Міліцыя аспрэчыла інфармацыю пра зьбіцьцё гарадзенца Дзяніса Лук’янава амапаўцамі пасьля затрыманьня на аўтафэстывалі. Сваякі кажуць, што мужчыну пасьля 7 апэрацыяў уводзілі ў штучную кому.
Як паведаміла ў тэлеграм-канале прэс-сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава, інфармацыя пра зьбіцьцё Лук’янава амапаўцамі недакладная. У МУС падкрэсьліваюць, што ніякіх заяваў і скаргаў ні з боку Дзяніса Лук'янава, ні ягоных сваякоў у органы ўнутраных справаў не было. Супрацоўнікі міліцыі зьвязаліся зь ім пазьней з уласнай ініцыятывы.
«Ён растлумачыў, што супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі стасоўна яго гвалту, а траўмы, зь якімі ён апынуўся ў шпіталі, ён атрымаў ад уласнай неасьцярожнасьці праз 11 дзён пасьля аўтафэстывалю з прычыны знаходжаньня ў стане алькагольнага апʼяненьня», — гаворыцца ў паведамленьні міліцыі.
Паводле інфармацыі МУС, мужчына быў на фэстывалі нападпітку, парушаў грамадзкі парадак. Спачатку дзяжурны міліцыянт даставіў яго ў намёт для разбору, потым (а 18-й) — у Горадзенскі РАУС, а пасьля — у выцьвярэзьнік. Першыя супрацоўнікі АМАП прыбылі на аўтафэстываль к пачатку канцэрту а 19:30 і «да дастаўленьня мужчыны ў аддзел міліцыі дачыненьня ня мелі», гаворыцца ў паведамленьні міліцыі.
Паводле інфармацыі МУС, у выцьвярэзьніку Лук'янава агледзеў лекар і ніякіх цялесных пашкоджаньняў ня выявіў: «малады чалавек на здароўе ня скардзіўся, рухаўся актыўна, што пацьвярджаюць запісы з камэраў відэаназіраньня». Раніцай, калі Лук'янаў працьверазеў і «ня скардзіўся на здароўе», яго выпісалі. У гэты ж дзень ён зноў прыйшоў у РАУС для аплаты паслугаў мэдвыцьвярэзьніка, паведамляе МУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарадзенца, якому ампутавалі ягадзіцу, дапыталі ў рэанімацыі
Гарадзенца ўводзілі ў штучную кому
Як расказала Свабодзе стрыечная сястра Лук’янава Дар’я Салянік, стан брата пагоршыўся, яго ўвялі ў штучную кому 25 жніўня. Аднак 26 жніўня ў шпіталі сваякам паведамілі, што Лук’янаў ужо ня ў коме.
Дар’я дадала, што сваякі шукаюць сьведкаў затрыманьня Дзяніса. Нехта мог бачыць гэты момант, бо яго затрымлівалі на фэстывалі, дзе было шмат людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля затрыманьня і ночы ў выцьвярэзьніку мужчыну ампутавалі частку нагіІдзе збор сродкаў для сям’і Дзяніса Лук’янава, у якой выхоўваецца трое дзяцей.
36-гадовы Дзяніс Лук’янаў, шматдзетны бацька з Горадні, 20 ліпеня разам зь сябрамі адпачываў на аўтафэстывалі. Мужчыну затрымалі міліцыянты, бо ён знаходзіўся нападпітку ў грамадзкім месцы.
Як апавядала раней ягоная стрыечная сястра Дар’я Салянік, мужчыну па дарозе ў пастарунак міліцыянты зьбілі ў лесе. Празь нейкі час яму сталі моцна балець ногі. Мужчыну паклалі ў шпіталь, дзе зрабілі яму 7 апэрацыяў. Выявілася, што пачаўся нэкроз цягліцаў.