Д’ябальскае перамірʼе ці посьпех дыпляматыі? Як СМІ ў Расеі і на Захадзе пішуць пра пакт Молатава-Рыбэнтропа

Міністар замежных спраў Вячаслаў Молатаў падпісвае пакт аб ненападзе паміж Нямеччынай і СССР (Пакт Молатава-Рыбэнтропа). Масква, СССР.

23 жніўня 1939 году спаўняецца 80 гадоў з моманту падпісаньня Пакта Молатава-Рыбэнтропа. Тады СССР і нацысцкая Нямеччына падпісалі дамоўленасьць аб ненападзе, а ў сакрэтным пратаколе да яе замацавалі дамову аб фактычным падзеле Ўсходняй Эўропы і краінаў Балтыі.

«Нацысцка-савецкая пагроза насоўваецца», «Вайны не пазьбегнуць», — пісалі тады ў газэтах. І, як неўзабаве высьветлілася, яны мелі рацыю: Другая сусьветная вайна пачалася ўжо праз тыдзень, калі Нямеччына (а неўзабаве і СССР) напалі на Польшчу.

Тэкст пакта Молатава-Рыбэнтропа ў газэце "Правда"

На працягу паўстагодзьдзя СССР адмаўляў сам факт існаваньня «сакрэтнага пратаколу» па падзелу Польшчы і краінаў Балтыі. Толькі падчас «перабудовы», на I Зьездзе народных дэпутатаў СССР па патрабаваньні трох балтыйскіх рэспублік была створана камісія па ацэнцы пакта Молатава-Рыбэнтропа. Тады яна працавала з копіямі пратаколу, выяўленымі ў Нямеччыне пасьля вайны і апублікаванымі на Захадзе. У канцы снежня 1989 года на аснове дакладу гэтай камісіі II Зьезд народных дэпутатаў асудзіў сакрэтны пратакол і прызнаў яго няслушным. Арыгіналы дакумэнтаў захоўваліся ў архівах ЦК КПСС — іх выявілі толькі ў 1992 годзе і неўзабаве іх апублікавалі.

Сакрэтны пратакол да пакта Молатава-Рыбэнтропа

Да чарговай гадавіны падпісаньня пакта расейскія фэдэральныя СМІ падрыхтавалі цэлую сэрыю матэрыялаў, пасыл якіх цалкам супадае з заявамі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Той працягвае лічыць, што падпісаны пакт «меў сэнс для забесьпячэньня бясьпекі СССР» і быў «калясальным посьпехам сталінскай дыпляматыі». Усьлед за ім фэдэральныя каналы пацьвердзілі: Сталін, падпісаўшы пакт, нібыта ўсё зрабіў правільна, а супрацоўніцтва з нацыстамі для СССР было вымушанай мерай. Меркаваньня аб дамове самой Польшчы і краінаў Балтыі ў фэдэральных расейскіх СМІ мала каго цікавіць.

• «Савецкі Саюз быў вымушаны падпісаць гэты дакумэнт дзеля гарантыі сваёй бясьпекі» (заяўляе «НТВ», Расея).

• «Тады СССР ня толькі атрымаў двухгадовую фору для падрыхтоўкі да нападу Нямеччыны, але і адсунуў свае межы на сотні кілямэтраў ад Ленінграда, Адэсы і Менска» (запэўнівае «1 канал», Расея).

• «Дамова дазволіла перанесьці мяжы на захад да 350 кілямэтраў, што забясьпечыла магчымасьці для больш надзейнай абароны» («Звезда», Расея).

Ідэалягічная «абязалаўка» па тэме пакта Молатава-Рыбэнтропа не абыходзіць бокам нават тэлеканал «Культура».

У кожным матэрыяле на адпаведную тэму расейскія тэлеканалы прасоўваюць адну і тую ж думку: Другую сусьветную вайну разьвязаў Гітлер і заходнія краіны, а Савецкі Саюз толькі абараняўся. А гістарычныя дакумэнты, якія аспрэчваюць гэтае сьцьвярджэньне, нібыта проста фабрыкацыі.

«Напярэдадні вайны Эўропа была літаральна наводненая падробленымі савецкімі дакумэнтамі, якія заходнія лідэры прымалі за чыстую манэту» (заяўляе тэлеканал «Культура», Расея).

І разам з гэтым ніводнага слова пра трагічныя наступствы пакта для краін, якія сталі ахвярамі ваеннай агрэсіі ня толькі Гітлера, але і Сталіна.

У заходніх СМІ стаўленьне да Пакту Молатава-Рыбэнтропа супрацьлеглае:

•«Пакт Рыбентропа-Молатава. Дʼябальскае перамірʼе», — дае вызначэньне дакумэнту польская газэта Rzeczpospolita.

•«Як Гітлер і Сталін падзялілі Эўропу», — апісвае дамову польская Gazeta Wyborcza.

•«Расея піша новую гісторыю Другой сусьветнай вайны», — заўважае польская Forsal.pl.

