Дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнае бясьпекі Джон Болтан неўзабаве — магчыма, нават на гэтым тыдні — наведае Беларусь. Пра гэта паведамляе амэрыканскае выданьне Foreign Policy са спасылкай на свае крыніцы ў амэрыканскім урадзе.
Як адзначае Foreign Policy, гэты візыт, імаверна, раззлуе Крэмль. Болтан мае стаць найвышэйшым амэрыканскім службоўцам, які наведае Беларусь у гэтым стагодзьдзі.
Паводле выданьня, візыт сьведчыць пра пацяпленьне адносінаў ЗША зь Беларусьсю. Foreign Policy нагадвае, што Масква апошнім часам спрабуе ўзмацніць палітычны зьвяз зь Беларусьсю і што інтэграцыйныя пляны называюць спосабам, якім Пуцін можа ў 2024 годзе абысьці канстытуцыйнае абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка спытаў Румаса, як там інтэграцыя з Расеяй. Прэм’ер кажа, «поўная яснасьць па прапановах»«Болтан добра разумее, што Пуцін праводзіць агрэсіўную палітыку і што агрэсіўная палітыка Пуціна можа ўключаць ў сябе і нейкія пляны на Беларусь», — цытуе Foreign Policy былога амбасадара ЗША ва Ўкраіне Джона Гэрбста.
Выданьне таксама цытуе паведамленьне Радыё Свабода пра тое, што Беларусь спрабуе дамагчыся поўнага скасаваньня амэрыканскіх санкцыяў, што адкрыла б магчымасьць купляць нафту ў ЗША. Foreign Policy называе гэта «недвухсэнсоўным пасланьнем» Маскве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск наняў лабіста, каб купляць нафту ў ЗШАДжон Гэрбст адзначае, што візыт Болтана мае важнае значэньне, але пры гэтым ня варта яго пераацэньваць.
«Гэта ня тое каб мы пастаўлялі зброю ў Беларусь, ня тое каб мы ўхвалялі далучэньне Беларусі да розных міжнародных арганізацый, — кажа ён. — Мы проста дэманструем пэўную гатоўнасьць размаўляць і даць трохі — і гэтае „трохі“ сапраўды акуратнае апісаньне — падтрымкі Лукашэнку, які спрабуе справіцца з расейскай [пагрозай]».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэмль цісьне. Мераем пагрозу інтэграцыі Беларусі з Расеяй у градусахУ публікацыі адзначаецца, што у апошнія гады Беларусь лібэралізавала візавы рэжым для замежнікаў, у тым ліку да грамадзян краін Эўразьвязу і Паўночнай Амэрыкі.
«Стаўленьне [да Беларусі] як да чорнай дзіры і яе ігнараваньне выявілася правалам. Гэта не дало ніякага руху наперад ў пытаньнях правоў чалавека», — цытуе Foreign Policy Майкла Карпэнтэра, былога намесьніка памочніка міністра абароны ЗША, які адказваў за Расею, Украіну і Эўразію.
Паводле яго, большыя эканамічныя і дыпляматычныя сувязі зь Беларусьсю ў доўгатэрміновай пэрспэктыве дадуць Вашынгтону больш уплыву на Беларусь. «Мы павінны рабіць усё, што можам, каб узмацніць сувэрэнітэт Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высылкі, санкцыі, чорныя сьпісы. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю