У Беларусі штогод пазбаўляюць віду на жыхарства некалькі тысяч іншаземцаў. Часта такім людзям няма куды вяртацца, бо ўся іх сям’я — у Беларусі. Высылка абарочваецца для іх трагедыяй. У нікуды дэпартавалі і 70-гадовую ўкраінку Людмілу Лазар. Свабода даведалася, як жанчына ўладкавалася ва Ўкраіне, дзе ў яе няма ніводнага сваяка.
У Беларусі штогод пазбаўляюць віду на жыхарства каля 2 тысяч іншаземцаў. У далейшым іх высылаюць або дэпартуюць з краіны, як і асобаў без грамадзянства. Падставай для такога рашэньня беларускіх уладаў можа стаць самае дробнае адміністрацыйнае правапарушэньне: ад адсутнасьці флікера да знаходжаньня ў стане алькагольнага ап’яненьня і дробнага крадзяжу ў краме.
Часам такім людзям няма куды вяртацца — яны доўга жылі ў Беларусі, некаторыя — на падставе яшчэ савецкага пашпарта, а ў краінах нараджэньня ў іх не засталося ніводнага сваяка. На пачатку 2019 году стала вядома пра тры выпадкі самагубства грамадзян Расеі, якія выбралі лепш памерці, чым вяртацца ў нікуды.
26 гадоў бяз пашпарта
Людміла Лазар пераехала ў Беларусь у 1992 годзе — пазнаёмілася з мужчынам, жыла зь ім у цывільным шлюбе. Пазьней да яе з Украіны пераехалі сын і дачка. Яны грамадзяне Ўкраіны, але маюць від на жыхарства ў Беларусі. Працуюць у сельскагаспадарчых прадпрыемствах, якія забясьпечылі іх жытлом. Маюць свае сем’і, дзяцей і ўнукаў.
Пасьля сьмерці цывільнага мужа Людміла засталася без жытла — ягоныя дзеці прадалі хату ў Цясна́х Лоеўскага раёну, і яна пераехала спачатку ў вёску Бывалькі, а потым у Дзяражычы. Падпрацоўвала там даяркай, як і ад самага пераезду з Украіны.
У сакавіку 2018-га, калі жанчына ішла да сына, што жыве ў суседняй вёсцы Цясны, яе там спыніла міліцыя.
«Я ў Беларусі пражыла 26 гадоў. Жыла ціха — ні з кім не сварылася, нікога не абражала, людзям дапамагала, ня крала... Паехала да сына, ішла па ўзбочыне дарогі, бо ў вёсцы ж няма тратуару. Мяне спынілі два міліцыянэры, сказалі, што я парушыла правілы, бо трэба ісьці тратуарам. Пачалі складаць пратакол і запыталі пашпарт. А ў мяне няма ніякіх дакумэнтаў. Вось з гэтага ўсё і пачалося».
Людміла кажа, што свой савецкі пашпарт згубіла пасьля пахаваньня бацькі ва Ўкраіне. І, нягледзячы на гэта, вярнулася ў Беларусь — у той час па Дняпры паміж украінскім і беларускім бокам яшчэ хадзіў катэр, і трапіць з адной дзяржавы ў другую можна было бяз пашпарта.
У Беларусі жыла далей без дакумэнтаў (і бяз пэнсіі), хоць зьвярталася па іх да мясцовых уладаў. Нягледзячы на сталы век, да апошняга падпрацоўвала даяркай, зьбірала грыбы і ягады на продаж.
«Мне здаецца, што можна ж было зрабіць як аб’яднаньне зь сям’ёй. Мае ж дзеці там — дачка працуе даяркай у Глыбоцкім (Гомельскі раён — РС), а сын у Цяснах даглядае кароў».
У Лоеўскім раёне прычын дэпартацыі не называюць
У Бывалькаўскім сельскім савеце Свабодзе пацьвердзілі, што Людміла Лазар сапраўды жыла ў вёсцы Дзяра́жычы.
«Нідзе яна не працавала, бо была пэнсійнага ўзросту. Ці атрымлівала пэнсію — гэтага мы ня ведаем. У Дзяражычах жыла з сужыцелем. Ён і цяпер тут жыве», — сказалі ў сельсавеце.
У сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Быва́лькі» таксама пацьвердзілі згаданы Людмілай факт яе працы ў гаспадарцы даяркай, са студзеня 1992 па 2001 год. «Больш мы пра яе нічога ня ведаем», — дадалі ў гаспадарцы.
У групе па грамадзянстве і міграцыі Лоеўскага РАУС адмовіліся спраўдзіць прычыны і акалічнасьці дэпартацыі 70-гадовай украінкі, спаслаўшыся на тое, што «гэта асабістыя дадзеныя».
