мэдычную падрыхтоўку праводзяць толькі для дзяўчат, а да зьместу гэтых заняткаў ёсьць шмат пытаньняў, на ўроках працы клясы падзяляюць на мужчынскую і жаночую часткі і вучаць дзяцей навыкам, большасьць зь якіх ніколі не прыдасца ім у рэальным жыцьці, сэксуальнай асьветы ў школах папросту няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэкспрасьвет па-беларуску: «прыборка памяшканьня» замест прэзэрватываўТаксама навіна пра новы школьны факультатыў выглядае асабліва спэцыфічна на фоне нядаўняга так званага закона аб адтэрміноўках. Складваецца ўражаньне, што дзяржава ставіць перад сабой мэту ўсімі праўдамі і няпраўдамі зацягнуць у войска ўсіх хлопцаў (нягледзячы на тое, ці жадаюць яны служыць) і пры гэтым увогуле не цікавіцца тым, што сярод дзяўчат могуць быць тыя, хто хоча пайсьці на службу.
Міністэрства абароны ня кажа наўпрост, ці будзе новы факультатыў толькі для хлопцаў ці для ўсіх, але лягічна дапускаць, што тыя актыўнасьці, якія будуць накіраваны на папулярызацыю службы ў войску, будуць стварацца для хлопцаў, пакуль ня зьменіцца адпаведнае заканадаўства. Пакуль жа да яго зьмяненьня няма аніякіх перадумоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны хоча, каб ваенрукі кіравалі школамі?Па-першае, падыход да арганізацыі вайсковай службы, у якім у войска ідуць паводле полу, а не паводле жаданьня, кепска адбіваецца на самім войску. Гэта ж відавочна, што матываваныя людзі спраўляюцца са сваёй працай лепш за тых, хто робіць гэта пад прымусам. Па-другое, узьнікае пытаньне, адкуль увогуле ў мірнай эўрапейскай краіне ў 21 стагоддзі такая зацыкленасьць на войску, што да яго зьбіраюцца паўсюдна рыхтаваць яшчэ ў школе? Няўжо гэта праўда тое, чаго не хапае ў сучаснай школьнай сыстэме?
І давайце будзем шчырымі: падпарадкоўвацца і выконваць каманды наша школа і так добра ўмее — дастаткова паглядзець на статыстыку ўступленьня ў БРСМ і выпісваньня газэты «Юны ратаўнік». Уводзіць асобны факультатыў для паляпшэньня гэтых навыкаў зусім не абавязкова.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.