Вядомы беларускі навуковец сышоў у 60 гадоў. Яго любілі і за тое, што прыдумаў прыгоды паноў Кубліцкага і Заблоцкага.
Пятро Васючэнка нарадзіўся ў 1959-м годзе ў Полацку. Скончыў факультэт журналістыку БДУ, кандыдат філялягічных навук. Працаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі Навук. Загадваў катэдрай беларускай мовы і літаратуры ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным ўнівэрсытэце. Выкладаў у Коласаўскім ліцэі. Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў.
Пра сьмерць Пятра Васючэнкі напісала ў фэйсбуку ягоная дачка Марыля.
Як навукоўца займаўся творчасьцю Янкі Купалы, дасьледаваў беларускую драматургію. Разам з Лявонам Баршчэўскім і Міхасём Тычынам напісаў дасьледаваньне «Беларуская літаратура і сьвет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён».
Аўтар вядомых кніг «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» (1997), «Прыгоды аднаго губашлёпа» (1999), «Каляровая затока» (2008). Ягоныя п’есы пастаўленыя ў шматлікіх беларускіх тэатрах. У 2003 атрымаў прэмію «Гліняны Вялес».
Пятро Васючэнка быў сталым экспэртам ў перадачы Вячаслава Ракіцкага «Беларуская Атлянтыда», такіх як Зімоўка жывёлаў, Як брыгадзір Артура Конан-Дойла наведаў Менск, Эдыпаў комплекс, Беларусы ў чаканьні цуду ды іншых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пятро Васючэнка — пра кнігі, якія стваралі Беларусь