Восем жыхароў 535-тысячнага Гомля адгукнуліся на рэкляму беларускамоўнай адукацыі, якую Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ўлетку разьмясьціла рэкляму ў гарадзкіх тралейбусах і на білбордзе Гомля.
«Вынікі дастаткова сьціплыя — зрэагавалі восем чалавек, зацікаўленых беларускамоўным навучаньнем. Яны выйшлі з намі на сувязь, запоўнілі анкету, пазначылі, што зацікаўленыя вучыць сваіх дзяцей па-беларуску», — кажа старшыня мясцовай філіі ТБМ Яўген Якавенка.
Раней ТБМ дамаглося стварэньня пры аддзеле адукацыі асобнай чаргі для бацькоў, якія хочуць, каб іх дзяцей вучылі і выхоўвалі па-беларуску. Меркавалася, што падчас запісу на навучаньне чыноўнікі будуць падкрэсьліваць, што ёсьць магчымасьць запісацца ў беларускамоўную групу. У выніку, паводле зьвестак аддзелу адукацыі, летась запісаліся ўсяго два чалавекі.
Сёлета актывісты ТБМ вырашылі паспрабаваць самі выйсьці на людзей, якія акурат рэгіструюць дзяцей для запісу ў школу ці дзіцячы садок, каб заахвоціць іх ісьці ў беларускамоўныя школы і клясы.
З улікам вельмі сьціплага бюджэту было некалькі захадаў: рэкляма ў сацыяльных сетках, таксама замовілі рэкляму ў тралейбусах і білборд у цэнтры гораду з заклікам запісвацца ў беларускамоўныя клясы і кантактнымі тэлефонамі ТБМ. Ён правісеў крыху больш за месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Божа, што вы хочаце ад нас?» Як гомельскія садкі рэагуюць на прапановы стварыць беларускамоўныя групы
Каб арганізаваць беларускамоўную групу у садку, у чарзе мусяць стаяць запар мінімум 20 сем’яў
Паводле Яўгена Якавенкі, у гомельскіх садках і школах па-ранейшаму практычна няма групаў і клясаў з адукацыяй па-беларуску: толькі ў адным садку набіраюць беларускамоўную групу раз на чатыры гады і ў гімназіі № 36 — адну першую клясу.
«Чыноўнікі, тлумачачы, чаму яны ня могуць арганізаваць беларускамоўную групу ці клясу, казалі, што ёсьць чарга, і калі яны арганізуюць беларускамоўную групу для 1-3 дзетак, то астатнія ў чарзе будуць вымушаныя запісацца ў гэтую групу — адпаведна парушыцца іх права атрымліваць адукацыю на расейскай мове», — пераказвае актывіст ТБМ Яўген Якавенка.
У аддзеле адукацыі актывістам кажуць, што каб арганізаваць беларускамоўную групу, трэба, каб у чарзе ў адзін садок стаялі запар мінімум 20 сем’яў. На думку Якавенкі, гэта некарэктная лічба, бо 20 — гэта максымум паводле санітарных нормаў для групы, а ня мінімум, як сьцьвярджаюць чыноўнікі. Да таго ж, «каб дваццаць сем’яў сталі запар у чаргу — гэта абсалютна неверагодна», дадае актывіст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскія ўлады ініцыююць мяккую беларусізацыю адукацыі?Якавенка перакананы, што калі б чыноўнікі і дзяржава былі зацікаўленыя ў беларускамоўнай адукацыі, «можна было б лёгка сабраць прынамсі па адной беларускамоўнай клясе ў кожным раёне». ТБМ накіравала ў Міністэрства адукацыі прапановы, якія спрыялі б зьменам да лепшага ў беларускамоўнай адукацыі ў Гомлі. Адказу актывісты пакуль не атрымалі.