Чыноўнікі перадумалі закрываць 10 клясу ў магілёўскай школе. Пасьля розгаласу

Набор у 10 клясу магілёўскай сярэдняй школы № 9 скасавала кіраўніцтва ўстановы, але 29 жніўня бацькам сталі паведамляць пра зьмену сытуацыі.

Пасьля публікацыяў у мэдыя пра тое, што кіраўніцтва магілёўскай сярэдняй школы № 9 адмаўляецца набіраць вучняў у 10 клясу, яе 29 жніўня наведалі чыноўнікі з гарадзкога і абласнога ўпраўленьняў адукацыі. Паводле бацькоў, прыяжджаў у школу і старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Леанід Заяц.

Неўзабаве пасьля нарады ў школе бацькам, у якіх адмаўляліся прымаць заявы альбо настойліва прасілі іх забраць дакумэнты са школы, пачалі тэлефанаваць прадстаўнікі яе адміністрацыі і запрашаць на школьную лінейку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У сувязі зь нерэнтабэльнасьцю». У магілёўскай школе скасавалі набор у 10 клясу за некалькі дзён да 1 верасьня

Бацькі: «Бяз розгаласу ў СМІ свайго б мы не дамагліся»

Са школы патэлефанавалі і сям’і Цітаўцовых, якія былі сярод найбольш актыўных абаронцаў клясы. Яны адмаўляліся забіраць дакумэнты, на чым настойваў дырэктар. Паводле бацькоў, кіраўнік навучальнай установы пагражаў выслаць дакумэнты поштай, калі самі не забяруць.

«Нам сёньня (29 жніўня) паведамілі, што кляса будзе працаваць і нас будуць радыя бачыць на лінейцы 2 верасьня а 10-ай раніцы», — кажа Сяргей Цітаўцоў і дадае, што бяз розгаласу ў СМІ дамагчыся свайго бацькам не ўдалося б.


«Сацыяльная напружанасьць нікому не патрэбная»

У галоўным упраўленьні адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму паведамілі, што сытуацыя ў школе разьвязваецца на карысьць людзей і «сацыяльная напружанасьць нікому не патрэбная».

29 жніўня на базе 9-й школы адбыўся сход, на якім абмяркоўвалі будучыню 10 клясы. Бацькоў дзяцей, якія ўжо забралі заявы са школы, паінфармавалі пра магчымасьць далейшага навучаньня ў ёй.

Ва ўпраўленьні адзначылі, што «на гэты момант» у дырэктара тры заявы ад бацькоў, якія маюць намер надалей вучыцца ў дзясятай клясе. Паводле бацькоў, дзявятыя клясы ў 9-й школе скончылі больш за 20 дзяцей.


У клясе будзе прынамсі адна вучаніца з праблемамі слыху

9-я школа — адзіная ў Магілёве навучальная ўстанова, дзе ў інтэграваных клясах вучацца дзеці з праблемамі слыху. Паводле Сяргея Цітаўцова, у беларускай клясе будзе вучыцца дзяўчынка з такімі асаблівасьцямі. Яе бацькі таксама не забіралі заявы са школы.


Чаму не хацелі набіраць клясу?

Бацькі сьцьвярджаюць, што рашэньне пра скасаваньне набору ў 10 клясу прыняў дырэктар школы Аляксандар Сёмачкін. Ён, нібыта, у прыватных гутарках заяўляў, што разам з бухгальтарам і эканамістам «прыняў унутранае рашэньне аб нерэнтабэльнасьці 10 клясы, бо ў ёй хочуць вучыцца толькі 10 чалавек».

Журналістам кіраўнік навучальнай установы тлумачыць сваю пазыцыю не пажадаў без дазволу гарадзкога ўпраўленьня адукацыі.

У самім упраўленьні 28 жніўня заяўлялі, што «ў сытуацыі разабраліся», і настойвалі: «Ніхто нікога не пазбаўляе права на адукацыю. Будуць вучыцца там, дзе выбралі».

Пазьней бацькі сказалі Свабодзе, што ва ўпраўленьні адукацыі ім прызналіся: 10 клясы ў сярэдняй школе № 9 ня будзе. Гэта нібыта зацьвердзяць на нарадзе, прысьвечанай пачатку навучальнага году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З 7 баламі ідуць у аграрыі. А потым каровы ў гнаі» — экс-чыноўнік тлумачыць, што з адукацыяй ня так

Школу ўжо хацелі былі закрываць, але тады бацькі яе абаранілі

Школа № 9 — непадалёк ад Ленінскага райвыканкаму, на ўскрайку мікрараёну Юбілейны. Ад яе да гарадзкога цэнтру пешшу 15 хвілін. Гэта адзіная ў горадзе навучальная ўстанова, дзе ў інтэграваных клясах вучацца дзеці з праблемамі слыху. Аднак у 10 клясе такіх вучняў няма.

У канцы 2018 году ў школу хадзілі менш за 300 вучняў, хоць разьлічана яна на 970. Сёлета яе хацелі закрыць, а на яе базе адкрыць музычную школу. Бацькі выступілі супраць і дамагліся, каб засталося як было. У тым, што школа ня будзе рэарганізаваная, бацькоў запэўнілі на сходзе 14 траўня чыноўнікі з аблвыканкаму і гарвыканкаму. Свае гарантыі даваў бацькам і памочнік Лукашэнкі Міхаіл Русы.

Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН