Мянчанка Стася Рудак 10 гадоў таму скончыла «падпольны» Беларускі гуманітарны ліцэй. І з таго часу дзе толькі не вучылася — у Эўропе, Паўночнай і Цэнтральнай Амэрыцы, у міжнародных каледжах, унівэрсытэтах. А пасьля яшчэ і выкладала. Кажа, што пазытыўныя зьмены ў Беларусь прынясуць тыя, хто пабачыў сьвет.
Нельга ў такі час пакідаць Беларусь
У родным Менску Стася транзытам. Апошнія два гады яна выкладала эканоміку ў каледжы ў Сан-Хасэ — гэта Коста-Рыка ў Лацінскай Амэрыцы. А цяпер кіруецца на магістратуру ў Стакгольм. Пры гэтым кажа, што яшчэ ня так даўно вучобу за мяжой лічыла ледзьве ня «здрадай радзіме».
«Можа, цяпер крыху інакш, але калі я займалася ў Коласаўскім ліцэі, лічылася вялікім зашкварам зьехаць за мяжу, — згадвае дзяўчына. — Нашая генэрацыя прайшла праз драматычную Плошчу 2006 году і ўсё, што адбывалася пасьля яе. На гэтай хвалі быў неверагодны градус патрыятызму, мае сябры разважалі, што нельга ў такі час пакідаць Беларусь, трэба нешта рабіць на яе карысьць дома. Прынамсі, у маёй суполцы любыя размовы пра ад’езд былі б успрынятыя няправільна».
А вось бацькі, а перадусім маці, думалі інакш. Ня бачачы асаблівых пэрспэктываў у Беларусі, мэтанакіравана шукалі дачцэ розныя адукацыйныя праграмы за мяжой.
На апошнім курсе ліцэю дзяўчына заявілася на адбор у міжнародную сетку United World Colleges («Каледжы аб’яднанага сьвету») — блізу двух дзясяткаў такіх устаноў вось ужо амаль 60 гадоў працуюць на ўсіх кантынэнтах. Двухгадовае ангельскамоўнае навучаньне вядзецца на перадунівэрсытэцкім узроўні, пад адным дахам займаюцца дзьве-тры сотні студэнтаў са 100 дзяржаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім школьнікам выдзелілі месцы ў чатырох міжнародных каледжахАдбор Стася пасьпяхова прайшла. Накіравалі яе вучыцца... у Босьнію і Герцагавіну. Што неадкладна прывяло да сямейнага канфлікту — яўна не пра такую адукацыю для дзіцяці марылі бацькі.
«Усё ж краіна засталася ў памяці як пацярпелая ад вайны, — працягвае Стася. — Хоць на той момант ад тых падзей мінула 15 гадоў, бацькам было складана адпусьціць мяне туды, дзе, на іхні розум, яшчэ горш, чым у Беларусі. Умоўная Італія ці Нарвэгія — іншая рэч. А вось Босьнія — штосьці зусім невядомае. У нашым абмежаваным сьветапоглядзе выбар даўся вельмі цяжка. Толькі тое, што яны ведалі маіх ліцэйскіх настаўнікаў, якія ўдзельнічалі ў адборы да UWC, неяк супакоіла».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска ў Босьніі і Герцагавіне: Мая кватэра ў мусульманскай частцы, сьвініну тут не прадаюцьАгульная карціна крыху падціскала на псыхіку
Старажытны Мостар, цэнтар гістарычнай вобласьці Герцагавіна, дзе ад 2006 году працуе каледж міжнароднай сеткі, сапраўды сустрэў сьлядамі балканскай вайны: руіны будынкаў, сьляды ад куляў, рэлігійны падзел. У адной частцы гораду атабарыліся басьнякі-мусульмане, у другой — харваты-каталікі. Навідавоку канфліктаў нібыта няма, але напружаньне адчуваецца ва ўсім.
У сярэдзіне 1990-х тут вяліся інтэнсіўныя баі: басьнійская армія абстрэльвала харватаў, харваты — басьнякоў. Па Цэнтральным бульвары праходзіла лінія фронту, большасьць будынкаў былі зьнішчаныя. Працэс аднаўленьня складаны: бакі дагэтуль спрачаюцца, каму што належыць.
«Безумоўна, агульная карціна крыху падціскала на псыхіку, але вялікага гвалту не было, хіба эпізадычныя сытуацыі — скажам так, канфлікт у неактыўнай фазе, — згадвае беларуска. — На гэтым фоне ў мяне не было асаблівых чаканьняў ад каледжу — адвяла сабе два гады на тое, каб зразумець, чаго я хачу ад жыцьця. А ў выніку закахалася ў саму ідэю UWC. Гэта быў досьвед, які ня толькі шмат на што раскрыў вочы, але і вызначыў мой шлях у далейшым».
