Гарады з «памылкамі» ў назвах: Іванава ці Янаў?

Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 году. Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх зьмяніліся пад вонкавым уплывам.

Іванава

Афіцыйная назва — Іванава

Пачатная назва — Янаў

У гаворках Янова. Адна з апошніх зрусыфікаваных назваў гарадоў Беларусі.

Касьцёл і помнік сьвятому Андрэю Баболю ў Янаве. Літаграфія з акварэлі Н. Орды, ХІХ ст.

У XVII стагодзьдзі Янаў меў статус мястэчка Пінскага павету. Славіўся даставамі „літоўскага“ масла ў Варшаву. У 1657 годзе паселішча захапілі казакі, якія жорстка расправіліся з каталіцкім насельніцтвам. У прыватнасьці, тут распачаўся пакутніцкі шлях сьвятога Андрэя Баболі, яго яшчэ называюць «апосталам Палесься». Сёньня ён нябесны апякун Пінскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага касьцёлу Беларусі.

У часе вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1654–67 гадоў Баболю схапілі і закатавалі казакі з атраду палкоўніка Антона Здановіча. Сьвятар быў вядомы як здольны прамоўца, ён перамагаў у дыспутах прадстаўнікоў праваслаўя і схіляў іх да каталіцызму. Адны празвалі яго «душахватам», іншыя — «апосталам Піншчыны».

На пліту ў гонар Андрэя Баболі неаднаразова замахваліся вандалы

Ад 1795-га Янаў — у Кобрынскім павеце Расейскай імпэрыі. У 1861 годзе сюды зноў вяртаюцца казакі — ужо душыць сялянскія хваляваньні.

Паводле Рыскай дамовы 1921 году Янаў у складзе міжваеннай Польшчы. У верасьні 1939-га горад далучылі да БССР, і бальшавікі зьмянілі гістарычную назву на расейскі лад — Іванава.

Толькі асобна ўзятае чыгуначнае ведамства мела свой кансэрватыўны інтарэс не мяняць назваў станцыяў. Дзякуючы гэтаму гарадзкая чыгуначная станцыя па-ранейшаму называецца Янаў-Палескі (ёсьць таксама станцыі Высока-Літоўск каля Высокага, Койданава — станцыя гораду Дзяржынску).

Рынкавы пляц і царква ў Янаве, 1930-я гг

Яшчэ адна візытоўка Янава — лабары. Так шмат стагодзьдзяў называлі людзей, прафэсійным заняткам якіх было зьбіраньне грошай на будаўніцтва храмаў. Прычым канфэсійная прыналежнасьць будучай бажніцы, таксама як і мясцовасьць, куды выпраўляліся на пошукі ахвяраваньняў, ролі не адыгрывалі.

Каб іх не маглі зразумець чужынцы, лабары стварылі штучную мову. Бог — охвэст, царква — клюша, гаспадар — пахазнык, стары — ёры, малады — трыпэлы, хлеб — кумса, сала — крысо, бульба — трыжнікі.

У гады ваяўнічага атэізму янаўскія лабары перакваліфікаваліся ў працаўнікоў прадпрыемстваў і калгасьнікаў. Ад іх засталіся ўспаміны ды тайная мова, асобныя словы зь якой ужываюць хіба старажылы...

У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», зацьверджаным Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці і ўзгодненым з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі, форма Янаў фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць, пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа быць прызнаная нарматыўнаю.

Як пераймяноўвалі беларускія гарады

Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».

Перайменавалі старажытныя гарады й мястэчкі, назвы якіх былі «немілагучныя» або палітычна сумнеўныя для зрусыфікаванага бальшавіцкага вуха.

• Койданава (Койданаў) зрабілі Дзяржынскам,
• Рудобелку — Акцябарскім,
• Дрысу — Верхнядзьвінскам,
• Ігумен — Чэрвенем,
• Кабыльнік — Нараччу,
• Качэрычы — Кіраўскам,
• Прапойск — Слаўгарадам,
• Шацілавічы — Сьветлагорскам.

Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.​

Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.

Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.

«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі».

Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.

Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарады з «памылкамі» ў назвах: Дзятлава, Зьдзецел, Зецела?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарады з «памылкамі» ў назвах: Беразіно ці Бярэзань?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарады з «памылкамі» ў назвах: Брэст ці Берасьце?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарады з «памылкамі» ў назвах: Вілейка ці Вялейка?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарады з «памылкамі» ў назвах: Воранава ці Вярэнаў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарады з «памылкамі» ў назвах: Гродна ці Горадня?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарады з «памылкамі» ў назвах: Драгічын ці Дарагічын?