Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у пятніцу, што аддаў распараджэньне амэрыканскім кампаніям пакінуць Кітай.
Агенцтва Reuters піша, што гэты крок Вашынгтону зьвязаны з рашэньнем Пэкіну ўвесьці мыта на тавары з ЗША ў аб’ёме 75 мільярдаў даляраў.
У сэрыі твітаў з нагоды абвастрэньня адносін з Кітаем, Трамп адзначыў, што ЗША «страцілі ў Кітаі трыльёны даляраў», і таму могуць цалкам абысьціся без Кітаю.
Раней у пятніцу зьявіліся паведамленьні аб рашэньні кітайскіх уладаў ўвесьці пошліны на тавары з ЗША ў аб’ёме 75-ці мільярдаў даляраў. Частка новых пошлін будзе ўведзеная 1 верасьня, астатнія — 15 сьнежня.
У паведамленьні Дзяржаўнай Рады КНР гаворыцца, што дадатковыя пошліны памерам ад 5% да 10% будуць уведзеныя на тысячы найменьняў тавараў, імпартаваных з ЗША. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра соевыя бабы, нафту і малую авіяцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп лічыць сваю эканамічную палітыку эфэктыўнайУ кітайскай прэсе пішуць, што ў сьнежні КНР ўвядзе пошліну памерам 25% на імпарт амэрыканскіх аўтамабіляў і аўтамабільных запчастак.
Як паведаміла агенцтва Reuters, гандлёвы прадстаўнік ЗША пакуль не пракамэнтаваў дзеяньні Пэкіна. Пітэр Навара, дарадца Белага дому ў справе гандлёвых адносінаў, у інтэрвію Fox Business News заявіў, што гандлёвыя перамовы з КНР будуць працягнутыя ў закрытым рэжыме, нягледзячы на сёньняшняе рашэньне кітайскіх уладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп зноў заклікаў вярнуць Расею ў «Вялікую сямёрку». Нямеччына і Францыя супраць