МЗС Беларусі папрасіла «не займацца кансьпіралёгіяй» наконт таго, што Лукашэнка не паедзе ў Польшчу

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, архіўнае фота

На брыфінгу 29 жніўня прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі агучыў афіцыйную пазыцыю што да прадстаўніцтва Беларусі на афіцыйных захадах у гадавіну пачатку Другой усясьветнай вайны, якія пройдуць у Варшаве 1 верасьня.

Раней туды запрашалі асабіста Аляксандра Лукашэнку, але ён не паедзе — Беларусь прадставіць амбасадар Уладзімер Чушаў.

«Тут ня трэба займацца кансьпіралёгіяй, — сказаў Глаз 29 жніўня наконт таго, што Лукашэнка не паедзе ў Польшчу. — Мы, безумоўна, удзячныя польскаму боку за запрашэньне. Але тэма Другой усясьветнай, Вялікай Айчыннай войнаў для нас сьвятая, і да яе ў нас заўсёды быў і застаецца празрысты і выразны падыход.

Яшчэ раз падкрэсьлю, што ўсе без выключэньня народы Савецкага Саюзу зрабілі вызначальны ўклад у агульную перамогу над нацызмам. (…) Трактаваць інакш, падзяляць уклад саюзных рэспублік у агульную перамогу як мінімум гістарычна няправільна. Пры гэтым у Варшаву не былі запрошаныя Казахстан, краіны Цэнтральнай Азіі, Расея».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка не паедзе ў Польшчу, бо не запрасілі Пуціна — Rzeczpospolita

Пра гэта прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз заявіў яшчэ 27 жніўня. Тады ён казаў толькі, што Беларусь «удзячная за запрашэньне» Лукашэнкі, але прычыны адмовы не назваў.

Пра тое, што Лукашэнка не паедзе на ўрачыстасьці ў Варшаву і што Беларусь будзе прадстаўленая паслом, першым паведаміла польскае выданьне Rzeczpospolita. Яно спаслалася на добра інфармаваную крыніцу ў МЗС Беларусі і сьцьвярджала, што прычынай адмовы стала тое, што ў Варшаву ня быў запрошаны Пуцін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча назвала «недарэчным» удзел Пуціна ў адзначэньні пачатку Другой сусьветнай вайны