Прайшло сто дзён з таго часу, як Уладзімір Зяленскі стаў прэзыдэнтам Украіны. Украінская служба Радыё Свабода падсумоўвае тое, што Зяленскаму ўдалося зрабіць на пасадзе за гэты час.
Распусьціў парлямэнт
Адным зь першых і, на думку экспэртаў, самых пасьпяховых рашэньняў прэзыдэнта Зяленскага зьяўляецца роспуск Вярхоўнай Рады восьмага скліканьня і правядзеньне датэрміновых выбараў. Ён абвясьціў пра гэта з трыбуны парлямэнту падчас сваёй інаўгурацыйнай прамовы. Пазьней Канстытуцыйны суд падтрымаў законнасьць гэтага кроку, што ўмацавала яго пазыцыю, лічаць экспэрты.
На датэрміновых выбарах партыя Зяленскага атрымала пераканаўчую перамогу — 254 прадстаўнікі «Слугі народа» будуць працаваць у Вярхоўнай Радзе дзявятага скліканьня. Упершыню ў гісторыі незалежнай Украіны прапрэзыдэнцкая палітычная сіла сфармуе аднаасобную большасьць у парлямэнце. Гэта дазволіць Уладзіміру Зеленскаму лёгка прызначыць прэм’ер-міністра, новы кабінэт міністраў і правесьці пра Раду любыя законапраекты, кажуць экспэрты.
Прызначаў і вызваляў з пасады (каго мог)
Ці не найбольшыя дыскусіі выклікала прызначэньне кіраўніка Адміністрацыі, а пазьней Офісу прэзыдэнта, Андрэя Богдана. І Міністэрства юстыцыі, і актывісты выказалі пратэст супраць гэтага рашэньня, заявіўшы, што Богдан трапляе пад закон аб люстрацыі. Ён двойчы займаў пасаду ўрадавага ўпаўнаважанага ў пытаньнях антыкарупцыйнай палітыкі падчас прэзыдэнцтва Віктара Януковіча.
Апошнія тры месяцы Андрэй Богдан пастаянна суправаджае прэзыдэнта Ўкраіны — як у працоўных паездках, так і ў адпачынку. СМІ ўжо ахрысьцілі яго «ценем» Зяленскага, адзначыўшы, што ён стаіць за ключавымі рашэньнямі ўкраінскага прэзыдэнта.
У мінулым асабісты адвакат мільярдэра Ігара Каламойскага Андрэй Богдан неаднаразова фігураваў у расьсьледаваньнях праграмы «Схемы: карупцыя ў дэталях» (сумесны праект Радыё Свабода і UA: Першы тэлеканал). Нядаўна кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны падаў у суд на журналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік офісу Зяленскага падаў ў суд на журналістаў, якія расказалі пра ягоныя палёты празь Беларусь у Расею«Не хвалюйцеся. У нас не будзе ніякага кумаўства», — запэўніў Зелянскі падчас выбарчай кампаніі, адказваючы на пытаньні журналіста Радыё Свабода. Аднак шэраг дзяржаўных пасадаў ужо дастаўся даўнім сябрам і дзелавым партнэрам Уладзіміра Зяленскага.
У прыватнасьці, зямляк, бізнэс-партнэр і даўні сябар Сяргей Шэфір стаў першым памочнікам прэзыдэнта. Першымі намесьнікамі кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўладзімір Зяленскі прызначыў Сяргея Трафімава, выканаўчага прадусара студыі «Квартал 95», а таксама сцэнарыста і творчага прадусара тэлесэрыялу «Слуга народа» Юрыя Касьцюка.
Выканаўцам абавязкаў старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны Ўладзімір Зяленскі прызначыў свайго сябра дзяцінства Івана Баканава. У свой час той быў юрыстам «Студыі Квартал 95», а з 2013 году яе кіраўніком. Рэфармаваньне СБУ і аднаўленьне даверу да гэтай службы — адно з ключавых абяцаньняў прэзыдэнта Зеленскага. Баканаў, аднак, адмовіўся рассакрэціць сваю дэклярацыю пра даходы, нягледзячы на заклікі актывістаў і журналістаў.