Дэпартацыя з другой спробы
Пасьля першага папярэджаньня пра магчымую дэпартацыю Людміла Лазар вярнулася ў Дзяражычы. Але празь пяць месяцаў пасьля здарэньня ў Цяснах, у жніўні 2018-га, яе затрымалі паўторна і адправілі ў Гомель — гэтым разам ужо ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
«Я сядзела ў пашпартным стале ў Дзяражычах і плакала, казала, што не паеду ва Ўкраіну, бо ў мяне там нікога няма. Я ж нікога не абражала, нікога не забіла, прасіла — толькі не адпраўляйце. Мне катэгарычна сказалі „не“. Я прасіла дазволу пераапрануцца, а мяне ўпіхнулі ў машыну і адвезьлі ў Гомель. Я там тры месяцы адседзела, а ў сьнежні мяне ўжо адправілі ў Чарнігаў».
Ратавалася ад марозу ў чужой хаце
Пасьля прыезду ў Чарнігаў Людміла зьвярнулася ў мясцовую міграцыйную службу па афармленьне пашпарта, але адтуль яе накіравалі ў Чарнігаўскі цэнтар сацыяльнай адаптацыі бяздомных і беспрытульных — толькі на падставе дакумэнтаў гэтай арганізацыі ёй маглі пачаць афармляць украінскае грамадзянства.
Людміла наведвала цэнтар кожны дзень, чакаючы вольнага месца, але зноў і зноў на працягу тыдня мусіла начаваць на вакзале. Потым ня вытрымала і паехала на радзіму бацькоў у сяло Каменку Рэпкінскага раёну Чарнігаўскай вобласьці, каб паспрабаваць адшукаць іхныя хаты. Але тыя ўжо былі зьнесеныя.
«Прыехала сюды, было ўжо цёмна. Куды ісьці? Пайшла ў лес, распаліла вогнішча... Мароз жа... Ледзь дачакалася раніцы і пайшла ў сельраду. Там мяне зарэгістравалі, і я пачала шукаць знаёмых. Тыя, каго ведала і хто мог мяне прытуліць, памерлі. Вырашыла зайсьці ў пустую хату. Там стаяла канапа, была падушка. Я апранула дзьве курткі на сябе і пераначавала. Потым зноў паехала ў чарнігаўскі цэнтар, а там зноў адмовілі, і я зноў вярнулася ў Каменку. Што рабіць? Я сарвала замок і зайшла ў хату, узяла дровы ў сараі і распаліла грубку, нагрэла сабе гарбаты».
Суседзі, калі пабачылі дым з грубкі, выклікалі міліцыю. А гаспадары падалі ў суд з патрабаваньнем крымінальнага пакараньня і кампэнсацыі нанесенай шкоды ў памеры 10 тысяч грыўняў (каля 400 даляраў у эквіваленце) — яны пераконвалі суд, што Людміла заваліла агароджу і разбурыла двор. «А я ж нічога ня брала з той хаты, мне абы сагрэцца было», — кажа Людміла.
У выніку суд прысудзіў ёй штраф 850 грыўняў (33 даляры), і яшчэ 782 грыўні (30 даляраў) — кампэнсацыю маральнай шкоды гаспадарам хаты.
Дапамога прыйшла нечакана
Дзякуючы гэтаму выпадку Людміле ўдалося знайсьці адзіную знаёмую з ранейшага жыцьця — з Тамарай яны рабілі разам у мясцовым калгасе да пераезду ў Беларусь. Менавіта яна з мужам Іванам дапамаглі ёй і з жытлом, і з харчаваньнем, і з грашыма на атрыманьне пашпарта.
«Ну як тут не дапамагчы ў такой сытуацыі? Людміла жыве побач з намі, у хаце маёй маці», — кажа Тамара.
«Тамара была заатэхнікам, а я тут даяркай працавала да пераезду ў Беларусь. Дзякуй гэтым людзям. Няхай ім Гасподзь дасьць усё. Яны ўсю зіму мяне ўтрымлівалі, і бульбу давалі, і малако, і сала», — кажа Людміла.
Яна ўжо зьвярнулася ў сацыяльныя органы па афармленьне пэнсіі і чакае апэляцыі ў сваёй справе — гаспадары хаты, у якой яна начавала, не задаволеныя памерам маральнай шкоды. У далейшых яе плянах — атрымаць замежны пашпарт, каб наведаць сваіх дзяцей у Беларусі:
«Дзеці не плянуюць вяртацца. Ім там падабаецца. Я б і сама зь вялікім задавальненьнем вярнулася назад».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Білі і душылі», — анархіст Францкевіч пра тое, як яго дэпартавалі з Украіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго, за што і куды высылаюць зь Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо трэці грамадзянін Расеі ўчыніў самагубства праз пагрозу высылкі зь Беларусі