Праваахоўнікі выявілі аўтара паведамленьняў з прапановамі забраць выбухоўку і аднесьці яе на станцыю менскага мэтро.
Як сьцьвярджае ГУБАЗіК, паведамленьні пісаў 21-гадовы раней не судзімы жыхар Менску, які працуе праграмістам у прыватнай кампаніі. Прынамсі чатыром знаёмым праз мэсэнджэр (але зь не знаёмага ім нумару) ён прапаноўваў забраць пакет з самаробнай бомбай і аднесьці яго на адну са станцыяў мэтро.
У паведамленьнях ён абяцаў узнагароду ў 15 тысяч даляраў. А калі яны таго ня зробяць, аўтар пагражаў «расправай над блізкімі і родзічамі». Прынамсі адно з паведамленьняў было на ангельскай і арабскай мовах.
Ці была бомба, не паведамляецца. Але адначасова з пошукам аўтара паведамленьня праваахоўнікі назіралі за месцам, дзе прапаноўвалася забраць бомбу. Прынамсі, цяпер пра канфіскацыю выбухоўкі не паведамляецца.
Адносна аўтара паведамленьняў яшчэ не распачалі крымінальную справу — толькі перадалі зьвесткі сьледчым. Але міліцыя намякае на адказнасьць паводле артыкула за «фальшывае паведамленьне пра небясьпеку».
Мяркуючы па агучаным максымальным пакараньні, гаворка пра ч.1 арт. 340 КК РБ — там прадугледжваецца штраф, арышт, абмежаваньне волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў. Другая частка артыкула тычыцца дзеяньняў, якія пацягнулі за сабой шкоду ў буйным памеры або іншыя цяжкія наступствы — верагодна, дзеяньні праграміста пад гэта яшчэ не падпадаюць.
Аднойчы бомбу ў менскім мэтро сапраўды падарвалі — ад выбуху 11 красавіка 2011 году на станцыі «Кастрычніцкая», загінулі 15 чалавек, былі параненыя яшчэ чатыры сотні. Дваіх прызналі вінаватымі і расстралялі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 гадоў таму ў менскім мэтро выбухнула бомба. Што робяць, каб трагедыя не паўтарылася?Што важна ведаць пра «мінаваньне» будынкаў у Беларусі
Ад пачатку 2019 году за ілжывае мінаваньне будынкаў па ўсёй Беларусі завялі 35 крымінальных спраў. У ходзе іх расьсьледаваньня ўсталявалі 14 чалавек, датычных да падобных паведамленьняў, па шасьці крымінальных справах ужо прайшлі суды і вынесеныя прысуды. Расьсьледаваньні працягваюцца.
- 31 сакавіка невядомы паведаміў, нібыта замінаваны чыгуначны вакзал, а таксама гандлёвыя цэнтры Galileo і «Замак».
- 6 красавіка праз тэлефон сказалі, што ў гандлёвым цэнтры «Галерэя» закладзена выбухоўка.
- 27 красавіка абмежавалі рух менскага мэтро з прычыны «замінаваньня» станцыі «Ўручча». Пазьней увечары затрымалі чалавека, які меркавана зрабіў ілжывы званок.
- 29 красавіка паведамлялася пра «мінаваньне» аэрапорту, вакзалу і гатэля ў Менску.
У 2018 годзе ў Беларусі міліцыя зафіксавала 23 ілжывых «паведамленьня аб небясьпецы», піша МУС Беларусі.
Паводле арт. 340 Крымінальнага кодэксу заведама ілжывае паведамленьне аб небясьпецы можа карацца:
- штрафам ці арыштам;
- да 5 гадоў абмежаваньня волі;
- ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.