На фоне міжэтнічных супярэчнасьцяў каледж хоць і заставаўся ізаляванай «бурбалкай», але навучэнцы далучаліся да розных праектаў, пакліканых дапамагчы жыхарам Мостара. Гэта і праца з уцекачамі, і клопат пра сірот, і дапамога меншасьці рома, і догляд за бяздомнымі жывёлінамі.
З досьведам суіснаваньня ў канфліктным асяродзьдзі Стася Рудак выправілася ў больш прадказальнае грамадзтва — паступіла ў Дартмуцкі ўнівэрсытэт у амэрыканскім штаце Нью-Гэмпшыр. Навучальная ўстанова ўваходзіць у так званую «Лігу плюшчу».
Беларуская мара ў амэрыканскай «Лізе плюшчу»
Восем унівэрсытэтаў, якія складаюць «Лігу плюшчу», — Гарвардзкі, Ельскі, Прыстанскі, Калюмбійскі, Пэнсыльванскі, Браўнскі, Карнэльскі і Дартмуцкі, — лічацца ў ЗША найбольш прэстыжнымі.
«Гэта сапраўды адзін з найлепшых амэрыканскіх унівэрсытэтаў. Там я скончыла бакаляўрэат і атрымала дзьве спэцыяльнасьці — палітыка і эканоміка, — кажа Стася Рудак. — Таксама займела першы, хоць і зусім невялікі, досьвед выкладаньня. А калі тэрмін навучаньня падыходзіў да канца, паўстала дылема: шукаць варыянты магістратуры ці паспрабаваць прыкласьці веды на практыцы? І я зноў вярнулася ў Мостар».
Гэтым разам — у якасьці выкладчыцы. Праўда, вакансій згодна з атрыманым дыплёмам не было, і ёй прапанавалі ўзяць курс матэматыкі. Новы прафэсійны досьвед Стасю не палохаў, а вось будучыя студэнты — так.
«Крыху страшыла тое, што табе ўсяго 23 гады, а ў клясе сядзяць не нашмат маладзейшыя за цябе — амаль дарослыя людзі са сваёй пазыцыяй, — сьмяецца Стася. — Таму на першым часе было досыць цяжка: ня тое што ставяць пад сумнеў твой аўтарытэт, але спрабуюць паглядзець, ці дасі ты слабіну, як супрацьстаіш выклікам. Таму я б ня раіла ісьці ў такім узросьце ў настаўнікі. Нашмат прасьцей выкладаць, калі маеш пэўны жыцьцёвы досьвед. Але паступова справа наладзілася, мы знайшлі агульную мову...»
Гэтым разам у Босьніі і Герцагавіне Стася засталася на тры гады. Пазьней пачала выкладаць усясьветную палітыку, а паралельна шукала магчымасьць заняцца тым, што захапляла рэальна — эканомікай. І неўзабаве такі шанец зьявіўся. Праўда, дзеля гэтага трэба было перабрацца з Эўропы ў Лацінскую Амэрыку.
Дзякуй за супрацу, але далей пайду сваім шляхам
Пасада выкладчыка эканомікі зьявілася ў Коста-Рыцы — яшчэ ў адным каледжы глябальнай сеткі UWC.
У 2017 годзе, перад пачаткам навучальнага сэзону, Стася выправілася ў горад Сан-Хасэ. І калі ў Босьніі пра існаваньне Беларусі яшчэ нешта чулі, то для костарыканцаў давялося падрыхтаваць унівэрсальны шаблён лікбезу.
«Нават развучыла стандартны дыялёг па-гішпанску, бо пытаньні збольшага адны і тыя ж, — расказвае беларуска. — Бачаць, што не тутэйшая, пытаюцца — адкуль. Калі чуюць Bielorussia, адразу робяць выснову, што гэта Russia. Тлумачыш, але для іх усё адно: тую ж Расею на мапе паказаць ня можам, а вы — ужо зусім нешта незразумелае. Да таго ж перакананыя, што ў нас вечная зіма, пастаянна ідзе сьнег. То бок, калі ў іх круглы год +27, то ў нас павінна быць тое самае, толькі зь мінусам».
Пасьля двух гадоў выкладаньня эканомікі Стася Рудак вырашыла рухацца далей. Кажа, што гэтага патрабуе і прынцып UWC, які вымагае пастаяннага ўдасканаленьня.
