Будоўля рэстарана, які ўзводзіць кампанія «Тапас», ужо выклікала нэгатыўную рэакцыю эколягаў. Напрыканцы мінулага году ўказам Аляксандра Лукашэнкі межы ляндшафтнай зоны былі зьмененыя. Комплекс гатовы на 80%.
Рэстаран здадуць у кастрычніку
Адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску абвясьціла, што грамадзкае абмеркаваньне справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе «абʼекта грамадзкага харчаваньня з добраўпарадкаваньнем прылеглай ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны ў раёне праспэкта Пераможцаў — вуліцы Ратамскай» мае прайсьці з 14 жніўня па 13 верасьня. У адміністрацыі карэспандэнту Свабоды не сказалі, ці прызначана дата правядзеньня грамадзкага сходу.
Як вынікае са справаздачы, Менгарвыканкам 12 красавіка 2019 года зацьвердзіў акт выбару месца разьмяшчэньня зямельнага ўчастка плошчай 3,9957 га бяз выхаду ў акваторыю возера «Лебядзінае».
Цяпер «Тапас» просіць выдзеліць дадатковы ўчастак плошчай 0,13 га для будаўніцтва «назіральнай пляцоўкі з альтанкай для назіраньня за птушкамі з выхадам на акваторыю возера «Лебядзінае» ў межах рэспубліканскага біялягічнага заказьніка.
Галоўны інжынэр падраднай кампаніі «Тапас плюс» Дзьмітры Чарапнёў сказаў карэспандэнту Свабоды, што, нягледзячы на абвешчаныя грамадзкія слуханьні, будаўнічыя працы працягваюцца.
«Цяпер вядуцца аддзелачныя працы. Будынак гатовы на 80%. Таксама вядзецца добраўпарадкаваньне прылеглай тэрыторыі, гэта пірс і выхад на заказьнік „Лябядзіны“, пешаходныя дарожкі», — сказаў Дзьмітры Чарапнёў.
Здаць абʼект будаўнікі плянуюць у кастрычніку 2019 году.
«Працэдура прапісаная заканадаўствам»
Чаму так атрымалася, што грамадзкія слуханьні пра ўплыў на навакольнае асяродзьдзе праводзяць толькі тады, калі рэстаран амаль гатовы?
Прадстаўнік упраўленьня праектных работ кампаніі «Тапас», галоўны інжынэр праекту Аляксандар Шабан сказаў Свабодзе, што «працэдура адносна грамадзкага абмеркаваньня прапісаная заканадаўствам».
«Гэтая працэдура накладае на заказчыка пэўныя абавязаньні: выставіць матэрыялы на грамадзкае абмеркаваньне, аддаць прэзэнтацыйныя матэрыялы ў выканкам і даць інфармацыю ў мэдыі. На гэтым функцыя заказчыка выкананая. Мы чакаем заўваг і прапаноў, якія будуць паступаць ад грамадзкасьці на адрас выканкаму. І выканкам будзе вырашаць, ці праводзіць сход грамадзкасьці», — сказаў Аляксандар Шабан.
Рэстаран пакуль ня мае назвы. Будынак будзе аднапавярховы, з банкетнай заляй, плошча — 1500 квадратных мэтраў, сказаў Аляксандар Шабан.
«Тапас» просіць яшчэ 0,13 га
Як вынікае са справаздачы, Менгарвыканкам 12 красавіка 2019 года зацьвердзіў акт выбару месца разьмяшчэньня зямельнага ўчастка плошчай 3,9957 га бяз выхаду ў акваторыю возера «Лебядзінае».
Цяпер «Тапас» просіць выдзеліць дадатковы ўчастак плошчай 0,13 га для будаўніцтва «назіральнай пляцоўкі з альтанкай для назіраньня за птушкамі з выхадам на акваторыю возера „Лебядзінае“ ў межах рэспубліканскага біялягічнага заказьніка». Як гаворыцца ў дакумэнце, гэты ўчастак разьмешчаны ў межах «асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі — заказьніка рэспубліканскага значэньня „Лябядзіны“».
«Нейкай закрытай інфармацыі няма»
Паводле Аляксандра Шабана, падʼезд да рэстарана будзе адзін — праз тэрыторыю фізкультурна-спартыўнага комплексу. Проста з вуліцы туды не заехаць.
