«Тутэйшыя», «Кароль Лір», «Мой Шагал», «Колеры Беларусі» — Купалаўскі адкрывае 100-ы сэзон. ФОТА

Купалаўскі тэатар

Купалаўскі тэатар да свайго 100-годзьдзя верне Малую сцэну на вуліцы Энгельса, 12, адновіць легендарныя пастаноўкі — «Тутэйшыя» і «Ідылію», паставіць «Караля Ліра» і плястычны спэктакль «Мой Шагал». А вось «Блатных і фраераў» па Сяргею Пясецкаму пакуль ня будзе, бо няма якаснай інсцэніроўкі.

3 верасьня Купалаўскі тэатар адкрывае свой 100-ы сэзон, а ў 2020-м адзначыць 100-годзьдзе ад моманту ўтварэньня. Традыцыйна спэктаклем адкрыцьця стане легендарная «Паўлінка», якая ідзе на галоўнай сцэне ўжо 75 гадоў — упершыню яна была пастаўлена ў эвакуацыі ў Томску ў 1944-м.

«Гэта ўнікальны спэктакль, які ніколі не мяняўся. Мы яго захоўваем, гэта „музэйны“ спэктакль. Наш народны артыст Арнольд Памазан падлічыў, што ў „Паўлінцы“ ў ролі пана Быкоўскага ён выходзіў на сцэну 1000 разоў», — кажа мастацкі кіраўнік тэатру Мікалай Пінігін.

Кіраўніцтва Нацыянальнага акадэмічнага тэатру расказала пра адметнасьці і навінкі 100-га сэзону.

Павал Латушка паабяцаў вярнуць Купалаўскаму Малую сцэну

Дырэктар Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы Павал Латушка падкрэсьліў, што галоўным для калектыву па-ранейшаму будуць захаваньне беларускасьці, дзяржаўнасьці і незалежнасьці.

«Галоўнай для нас будзе асоба. Асоба, якая стварае тэатар, і асоба, якая наведвае тэатар, каб пазнаць таямніцу мастацтва. Стратэгічныя мэты дзейнасьці тэатру акрэсьленыя яшчэ 100 гадоў таму. Гэта ўмацаваньне беларускасьці, беларускага слова, беларускай літаратуры і драматургіі, беларускай дзяржаўнасьці і незалежнасьці», — кажа Павал Латушка.

Павал Латушка

Купалаўскі будзе пашыраць сваю тэатральную прастору. Акрамя Асноўнай сцэны, Камэрнай залі і сцэны Дома афіцэраў зьявіцца і новая пляцоўка. Купалаўскі верне сабе Малую сцэну па вуліцы Энгельса, 12. Праекты ўжо перададзеныя на ўзгадненьне ў Менгарвыканкам. Мяркуецца, што ў сьнежні пачнецца рамонт, і Малая сцэна адкрыецца ў 2020-м.

«Перадусім яна будзе выкарыстоўвацца як для пастаноўкі новых спэктакляў, так і для правядзеньня музычных вечароў, канцэртаў, паказаў мастацкага і дакумэнтальнага кіно. Там будзе разьмешчана галерэя сучаснага мастацтва», — кажа дырэктар тэатру Павал Латушка.

Тэатар будзе пашыраць прастору і праз гастрольную дзейнасьць. Бліжэйшыя маршруты — 31 жніўня Слонім, затым Гомель, Берасьце, Горадня. 29 верасьня ў Беластоку пакажуць «Пінскую шляхту». А 5–6 сьнежня ў Парыжы пакажуць «Ураджай». Купалаўскі вядзе перамовы з тэатрамі Варшавы, Любліна, Кіева, Мадрыда, Вільні, Вены, Масквы, Санкт-Пецярбургу.

Мікалай Пінігін: «Мяне прымусілі зноў паставіць „Тутэйшых. Я не хацеў...“

У 100-м тэатральным сэзоне на сцэне Купалаўскага зноў будзе пастаўлены легендарны спэктакль Тутэйшыя», кажа мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру Мікалай Пінігін.

«Напрыканцы сэзону, у чэрвені я вымушаны паставіць спэктакль „Тутэйшыя“. Мяне прымусілі гэта зрабіць. Я не хацеў гэта рабіць, гэта быў легендарны спэктакль не таму, што мы яго добра зрабілі, а таму, што мы паставілі забароненую купалаўскую п’есу. У 1926 годзе яе зьнялі з рэпэртуару, і да 1991 году яна была забароненая. Уявіце сабе! Мяне шмат людзей прасілі гэта зрабіць. На жаль, ужо бяз тых артыстаў, якіх няма з намі. Але гэтай пастаноўкай мы закрыем соты сэзон Купалаўскага», — кажа спадар Пінігін.

Амаль уся мужчынская трупа Купалаўскага тэатру будзе занятая ў «Каралю Ліру». Галоўную ролю выканае народны артыст Беларусі Віктар Манаеў.

На галоўнай сцэне ў студзені 2020 году прадставіць пастаноўку плястычнага спэктакля «Мой Шагал» вядомы расейскі рэжысэр Сяргей Зямлянскі.

Мікалай Пінігін таксама плянуе аднавіць і знакамітую «Ідылію» паводле Дуніна-Марцінкевіча.

