Караткевіч з «Гавары праўду» ня пойдзе на выбары ў Палату прадстаўнікоў

Тацяна Караткевіч, архіўнае фота

Адна з двух лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч ня будзе вылучацца на выбарах у Палату прадстаўнікоў у лістападзе. Пра гэта яна паведаміла Свабодзе.

«Я доўга ўзважвала ўсе „за“ і „супраць“ і сёньня магу заявіць: адмаўляюся ад асабістага вылучэньня. Вырашыла дапамагаць нашым вылучэнцам. Іх будзе ня меней за 30. Я ўпэўненая, што мой патранаж дасьць болей карысьці для „Гавары праўду“, чым асабісты ўдзел у выбарчай кампаніі», — сказала Караткевіч.

Караткевіч згадвае, што адзін з асноўных пастулятаў кампаніі «Гавары праўду» — у краіне павінен быць не адзін, а шмат лідэраў.

«Краіне патрэбна 100 Караткевіч, а можа і больш. А ўсім вядомаму палітыку неабходная альтэрнатыва. Вось і будзем яе ствараць. Менавіта з гэтай прычыны я і не вылучаюся сама ў дэпутаты. Буду падтрымліваць нашых кандыдатаў. Тут і каардынацыя, і натхненьне, і нават кастынг», — кажа Караткевіч.

У 2016 годзе Тацяна Караткевіч брала ўдзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў, але прайграла ў сваёй акрузе іншай прадстаўніцы апазыцыі — Ганьне Канапацкай з Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гавары праўду» пойдзе і на парлямэнцкія, і на прэзыдэнцкія выбары. А хто яшчэ?

«Калі выбары будуць збольшага сумленныя, мы спадзяёмся на дэпутацкія мандаты»

Тацяна Караткевіч кажа, што апошнім часам актыўная грамадзянская пазыцыя пачала знаходзіць запатрабаванасьць у грамадзтве.

«Людзі ўсё часьцей схіляюцца не да чынавенства і не да клясычнай апазыцыі. Іх усё болей прываблівае грамадзянскае стаўленьне да праблемаў. Асабліва мясцовых. „Гавары праўду“ падказвае людзям, што і як яны павінны зрабіць. І бачым зваротную сувязь. Таму, калі гэтыя выбары будуць хоць збольшага сумленныя, мы спадзяёмся на дэпутацкія мандаты», — разважае лідэрка «Гавары праўду».

Яна таксама спадзяецца, што менавіта праца зь людзьмі сёлета дазволіць «Гавары праўду» павялічыць сваю прысутнасьць сярод назіральнікаў і сябраў выбарчых камісій розных узроўняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці стануць «каралі інтэрнэту» каралямі офлайну?

Выбары прэзыдэнта: гэта і блізка, і далёка

Тацяна Караткевіч кажа, што да завяршэньня кампаніі выбараў у Палату прадстаўнікоў малаверагодна, што «Гавары праўду» назаве імя свайго кандыдата на прэзыдэнта. Найхутчэй, гэта адбудзецца пасьля парлямэнцкіх выбараў.

«А гэта і блізка, і далёка. Для нас галоўнае — мабілізацыя грамадзтва. На гэта і будзем працаваць. А там можа атрымацца ўсё што заўгодна. Няважна, хто будзе гэты кандыдат. Важна тое, якія мэты мы ставім і што мы робім».

У Мінпрацы не ўладкоўвалася

Тацяна Караткевіч таксама зьняпраўдзіла інфармацыю, што яна нібыта ўладкавалася ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

«Я цяпер удзельнічаю ў адным вельмі важным і цікавым сацыяльным праекце. Але дзяржаўных установаў ён абсалютна ня тычыцца. Гэта грамадзкі праект», — сказала Караткевіч.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.

Як выглядаюць сярэднестатыстычныя беларускія дэпутат, дэпутатка і прэзыдэнт. Фота

  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».