Замест Аляксандра Турчынава сакратаром Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны стаў былы міністар фінансаў Аляксандр Данілюк.
Замест Віктара Мужэнкі, які ўзначальваў Генэральны штаб з 2014 году, Зялянскі прызначыў генэрал-лейтэнанта Руслана Хамчака. Раней Хамчак працаваў галоўным інспэктарам Міністэрства абароны і камандаваў сіламі антытэрарыстычнай апэрацыі ў Ілавайскім раёне летам 2014 году.
Акрамя таго, прэзыдэнт узяўся абнаўляць пасольствы Ўкраіны за мяжой і адправіў у адстаўку шэраг паслоў: у ЗША, некалькіх афрыканскіх краінах, на Кіпры, у Ватыкане, Армэніі, Туркмэністане і іншых краінах.
Падпісаў і скасаваў шэраг дэкрэтаў
Пасьля роспуску Вярхоўнай Рады плённага супрацоўніцтва зь дзейнымі дэпутатамі не атрымалася. Парлямэнт, у прыватнасьці, адмовіўся галасаваць за адстаўку міністраў замежных спраў і абароны Паўла Клімкіна і Сцяпана Палтарака, патрабуючы вылучэньня іх пераемнікаў. Акрамя таго, у залі Вярхоўнай Рады не было галасоў па шэрагу законаў, прапанаваных Зяленскім.
У сваю чаргу Зяленскі не падпісаў ухвалены парлямэнтам закон пра часовыя сьледчыя камісіі, які зьмяшчае норму пра імпічмэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп у Варшаве ўпершыню сустрэнецца зь ЗяленскімПрэзыдэнт Украіны ўзяўся за ўказы і скасаваў больш чым паўтары сотні дакумэнтаў сваіх папярэднікаў — штрафы за парушэньне касавай дысцыпліны, дэкрэт пра школьную форму, мінімальны памер платы за паслугі натарыюсу. Як растлумачылі ў Офісе прэзыдэнта, большасьць дакумэнтаў былі скасаваныя, бо састарэлі, альбо з мэтай дэрэгуляцыі.
Акрамя таго, Уладзімір Зяленскі падпісаў указ, які спрасьціў наданьне ўкраінскага грамадзянства іншаземцам, якія абараняюць Украіну, і расейцам, якіх перасьледавалі з палітычных прычын — на працягу трох месяцаў атрымалі грамадзянства амаль 35 замежнікаў.
Пабываў на фронце
27 траўня Ўладзімір Зяленскі ўпершыню прыехаў на фронт на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Ён наведаў Станіцу Луганскую і Шчасьце. У прыватнасьці, як паведамляла прэс-служба, быў на пазыцыі, якая знаходзіцца за 400 мэтраў ад праціўніка.
Дэталь, на якую потым зьвярнулі ўвагу карыстальнікі сацыяльных сетак, — прэзыдэнт быў не ў камуфляжнай форме, а ў кашулі і бронекамізэльцы. А начальнік штабу Хамчак апрануў бронекамізэльку задам наперад.
Спрабаваў адрадзіць менскі працэс
Пазыцыя Ўладзіміра Зеленскага наконт ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе заключаецца ў захаваньні Менскага працэсу і аднаўленьні «нармандзкага фармату».
Прэзыдэнт заявіў пра існаваньне «дарожнай мапы» і паспрабаваў рэанімаваць менскія перамовы, абнавіўшы ўкраінскую дэлегацыю. Яе зноў узначаліў другі прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма.
У гуманітарную падгрупу ўключылі былую ўпаўнаважаную Вярхоўнай Рады па правах чалавека Валерыю Луткоўскую. Зяленскі першапачаткова далучыў дыплямата Рамана Бесьсмертнага да палітычнай падгрупы, але празь месяц звольніў яго. Пазьней Бясьсьмертнага зьмяніў дыплямат Валерый Грабянюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі звольніў прадстаўніка Ўкраіны на менскіх перамовах па Данбасе празь месяц пасьля прызначэньняДвойчы тэлефанаваў Пуціну
За тры месяцы свайго прэзыдэнцтва Ўладзімір Зяленскі двойчы тэлефанаваў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну. Падчас першай размовы яны абмяркоўвалі вызваленьне ваеннапалонных.