«Блатных і фраераў» паводле Сяргея Пясецкага пакуль ня будзе

Анансаванага раней спэктакля па кнізе Сяргея Пясецкага «Яблычак» пакуль ня будзе, бо няма якаснай інсцэніроўкі.

«Я вельмі даўно, яшчэ па-польску чытаў Пясецкага і вельмі яго люблю. А гэта дакладна наш аўтар. Праблема толькі ў адным. Я ўжо трэцяму чалавеку замовіў напісаць інсцэніроўку. У двух не атрымалася. А я сам не пішу. Вось кіно па любой кнізе адразу можна здымаць. Там усё лёгка. А тэатар — гэта іншае. Пакуль няма якаснай п’есы, я ня буду за гэта брацца», — кажа Пінігін.

Ён дадаў, што спэктакль будзе называцца «Блатныя і фраеры», бо «Яблычак» — ня «касавая» назва.

Падзеі ў рамане разгортваюцца ў часы абвяшчэньня БНР, вясною 1918 году, калі Першая ўсясьветная вайна ператварыла Менск у прыфрантавы горад, куды з усіх канцоў Эўропы і былой Расейскай імпэрыі сьцягнуліся зладзеі, прастытуткі і махляры. Каштоўнасьць кнігі менавіта ў тым, што яна напісаная сьведкам і ўдзельнікам тых падзей, знаўцам зладзейскіх парадкаў і звычаяў.

«Для тых, хто ня ведае: фраеры — гэта вы ўсе, а блатныя — гэта толькі зладзеі. Ну, а потым гэта Менск 1918 году, ідыш, габрэйская мова і феня. А феня паўстала зь ідышу. Усе словы зь фені — гэта ідыш. У гэтым тэатры ў 1920-я працавала габрэйская трупа, яны гралі на ідышы. Дарэчы, само слова „феня“ ў перакладзе азначае „спосаб“ — спосаб, каб цябе не зразумелі», — тлумачыць Мікалай Пінігін.

Раман Падаляка абяцае паставіць спэктакль па творах Міхала Анемпадыстава

Актор і рэжысэр Раман Падаляка, які летась паставіў на Камэрнай сцэне «Радзіва Прудок» па дзёньніках былога дворніка Купалаўскага тэатру Андрэя Горвата, расказаў пра тое, як спэктакль успрымалі на Палесьсі, на гастролях у Каленкавічах, Гомлі, Берасьці, Пінску, дзе зусім іншая публіка.

Раман Падаляка

«Праект, які мы зрабілі, камэрны спэктакль „Радзіва Прудок“ — выстраліў. Людзі прасілі застацца яшчэ на дзень. Пасьля спэктакля перакрывалі мы заслону, выходзіць на сцэну жанчына. Ну ўсё, падумаў я, не спадабаўся спэктакль. А яна кажа: „Пачакайце крыху, я зараз кветкі і пэрсікі акторам прынясу“. Гэта паказальнік таго, што мы рухаемся ў правільным кірунку», — кажа Раман Падаляка.

Малады рэжысэр паскардзіўся, што мала сучаснай беларускай драматургіі, таму ён будзе зьвяртацца да цікавай літаратуры. Паабяцаў, што будуць і новыя пастаноўкі па творах Віктара Марціновіча, Альгерда Бахарэвіча і, магчыма, Сьвятланы Алексіевіч. У плянах таксама і спэктакль пад умоўнай назвай «Колеры Беларусі».

«Мне хацелася б зрабіць кампазыцыю па творах Міхала Анэмпадыстава. Я хацеў бы зрабіць спэктакль „Колеры Беларусі“, які аб’яднаў бы яго вершы, яго карціны, яго песьні, успаміны пра яго», — падзяліўся плянамі Раман Падаляка.

VOKA пакажа відэатрансьляцыі 11 спэктакляў. Пачнуць з «Радзіва «Прудок»

Генэральным партнэрам 100-га сэзона Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы выступіць кампанія А1.

Адным з адметных сумесных праектаў да юбілею Купалаўскага стане бясплатная прамая трансьляцыя на відэасэрвісе VOKA знакавых спэктакляў Раз на месяц іх можна будзе паглядзець зь любой прылады і ў сетцы любога апэратара сувязі пасьля аўтарызацыі па нумары тэлефона. Усяго заплянавана 11 паказаў.

Павал Латушка і Антон Бладзік

«Відэатрансьляцыі спэктакляў — сучасны фармат, якія карыстаецца вялікім попытам у аматараў тэатра па ўсім сьвеце. Шматкамэрная мастацкая здымка ў Full HD дазваляе максымальна паглыбляцца ў атмасфэру спэктакля, а новыя ракурсы дапамагаюць інакш зірнуць на пастаноўку. Да таго ж, такі фармат дазваляе пабачыць спэктакль у любой кропцы Беларусі, што асабліва каштоўна для жыхароў рэгіёнаў», — адзначыў намесьнік генэральнага дырэктара кампаніі А1 па лічбавых плятформах і кантэньце Антон Бладзік.

Першым ў відэатрансьляцыі 21 верасьня пакажуць спэктакль «Радзіва «Прудок», створаны Раманам Падалякам па кнізе Андрэя Горвата.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра Купалаўскі тэатар, які адкрывае 100-ы сэзон