Затрыманыя Расеяй грамадзяне Ўкраіны, у ліку якіх палонныя маракі і рэжысэр Алег Сянцоў, вяртаюцца ва Ўкраіну пасьля абмену палоннымі з Расеяй, гаворыцца ў камэнтары, разьмешчаным на Facebook 30 жніўня генэральным пракурорам Украіны.
Перамовы яшчэ трываюць, — офіс Зяленскага і СБУ
Афіцыйных пацьверджаньняў факту абмену не было. Паводле зьвестак украінскай службы Свабоды, абмен адкладаецца на наступны тыдзень.
Офіс прэзыдэнта Ўкраіны апублікаваў на Facebook паведамленьне з пацьверджаньнем таго, што працэс ідзе, але зьняпраўджаньнем таго, што ён завершаны:
«Працэс узаемнага вызваленьня затрыманых працягваецца, — гаворыцца ў паведамленьні офісу Ўладзіміра Зяленскага. — Інфармацыя пра завяршэньне не адпавядае рэчаіснасьці. Мы не ўпершыню сустракаем інфармацыйны хаос, выкліканы спасылкамі на непацьверджаную інфармацыю і шматлікія „крыніцы“. Мы заклікаем зразумець наступствы дэзынфармацыі: гэта гульня з эмоцыямі грамадзтва. Пасьля завяршэньня ўзаемнага вызваленьня затрыманых Офіс прэзыдэнта паведаміць пра гэта афіцыйнымі каналамі».
Афіцыйная прадстаўніца Службы бясьпекі Ўкраіны на Facebook заклікала «набрацца цярплівасьці», бо «складаны працэс перамоваў пра абмен палоннымі трывае». Яна таксама заклікала «не распаўсюджваць непраўдзівую інфармацыю» і «трымаць кулакі».
Што кажуць пра абмен палоннымі
Сярод вызваленых, паводле неафіцыйных зьвестак, 24 украінскія маракі, захопленыя ў Чорным моры ў лістападзе летась; кінарэжысэр Алег Сянцоў, асуджаны ў Расеі на 20 гадоў турмы за «тэрарызм»; Павел Грыб, выкрадзены ў Беларусі ў 2017 годзе, а таксама Мікалай Карпюк, Уладзімір Балух і іншыя.
Карэспандэнту «Крым.Реалии» ўдалося пагаварыць са сваякамі аднаго з маракоў. Ім паведамілі, што «маракі ўжо ва Ўкраіне». Яны выехалі ў Кіеў, але адзін з родзічаў пазьней расказаў, што разьвярнуліся:
«Мы проста паддаліся эмоцыям і кінуліся ў Кіеў. Нам сказалі ў офісе ўкраінскага амбудсмэна, і ня толькі там, чакаць афіцыйнага тэлефанаваньня».
Пацьверджаньня інфармацыі пра вызваленьне няма.
Пра пачатак абмену ў ноч на 30 жніўня паведаміла на Facebook супрацоўніца Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ганна Ісламава. Ейны запіс на сваёй старонцы разьмясьціў і новы генэральны пракурор Украіны Руслан Рабашапка.
Расейскія ўлады не паведамілі, на каго з расейцаў абмянялі ўкраінскіх зьняволеных. Мяркуецца, адным зь іх можа быць галоўны рэдактар «РИА Новости Украина» Кірыл Вышынскі, раней вызвалены з-пад варты судом у Кіеве.
Аб плянах Расеі і Ўкраіны правесьці абмен вязьнямі стала вядома ў сярэдзіне жніўня. Паведамленьні пра гэта зьявіліся пасьля таго, як пяцёх украінцаў, якія атрымалі тэрміны ў Расеі, перавялі з калёніяў у маскоўскі СІЗА «Лефортово».
Паводле розных зьвестак, Масква і Кіеў зьбіраліся перадаць адно аднаму па 33 або па 35 чалавек.
Масква і Кіеў афіцыйна пацьвердзілі перамовы што да абмену, але не ўдакладнялі, ці пасьпяхова яны ідуць. Паведамленьне аб пераводзе Алега Сянцова з калёніі ў горадзе Лабытнангі ў «Лефортово» зьявіліся толькі ў чацьвер, напярэдадні абмену.
Ці абмен будзе 3 верасьня?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абмен затрыманымі паміж Украінай і Расеяй адкладаецца да наступнага тыдня, — крыніцы Радыё СвабодаЗатрыманыя ва Ўкраіне грамадзяне Расеі, якія рыхтуюцца да абмену, на раніцу 30 жніўня застаюцца ў сьледчым ізалятары, піша расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС са спасылкай на іхнага адваката, расейскага юрыста Валянціна Рыбіна.
«Украінскія палонныя сядзяць на базе і ў СІЗА. Мне пакуль не вядома, што яны сёньня наагул рухаюцца на абмен», — паведаміў Рыбін. Паводле яго, абмен, імаверна, адбудзецца ў аўторак, 3 верасьня.
Раней юрыст заяўляў, што 12 грамадзянаў Расеі могуць удзельнічаць у абмене з украінскага боку. Расейскі бок лічыць Максіма Адзінцова і Аляксандра Баранава сваімі грамадзянамі, а Ўкраіна лічыць іх сваімі — вайскоўцамі, якія здрадзілі ў 2014 годзе падчас акупацыі паўвострава. Сярод магчымых удзельнікаў абмену юрыст таксама назваў Яўгенія Мефёдава, Ігара Кімакоўскага і Руслана Беджыева.