2 гадзіны 15 хвілінаў працягвалася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з дарадцам прэзыдэнта Трампа па нацыянальнай бясьпецы.
Вітаючы Болтана, Аляксандар Лукашэнка сказаў:
«Нягледзячы на ўсю шуміху вакол вашай паездкі, тут шмат пазытыўнага, асабліва для Беларусі. Пазытыўнае ў тым, што мы ўвесь час з моманту пагаршэньня нашых стасункаў з ЗША прапаноўвалі загарнуць гэтую нядобрую старонку і пачаць нашыя стасункі з новай старонкі».
Аляксандар Лукашэнка назваў візыт гістарычным. І прапанаваў «шчыра і па-сяброўску» абмеркаваць усе пытаньні дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЗША, «няхай яны будуць непрыемныя для Беларусі», — удакладніў Лукашэнка, абяцаючы, што ён будзе шчырым у ацэнцы пазыцыі ЗША.
«Гэта дазволіць стварыць базу на будучыню, якая павінна быць паміж намі», — сказаў Лукашэнка.
Болтан, адказваючы на вітальныя словы Аляксандра Лукашэнкі, падкрэсьліў, што для амэрыканскага боку важныя «пытаньні правоў чалавека, нераспаўсюджваньня зброі».
«Я згодны, што мы павінны быць шчырыя па гэтых тэмах і знойдзем супольную мову, — сказаў Болтан. — Гісторыя не стаіць на месцы. Прайшло шмат часу з моманту распаду СССР, геапалітычная сытуацыя зьмянілася і мяняецца нават падчас нашай размовы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца прэзыдэнта ЗША наведаў мэмарыял «Яма» ў Менску. ФАТАФАКТ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што супернікі Лукашэнкі сказалі б Джону Болтану. Але такой магчымасьці ў іх ня будзе