У Эстоніі тэме падпісаньня пакта Молатава-Рыбэнтропа прысьвяцілі штогадовы прэзыдэнцкі прыём у гонар гадавіны аднаўленьня незалежнасьці. З нагоды 50-й гадавіны падпісаньня пакта — 23 жніўня 1989 года, — у балтыйскіх краінах адбылася беспрэцэдэнтная акцыя пратэсту, «Балтыйскі шлях». Ад Таліна да Вільні больш за два мільёны чалавек сталі, узяўшыся за рукі, і запатрабавалі: «Свабоду!»

Вільня, Літва, 23 жніўня 1989 году. «Балтыйскі шлях» — ланцуг людзей праз тры балтыйскія рэспублікі 23 жніўня 1989 году, у 50-ю гадавіну пакту Молатава-Рыбэнтропа, які прывёў да савецкай акупацыі Латвіі, Літвы і Эстоніі.

Пачатак «Балтыйскага шляху» у Таліне стаў моцным каталізатарам руху за аднаўленьне незалежнасьці ва ўсёй Балтыі, а жывы ланцуг, у якім прынялі ўдзел сотні тысяч чалавек, нават увайшла ў сьпісы спадчыны ЮНЭСКО — арганізацыя прызнала акцыю «Балтыйскі шлях» фэномэнам негвалтоўнага супраціву. Балтыйская прэса кожны год друкуе ўспаміны ўдзельнікаў тых падзей.

Для нямецкіх СМІ Пакт Молатава-Рыбэнтропа — гэта ў першую чаргу пакт Гітлера-Сталіна, так што акцэнты адказнасьці расстаўлены даволі ясна.

«Камандная праца дыктатараў» — апісвае дакумэнт артыкул Suddeutsche Zeitung. Пра «вераломства» «таталітарных дыктатураў» таксама піша газэта Faz.

Нямецкія СМІ прызнаюць: менавіта пакт дазволіў нацыстам бесьперашкодна пачаць Другую сусьветную вайну, і Сталін ахвотна дапамагаў ім у гэтым, акупаваўшы частку Польшчы, Фінляндыі і цалкам усе Балтыйскія краіны. Дзякуючы дамове, Савецкі Саюз, пішуць нямецкія газэты, павялічыў сваю тэрыторыю больш чым на 400 тысяч квадратных кілямэтраў, якія ляглі ў падмурак пасьляваеннай Савецкай імпэрыі.

«На працягу 50 гадоў Кампартыя называла Дамову аб ненападзе найвышэйшым дасягненьнем савецкай дыпляматыі, адклаўшым пачатак вайны з Нямеччынай. Пра ўсё іншае, пра таемныя пратаколы, камуністычныя ўлады маўчалі» (Spiegel, Нямеччына).

******

Нямецкія танкі перасякаюць дзяржаўную мяжу з Польшчай, 6 верасьня, 1939

23 жніўня 1939 года кіраўнікі ведамстваў па замежных справах нацысцкай Нямеччыны і Савецкага Саюза Ёахім фон Рыбэнтроп і Вячаслаў Молатаў падпісалі дамову аб ненападзе паміж дзьвюма дзяржавамі на тэрмін у 10 гадоў.

Бакі абавязваліся:

• Устрымлівацца ад нападу адзін на аднаго,

• Выконваць нэўтралітэт у выпадку, калі адзін з бакоў станавіўся абʼектам ваенных дзеяньняў трэцяга боку,

• Адмовіцца ад саюзных адносінаў з іншымі краінамі, калі яны «прама ці ўскосна накіраваны супраць іншага боку»,

• Узаемна абменьвацца інфармацыяй аб пытаньнях, якія закранаюць інтарэсы бакоў.

Паводле сакрэтнага дадатковага пратаколу аб разьмежаваньні сфэр інтарэсаў ва Ўсходняй Эўропе, які прыкладаўся да дамовы, у сфэру інтарэсаў СССР была аднесеная Латвія, Эстонія, Фінляндыя, усходнія вобласьці Польшчы, Бесарабія і Паўночная Букавіна. Нямеччына, у сваю чаргу, вызначыла ў зону сваіх інтарэсаў Літву і заходнюю частку Польшчы.

Неўзабаве пасьля падпісаньня пагадненьня, у поўнай адпаведнасьці з дакумэнтам, СССР акупаваў сваю частку Польшчы, а таксама напаў на Фінляндыю і ўвёў войскі на тэрыторыю Румыніі і ў краіны Балтыі. Тры балтыйскіх дзяржавы, а таксама часткі Румыніі і Фінляндыі ў хуткім часе пасьля гэтага сталі часткамі СССР.

Савецкія войскі ў Беластоку, 1939, Польшча

Пакт Молатава-Рыбэнтропа спыніў дзейнічаць толькі 22 чэрвеня 1941 года, калі Нямеччына напала непасрэдна на Савецкі Саюз.

У 1945 году саюзьнікі знайшлі ў дакумэнтах нямецкага вайсковага камандаваньня копію сакрэтнага пратаколу, і пагадненьне СССР з нацысцкай Нямеччынай упершыню стала здабыткам грамадзкасьці. Але ўлады СССР пасьля гэтага яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў усё роўна адмаўлялі існаваньне сакрэтнага пратаколу да пакту. МЗС Расеі апублікаваў дакумэнт толькі ў 1992 годзе, ужо пасьля распаду Савецкага Саюза.