«Калі столькі гадоў варысься ў гэтай сфэры — як студэнт, выкладчык, сябра Нацыянальнага камітэту UWC — шмат якія рэчы разумееш па-іншаму, — тлумачыць яна. — Пачынаеш бачыць хібы, задаваць пытаньні. Хочаш нешта зьмяніць, а не атрымліваецца. Але гэта ня значыць, што ты ня ўправілася са сваёй задачай. Цябе проста не зразумелі, ці нават не зьбіраліся. Таму ня варта і працягваць. Сьвет ня рухне, калі скажаш: «Дзякуй за супрацу, але далей я пайду сваім шляхам».
Толькі Беларусь загрузла ў сваёй плянавай эканоміцы
Цяпер позірк Стасі Рудак скіраваны на Швэцыю. Тут, у сталічнай Stockholm School of Economics, пасьля амэрыканскага бакаляўрэату яна зьбіраецца стаць дыплямаваным магістрам эканомікі.
«Два бліжэйшыя гады буду вучыцца ў Стакгольмскай школе эканомікі. На яе базе існуе Stockholm Institute of Transition Economics — Інстытут пераходных эканомік, які займаецца праблемамі былога сацыялістычнага блёку. Можа, пытаньне не такое гарачае, як 20–30 гадоў таму, калі ўсё развальвалася і рабіліся рэформы ў Польшчы, Чэхіі і г.д. Але паколькі Беларусь загрузла ў сваёй плянавай эканоміцы, пытаньне пераходу на новы ўзровень застаецца надзвычай актуальным».
Стася спадзяецца, што яе веды калі-небудзь запатрабуюцца на радзіме, дзе эканамічныя пераўтварэньні даўно насьпелі, але з розных прычын не ажыцьцяўляюцца.
«Мой напрамак — policy, — тлумачыць будучая эканамістка. — У нас няма добрага перакладу гэтай тэрміналёгіі, кажуць пра рэформы — але гэта ўжо больш глябальная рэч. А тут гаворка пра крокі, якія павінна зрабіць дзяржава дзеля аздараўленьня ў палітыцы, сацыяльнай сфэры, рынкавых адносінах. У любым разе пераканалася, калі выкладала эканоміку ў Коста-Рыцы: гэта тое, чым я хачу і гатовая займацца. У тым ліку — каб дапамагчы інтэграваць беларускую эканоміку ва ўсясьветную».
Чаму Стася больш ня верыць у адукацыйны патрыятызм
Стася Рудак — сябра Нацыянальнага камітэту «Каледжаў аб’яднанага сьвету» ў Беларусі. Яна ці не адзіная прадстаўніца Беларусі, якая пабывала і студэнткай, і выкладчыцай, агулам аддаўшы UWC-руху 7 гадоў.
«Мне заўсёды хочацца данесьці думку: няважна, якія адзнакі і наколькі камфортна вы адчувалі сябе ў школе. Калі ёсьць жаданьне нешта рабіць, паляпшаць, — гэта правільны шлях. Галоўнае — крытычна ставіцца да рэчаў вакол сябе. Не абавязкова гэта пра палітычныя тэмы. Напрыклад, чаму дома мы дзелім сьмецьце на плястык, шкло і паперу, а прыяжджае грузавічок і скідае гэта ў адну кучу? Калі вас такія рэчы турбуюць і вы хочаце нешта зьмяніць, досьвед UWC будзе вельмі карысны».
Паводле Стасі, сама структура каледжаў спрыяе таму, што чалавек варыцца ў інтэрнацыянальным асяродзьдзі, міжволі пашыраючы цывілізацыйныя рамкі — гэта тое, чаго пазбаўленыя студэнты ў Беларусі.
«Акрамя таго, гэта яшчэ магчымасьць якаснай адукацыі, — кажа яна. — Не прагульваць пары і атрымліваць залікі за тое, што валянтэрыш на Эўрапейскіх гульнях ці ходзіш на хакей з удзелам прэзыдэнта, а прыходзіць у кляс і слухаць выкладчыка з адкрытым ротам. Вучыцца думаць, разважаць, правільна даносіць думку. Хочацца бачыць больш маладых беларусаў, якія пройдуць праз такую міжнародную практыку».
Стася Рудак вяртаецца да пачатку размовы і кажа, што больш ня верыць у адукацыйны патрыятызм. На яе перакананьне, пазытыўныя зьмены ў беларускае грамадзтва прынясуць людзі, якія пабачылі сьвет і атрымалі патрэбны досьвед. Сёньняшняя беларуская сыстэма — гэта замкнёнае кола, разарваць якое здольныя толькі тыя, хто не заангажаваны ў дзяржаўную вэртыкаль, падсумоўвае яна.