Прадметам другога тэлефанаваньня стала гібель ад абстрэлу чатырох украінскіх вайскоўцаў падчас перамір’я.
«Тэрмінова патэлефанаваў яму, сказаў, што гэта не набліжае нас да міру. Я вельмі прашу вас уплываць на іншы бок, каб яны спынілі забойствы нашага народу», — цытуе Зяленскі свае словы да расейскага лідэра.
Таксама, паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзыдэнта, Уладзімір Зеленскі растлумачыў расейскаму калегу, што для абароны правоў украінцаў няма патрэбы ўносіць зьмены ў Канстытуцыю Ўкраіны.
Узяўся аднаўляць мост у Станіцы Луганскай
Пасьля амаль трохгадовых спробаў у Станіцы Луганскай пачаўся адвод сіл, каб можна было аднавіць разбураны мост праз раку Сіверскі Данец. Украінскія вайскоўцы адступілі ад сваіх пазыцый прыблізна на 700 мэтраў і разьмінавалі тэрыторыі вакол моста. Аднак, як высьветлілася, сэпаратысты не сьпяшаюцца выконваць сваю частку абавязаньняў.
Уладзімір Зяленскі паабяцаў, што да восені мост у Станіцы Луганскай пабудуюць, нават калі баевікі не дэмантуюць свае ўмацаваньні.
«Мая прапанова пасьля таго, што я там убачыў — мы доўга ня будзем чакаць, у нас няма часу. Мы будзем чакаць тыдзень, максымум восем дзён, калі мы ня ўбачым разборкі зь іншага боку, мы пачнём будаваць мост», — сказаў кіраўнік Украіны.
Днямі ўкраінскія вайскоўцы пачалі дэмантаж умацаваньняў каля моста і чакаюць сынхронных дзеяньняў ад сэпаратыстаў. Згодна з пагадненьнем, гэты мост ня будзе выкарыстоўвацца ў ваенных мэтах.
Запрасіў кіраўнікоў ЗША і Брытаніі ў «нармандзкі фармат»
Уладзімір Зеленскі таксама паспрабаваў прыцягнуць у «нармандзкі фармат» прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і тагачасную прэм’ер-міністарку Вялікабрытаніі Тэрэзу Мэй.
«Я хачу зьвярнуцца да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Трэба пагаварыць? Трэба. Давайце. Давайце абмяркуем, чый Крым і каго там няма на Данбасе. Кампанію для размовы я прапаную наступную: я, вы, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон», — сказаў Зяленскі.
Крэмль паабяцаў разгледзець такую прапанову, але ні ЗША, ні Вялікабрытанія пакуль афіцыйна на яе не адказалі.
Пазнаёміўся з сусьветнымі лідэрамі
Уладзімір Зяленскі зрабіў свой першы замежны візыт у Брусэль. Там ён наведаў штаб-кватэру NATO і інстытуты ЭЗ. Затым прэзыдэнт Украіны наведаў Парыж, Бэрлін, Таронта, а таксама Анкару і Стамбул, дзе сустрэўся з сусьветнымі лідэрамі. Выснова з гэтых сустрэч заключаецца ў тым, што новы прэзыдэнт працягвае праэўрапейскі курс Украіны і адстойвае тыя ж пазыцыі, што і папярэдні прэзыдэнт.
«Украіна ў ЭЗ — гэта гібель расейскага імпэрскага праекту», «Мы не пачыналі гэтую вайну», «Мы не гатовыя да перамоваў з сэпаратыстамі. Мы гатовыя да Менскага фармату», «Данбас і Крым — гэта Ўкраіна» — вось толькі частка тэзісаў Уладзіміра Зяленскага, якія ён агучыў падчас замежных візытаў.
Украінскі прэзыдэнт таксама заклікаў заходніх партнэраў узмацніць санкцыі супраць Расеі.
«Пазнаёміўся» зь мясцовымі чыноўнікамі
Акрамя замежных візытаў, Уладзімір Зяленскі на працягу трох месяцаў таксама актыўна езьдзіў па Ўкраіне і размаўляў зь мясцовымі чыноўнікамі. І дастаткова часта ён дазваляў сабе не падбіраць словаў, ужываючы публічныя прыніжэньні і патрабуючы пакінуць пасаду. Чым бліжэй было да парлямэнцкіх выбараў, тым больш відовішчнымі рабіліся разборкі на месцах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У стылі Лукашэнкі. Зяленскі ў Барыспалі ўчыніў публічны разнос чыноўнікам. ВІДЭА«Выйдзі адсюль, рабаўнік», «Прадайце Land Cruiser ... Дзеля людзей», «Напішы заяву» — ужо ўвайшлі ў «залаты» зборнік цытат украінскага прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнік, якога Зяленскі выгнаў з нарады, абяцае падаць у судАдмовіўся ад вайсковага параду
Зяленскі вырашыў эканоміць бюджэтныя грошы і замест вайсковага параду арганізаваў падзею новага фармату — «Марш годнасьці». Курсантам, прызыўнікам і вайскоўцам, якія абараняюць тэрытарыяльную цэласнасьць на ўсходзе Ўкраіны, абяцалі выплаціць прэміі.
Афіцыйнае сьвята сапраўды адрозьнівалася ад папярэдніх: упершыню з 2014 году яно было без вайсковай тэхнікі, але з ушанаваньнем герояў «Нябеснай сотні», арыгінальным выкананьнем гімну, прывітальным словам прэзыдэнта і ўручэньнем дзяржаўных узнагарод. Таксама Ўладзімір Зяленскі абвясьціў, што Дзень абаронцаў Украіны будзе праводзіцца штогод 29 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 28-ая гадавіна Незалежнасьці Ўкраіны: Зяленскі — на Майдане, Парашэнка — у Міністэрстве абароны. ФОТА, ВІДЭАУ адказ на гэтае рашэньне вэтэраны арганізавалі Марш абаронцаў Украіны, які сабраў дзясяткі тысяч удзельнікаў. Цэнтральнымі вуліцамі Кіева прайшлі вайскоўцы Ўзброеных сілаў, добраахвотнікі, вэтэраны, сем’і загінулых, валянтэры, якія зьехаліся з усёй Украіны.
Шэраг экспэртаў мяркуе: для прэзыдэнцкай каманды, якая атрымала большасьць у парлямэнце і зможа прыняць любыя законы, гэта будзе сыгналам, што трэба лічыцца з грамадзянскай супольнасьцю.
Запісваў відэазвароты
На працягу 100 дзён Зяленскі не правёў ніводнай паўнавартаснай прэс-канфэрэнцыі, але пэрыядычна запісваў відэазвароты: іранічна «дзякаваў» дэпутатам за пацьвярджэньне правільнасьці свайго рашэньня распусьціць парлямэнт і прапанаваў правесьці люстрацыю чыноўнікаў, якія працавалі падчас кіраўніцтва прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.
Найбольш абмяркоўвалі відэаінтэрвію за стырном аўтамабіля, якой атрымала назву «інтэрв’ю Tesla» — менавіта тады Зяленскі агучыў першыя высновы першых тыдняў прэзыдэнцтва: «Я думаў, што нікому нельга давяраць, але выявілася так, што больш, чым нікому».
Выйшаў зь бізнэсу
Уладзімір Зяленскі выйшаў са складу уладальнікаў шэрагу кампаній, у тым ліку «Кінаквартал» і «Студыя Квартал-95». Пра гэта паведаміла выданьне РБК-Украіна са спасылкай на дадзеныя з Адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзкіх аб’яднаньняў.
У прыватнасьці, імя Зяленскага няма сярод уладальнікаў кампаній, пра якія ён казаў у дэклярацыі. Акрамя «Кінакварталу» і «Студыі Квартал-95», ёсьць яшчэ дзесяць праектаў. Дадзеныя Адзінага дзяржаўнага рэфестру паказваюць, што прэзыдэнт Украіны перадаў свае акцыі братам Шэфірам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня Эўрапейскай Рады прапанаваў запрасіць Украіну замест Расеі на наступны саміт «Вялікай сямеркі»