Лічба дня: у Беларусі мабільным інтэрнэтам карыстаюцца больш, чым стацыянарным

Агульная колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі дасягнула 5,3 мільёна чалавек на месяц, сказаў кіраўнік кампаніі DB3 Міхаіл Дарашэвіч 23 жніўня на IAB Digital Party ў Менску, піша БелаПАН.

Паводле дасьледаваньня Gemius Audience:

  • 4,4 мільёны жыхароў Беларусі карыстаюцца інтэрнэтам праз мабільны тэлефон;
  • 4,3 млн — са стацыянарнага кампутара;
  • 1,3 млн — падключаюцца да сеткі з пляншэтаў.

Часткова гэтыя аўдыторыі перакрыжоўваюцца. Аднак паводле Белстату, у 2018 годзе амаль 6% беларусаў, якія карыстаюцца інтэрнэтам ня мелі пэрсанальных кампутараў.

Навошта беларусы карыстаюцца інтэрнэтам?

Найбольш беларусы карыстаюцца інтэрнэтам для:

  • пошуку інфармацыі;
  • прагляду і спампоўваньня фільмаў, музыкі і праграмнага забесьпячэньня;
  • камунікацыі ў сацыяльных сетках.

Cкрыншот са зборніку Белстату «Беларусь у лічбах-2018»

У кампутэрныя гульні онлайн часьцей за ўсіх гуляюць дзеці і падлеткі ад 6 да 15 гадоў.

Тавары і паслугі праз інтэрнэт часьцей набываюць беларусы ва ўзроставым прамежку ад 16 да 54 гадоў. Інтэрнэт для адукацыі найчасьцей выкарыстоўваюць дзеці і моладзь ад 6 да 24 гадоў.

Узаемадзейнічаць з органамі дзяржаўнага кіраваньня праз інтэрнэт беларусы пачынаюць з 16 гадоў, ажыцьцяўляць фінансавыя апэрацыі — у 11 гадоў. Фінансавыя апэрацыі найчасьцей праз інтэрнэт ажыцьцяўляюць людзі ад 24 да 54 гадоў.