У касьцёле Сьвятога Андрэя, што ў мястэчку Кабыльніку (цяпер Нарач) 95 гадоў таму была ахрышчана спадарыня Ірэна, 87 гадоў таму — спадарыня Аляксандра, 77 гадоў таму — спадарыня Марыя. Марыю ў 1944-м бацькі зьвезьлі ў Польшчу, і яна стала жонкай восьмага прэзыдэнта Леха Качыньскага. 95-гадовая Ірэна і 87-гадовая Аляксандра прыйшлі 22 жніўня ў гэты касьцёл на адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі ў яе памяць.
На цырымонію адкрыцьця мэмарыяльнай дошкі Марыі Качыньскай прыехалі афіцыйныя асобы — віцэ-маршалак сэйму Рышард Тэрлецкі, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. І прыйшлі сотні вернікаў: найстарэйшай кабеце — 95, на руках у бацькоў немаўляткі.
Урачыстую імшу правёў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Менскі і Магілёўскі.
Марыя загінула разам са сваім мужам прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качыньскім пры крушэньні самалёта пад Смаленскам 10 красавіка 2010 году. «Сымбалічна, што мэмарыяльная дошка ў памяць Марыі Качыньскай выканана ў форме разгорнутай кнігі, якую ўсё сваё яскравае жыцьцё пісала Марыя Качыньская. На адной старонцы надпіс па-беларуску, на другой — па-польску. І таксама сымбалічна, што там ёсьць і крыж — закончылася зямное жыцьцё гэтай цудоўнай жанчыны», — кажа сьвятар.
Гісторыя касьцёла, які аб’яднаў такія розныя лёсы
Вёска Нарач (якая называецца так ад 1964 году) у XV стагодзьдзi мела назву Medal Minor. Ад XVI стагодзьдзя паселішча згадваецца пад назвай Кабыльнік. У 1434 годзе князі Сьвірскія заснавалі тут касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала. Сёлета парафіі сьвятога Андрэя спаўняецца 485 гадоў.
Першы будынак касьцёла быў драўляны. У1651 годзе князі Сьвірскія ўзводзяць новы, але яго зьнішчылі падчас «нашэсьця Масквы» ў вайну 1654–1667 гадоў.
У 1736 годзе касьцёл Сьвятога Андрэя рэканструявалі на сродкі тагачаснага дзедзіча Кабыльніка Марціна Аскеркі, кашталяна наваградзкага. Пасьля пажару 1862 году касьцёл ізноў аднаўляецца «коштам плябана Людвіга Мініцкага і Тытуса Сьвентаржэцкага».
У 1897 годзе закладаюцца падмуркі новай каменнай сьвятыні ў нэагатычным стылi. У 1901 годзе новы будынак касьцёла быў асьвечаны, у 1904 — кансэкраваны.
«Для каталіцкага касьцёлу ў Беларусі вельмі важна і пачэсна, што менавіта ў гэтай нарачанскай сьвятыні Андрэя Апостала Марыя Качыньская, першая лэдзі, жонка прэзыдэнта Польшчы, была ахрышчаная, гэта важна для парафіі. Касьцёл сьвятога Андрэя, дарэчы, сёлета адзначае 115-годдзе, а сама парафія — 485-годзьдзе», — кажа арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Марыя. Стала першай лэдзі Польшчы, загінула ў авіякатастрофе
Марыя нарадзілася 21 жніўня 1942 году ў лесьнічоўцы Махава каля Кабыльніка. Яе бацька Чэслаў Мацкевіч быў этнічным палякам, служыў лесьніком, ваяваў зь немцамі ў Арміі Краёвай. А маці, Лідзія Мацкевіч (Пішчака), нарадзілася ў расейскім Петраградзе, дзе яе бацькі, родам з-пад Кабыльніка, хаваліся ад Першай усясьветнай вайны. Працавала Лідзія настаўніцай.
«Чэслаў жыў каля Кабыльніка над Нараччу ў прыгожай драўлянай лесьнічоўцы, пабудаванай перад вайной. З аднаго богу дарогі знаходзілася надлясьніцтва, а з другога — лясьніцтва. Ён скончыў лясныя курсы ў Варшаве і працягваў «лясную службу ў дзяржаўных лясах» каля Нарачы. Вельмі апекаваўся малой дачушкай Марылькай, якую блізкія родзічы называлі Мушкай: часта яе купаў, спавіваў, гатаваў ёй ежу і карміў».
Так піша пра сям’ю Марыі польская дасьледчыца Барбара Станіслаўчык у кнізе «Апошні крык. Ад Катыні да Смаленску — гісторыі трагедый і каханьняў».
