Пра звальненьне дырэктаркі стаўпецкай школы № 2 Аксаны Лось стала вядома 28 жніўня. Акрамя яе, са школы сыходзіць таксама завуч школы Ірына Гарэлік.
Як стала вядома Свабодзе, калектыў школы № 2 Стоўпцаў напісаў лісты ў адміністрацыю прэзыдэнта і ў Міністэрства адукацыі з просьбай пакінуць Аксану Лось на пасадзе дырэктаркі.
Стаўпецкая школа № 2 стала вядомай на ўсю краіну 11 лютага 2019 году, калі там адбылося падвойнае забойства. Суд у гэтай справе пачаўся 19 жніўня, на лаве падсудных былы вучань школы. Супрацоўнікі ды вучні школы праходзяць у справе як сьведкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Павінна быць пажыцьцёвае». Рэпартаж са стаўпецкага суда, дзе пачаўся працэс па двайным забойстве ў школеЗа два тыдні да пачатку суду дырэктарка Аксана Лось расказвала Свабодзе, як школьны калектыў перажывае трагедыю і якім чынам рыхтуецца да новага навучальнага году. Яна таксама паведаміла тады, што будзе працаваць у школе і надалей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атрымае максымум 10 гадоў». Рэпартаж са Стоўпцаў напярэдадні суду ў справе аб двайным забойстве28 жніўня стала вядома, што Аксана Лось напісала заяву на звальненьне з уласнага жаданьня. Як стала вядома Свабодзе, гэта адбылося пасьля візыту ў райвыканкам.
Для настаўнікаў і бацькоў вучняў рашэньне дырэктаркі стала вялікай нечаканасьцю. Разам зь ёю заяву на звальненьне напісала і завуч школы Ірына Гарэлік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падрабязнасьці нападу ў Стоўпцах: «Зайшоў у клясу, напаў на настаўніцу і вучня, які за яе заступіўся»«Мы ня супраць новага дырэктара, мы проста... Ведаеце, такога кіраўніка, як Аксана Міхайлаўна, цяжка знайсьці, — сказала Свабодзе школьны псыхоляг Вольга Варачкіна. — Так, такое ў школе здарылася, і за гэта нікога ня трэба хваліць...
Бацькі вучняў за Аксану Міхайлаўну. За кожнага ня скажаш, але большасьць, вядома, за яе. Яны любяць і паважаюць Аксану Міхайлаўну. Яна кожнага тут ведае, ня толькі вучняў. Яна вельмі кампэтэнтны і вельмі адказны супрацоўнік. Раскідвацца такімі супрацоўнікамі... Я проста ня ведаю.
Мы размаўлялі з Аксанай Міхайлаўнай таксама. Яна кажа, што гэта ўжо пункт невяртаньня. Яе таксама можна зразумець. Ці сама яна прыняла такое рашэньне? Ведаеце як... Мы ж не былі там у кабінэце, калі яна пісала гэтую заяву. Але мы лічым, што гэта не яе асабістае жаданьне. Хаця фактаў я не магу прывесьці, вядома».
Бацькі вучняў школы зьбіраюцца прыйсьці на школьную лінейку 2 верасьня з плякатамі ў падтрымку былой дырэктаркі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сыстэма адукацыі разабралася зь вінаватымі ў стаўпецкай трагедыіЗабойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.