Неўзабаве Мацкевічы, Лідзія з малой дачкой і Чэслаў, перабраліся да віленскай радні, а ў 1944 годзе сям’я Чэслава Мацкевіча пераехала ў Члухаў, што на поўначы Польшчы.
На Вялікдзень у сям’і яйкі фарбавалі «па-беларуску» — шалупіньнем цыбулі
Марыя Мацкевіч скончыла Вышэйшую эканамічную школу ў Сопаце, яе спэцыялізацыя — замежны гандаль. Стажыравалася ў Лёндане і Парыжы. Валодала пяцьцю мовамі, грала на піяніна, цікавілася мастацтвам і сама прыдумляла мадэлі адзеньня.
Працуючы ў Марскім інстытуце ў Гданьску, Марыя наймала кватэру. У гэтым самым доме ў 1976 годзе пасяліўся дактарант Гданьскага ўнівэрсытэту Лех Качыньскі, які быў маладзейшы за Марыю на 7 гадоў. Як узгадвае дачка прэзыдэнцкай пары Марта ў сваіх успамінах «Мае бацькі», «празь нейкі час яны закахаліся. Былі падобныя адзін да аднаго — цёплыя, сардэчныя, прыхільныя людзі, з пачуцьцём гумару». У 1978-м Лех і Марыя пабраліся шлюбам, у 1980 годзе ў іх нарадзілася дачка Марта. Пасьля нараджэньня дачкі Марыя зарабляла рэпэтытарствам і перакладамі.
Марта мяркуе, што маці была палітычнай музай свайго мужа, натхняла яго на палітычную кар’еру — балазе яе продкі, у першую чаргу дзед Шыман Мацкевіч, зналі асабіста Юзафа Пілсудскага.
Дачка Качыньскіх узгадвае, што на Вялікдзень у сям’і яйкі фарбавалі заўсёды шалупіньнем цыбулі — па-беларуску.
У сваіх успамінах Марта прыгадвае і яшчэ адзін эпізод, на які спачатку не зьвярнула асаблівай увагі. На Вялікдзень у 2010-м, за некалькі дзён да трагедыі, са сваімі дочкамі Эвай і Марцінай Марта гасьцявала ў бацькоў. За гарбатай маці нечакана зьняла з рукі заручальны пярсьцёнак і прапанавала, каб Марта прымерыла. Тая ўзяла пярсьцёнак, надзяваць на палец ня стала з прычыны забабонаў, але зьвярнула ўвагу, што ён меў гравіроўку.
10 красавіка 2010 году Марыя разам са сваім мужам, прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качыньскім, і яшчэ некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў найвышэйшага кіраўніцтва Польшчы загінулі пры крушэньні самалёта пад Смаленскам.
Пасьля катастрофы толькі дзякуючы гэтаму ацалеламу пярсьцёнку ўдалося апазнаць цела маці.
Аляксандра. Усё жыцьцё шкадуе, што ня зьехала ў Польшчу
Спадарыню Аляксандру таксама хрысьцілі ў касьцёле Сьвятога Андрэя ў 1932 годзе. Цяпер ёй 87. Кажа, што памятае месца, дзе некалі жыла сям’я будучай жонкі прэзыдэнта Польшчы.
«Мае бацькі распавядалі пра Мацкевічаў, казалі, што сям’я была вельмі прыстойная, маці і бацька вельмі адукаваныя, і што яны пры канцы вайны зьехалі ў Польшчу. Але сама я, канечне, ня ведала іх. Я тады была яшчэ зусім малая...», — узгадвае спадарыня Аляксандра.
Кажа, што тутэйшыя вельмі ганарыліся, калі Леха Качыньскага абралі прэзыдэнтам, і распавядалі, што ягоная жонка родам з Кабыльніка.
Пра сябе Аляксандра гаворыць ня вельмі ахвотна: нарадзілася ў вёсцы Швакшты, на беразе аднайменнага возера. Даўно жыве ў Маладэчне, але кожны год на ўсё лета вяртаецца ў матчыну хату, нягледзячы на салідны ўзрост.
«Я вельмі люблю гэтыя мясьціны. Я была хрышчоная ў гэтым касьцёле, дзяўчынкай сюды хадзіла... І хоць ужо больш за 60 гадоў жыву ў Маладэчне, тут матчына хата. Двор вялікі, зялёненькі, гарод, кветкі, а я ж жыву на 4-м паверсе. Няма нічога даражэйшага за сваю малую радзіму. Я так і не прывыкла да Маладэчна, вельмі люблю гэтыя мясьціны», — скрушна ўздыхае жанчына.
Аляксандра прызнаецца, што яе сям’я пасьля вайны таксама хацела зьехаць у Польшчу, але трымала тое, што ў бацькі было вельмі шмат зямлі.
«А потым нам было так цяжка праз гэтую зямлю, што я адсюль, са Швакштаў, уцякла ў горад. Мама вельмі хацела зьехаць, зьбіралася ў Маскву зрабіць дакумэнты для выезду ў Польшчу. Я была хоць і маладая — 17 гадоў, але дужа „дзелавая“, як казала маці. Яна мяне проста дзяўбла: зьяжджай, маўляў, ты не прападзеш. Але я не захацела, зьбегла ў Маладэчна», — кажа Аляксандра.
«Зьбегла», бо ўсіх жыхароў Швакштаў прымусова загналі ў калгас. У прамым сэнсе — пад дулам аўтаматаў.
«Наша сям’я была вельмі заможная, у нас была крэпкая гаспадарка. Не кулакі, але заможныя. Кожны дзень да нас прыходзілі і ціснулі: „Ідзіце ў калгас!“ І вось аднойчы прыйшлі ў хату шэсьць чалавек з аўтаматамі, маму пасадзілі за стол, цэлую ноч трымалі пад зброяй, і толькі тады мама падпісалася. А тата хаваўся ў чужой хаце. Я раніцай прыйшла да таты і кажу: „Мама падпісала ўжо паперу, што мы пойдзем у калгас!“ Дык бацька так раззлаваўся, што да вечара не вяртаўся дадому».
Жанчына кажа, што спадзявалася атрымаць праз калгас адукацыю, але і гэтага не адбылося.
«І ўсё жыцьцё шкадую, што мы ня зьехалі. У нас шмат сваякоў у Польшчы, у Беластоку: Курцяноўскія наша прозьвішча», — кажа Аляксандра.
Ірэна. Пабывала ў розных краінах, ніколі не хацела зьехаць зь Беларусі
Спадарыні Ірэне 95 гадоў. Нарадзілася ў вёсцы за два кілямэтры ад Кабыльніка, зусім побач зь лесьнічоўкай Мацкевічаў. Кажа, што яе бацькі памяталі сям’ю Мацкевічаў, хадзілі разам да касьцёла. Бацькі распавядалі, што Мацкевічы зьехалі ў Польшчу. Але ні яны, ні Ірэна ніколі нават і не задумваліся, каб зьехаць адсюль.
«Я скончыла 6 клясаў польскай школы, а потым прыйшлі Саветы, і я 2 клясы расейскай школы скончыла. Польскую мову ведаю, расейскую і яшчэ нямецкую, бо падчас вайны, калі мне было 17 гадоў, пагналі на працы ў Нямеччыну. І 3 гады я працавала ў Нямеччыне. Калі скончылася вайна, вярнулася на радзіму. Я магла і ў Амэрыку зьехаць, бо мне было ўжо 20 гадоў, і ў Польшчу. Але я вярнулася ў Беларусь», — кажа спадарыня Ірэна.
У пошуках працы яна паехала тады ў Паставы, спрабавала ўладкавацца настаўніцай замежных моваў.
«Чыноўнік пачаў са мной па-нямецку размаўляць, я і выдала яму: „Пан ня дужа добра размаўляе“. А ён пытаецца: „Ты так добра размаўляеш, адкуль ты ведаеш нямецкую мову?“ Я адказваю: „Спачатку ў польскай школе вывучала, потым 3 гады была на прымусовых працах у Нямеччыне“. „О, калі ты была ў Нямеччыне, няможна табе выкладаць! Калі вазьму цябе на працу, мяне выганяць!“ Я спрабавала запярэчыць, што, маўляў, я ж не па сваёй волі, мяне туды прымусова пагналі на працы. Вось такія былі часы».
Спадарыня Ірэна кажа, што вельмі цяжка было і ў вайну, і пасьля, за сталінскім часам.
«І толькі калі Сталін памёр, стала крыху лягчэй жыць. А цяпер мы жывём вельмі добра, спакойна. І самае галоўнае — мірна.
Дарэчы, я дагэтуль памятаю нямецкую мову. Зьезьдзіла я і ў Амэрыку. Калі памёр мой муж, паехала да пляменьніка, сына майго брата, у госьці. Ён жыве ў Нью-Ёрку. Добра жыве, заможна. Але я ніколі не хацела зьехаць адсюль, ніколі нават у думках не было», — кажа спадарыня Ірэна.