«Трэба трапіць на тэрыторыю фізкультурна-спартыўнага комплексу, праехаць яго і потым трапіць на дарогу да гэтага рэстарану. А каб трапіць туды людзям, з боку праспэкту Пераможцаў робіцца добраўпарадкаваньне, і туды будзе падыходзіць пешаходная дарожка. То бок, пакінуўшы аўтамабіль на праспэкце, трэба будзе пешшу ісьці да рэстарана і да канца возера», — сказаў Аляксандар Шабан.
Да комплексу будуецца падʼязная дарога. «Экасьцяжына, якая існуе, будзе добраўпарадкаваная, — абяцае галоўны інжынэр. — Там будуць арганізаваныя месцы назіраньня за птушкамі, пляцоўкі, лаўкі, каб было зручна назіраць і рабіць гэта ня недзе ў брудзе ў лесе».
Прадстаўнік «Тапаса» паведаміў, што будоўля вядзецца «зь мінімальнымі нэгатыўнымі наступствамі для навакольнага асяродзьдзя».
«Адносна арганізацыі жыцьця жывёл мы прыцягнулі і Акадэмію навук для гідраэкалягічнага абгрунтаваньня і распрацоўкі разьдзелу справаздачы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе. Яны даюць нам рэкамэндацыі, і мы прадугледжваем розныя пляцоўкі для птушак, каб яны там гнездаваліся і адпачывалі. Усё адкрыта, усе дакумэнты прадстаўленыя, усё можна прачытаць і паглядзець. Нейкай закрытай інфармацыі няма», — сказаў Аляксандар Шабан.
Эколягі занепакоеныя
Заяўку на правядзеньне грамадзкага сходу па абмеркаваньні справаздачы аб узьдзеяньні будоўлі «Тапаса» на навакольнае асяродзьдзе падала грамадзкая арганізацыя «Багна».
Кіраўнік таварыства «Горад для гараджан» Дзяніс Кобрусеў мяркуе, што «Тапас» намагаецца максымальна ўзгадніць будоўлі, якія ўжо паўсталі побач з заказьнікам.
«Гэта чыста фармальная рэч, каб датрымацца хоць нейкіх нормаў законнасьці. Але ў абмеркаваньнях варта браць удзел, бо можа ўсплыць інфармацыя пра тое, што там рэальна яшчэ могуць пабудаваць, ці ня скончыцца ўсё толькі рэстаранам».
Адзін з эколягаў ананімна ахарактарызаваў будоўлю так: «Там усё вельмі кепска, будзе вялікі скандал».
Яны цьвердзяць, што рэстаран узводзіцца ў буфэрнай зоне паміж заказьнікам і жылым комплексам.
Як адразалі зямлю ад заказьніка
Адразаць зямлю ад «Лебядзінага» пачалі яшчэ ў 2014 годзе. Спачатку пастановай Савету Міністраў ягоную тэрыторыю зьменшылі на 8 гектараў.
У лютым 2018 году Аляксандар Лукашэнка ўнёс зьмены ў генплян Менску. Ад ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны адарвалі яшчэ 3,45 га ў раёне вуліц Ціміразева — Ратамскай. Частку гэтых зямель перадалі кампаніі «Тапас», якая згодна з указам 2014 году будуе жылыя комплексы «Браслаўскі» і «Алімпік-парк» побач з заказьнікам (у межах праспэкту Пераможцаў, вуліц Браслаўскай і Ціміразева). Тамсама паўстала і лядовая арэна, на якой гуляюць у хакей Лукашэнка і каманды аматарскай лігі прэзыдэнцкага спартовага клюбу.
Зямельныя ўчасткі «Тапас» атрымаў без аўкцыёну, далі яму і розныя льготы. Сярод іншага Лукашэнка дазволіў «выдаляць абʼекты расьліннага сьвету без правядзеньня кампэнсацыйных пасадак» і «ажыцьцяўляць зьняцьце ўрадлівага пласта глебы». Комплексы дабудуюць у 2019 годзе.
Калі ў канцы 2018 году высьветлілася, што «Тапас» будуе «шматфункцыянальны комплекс» на землях, якія ўсё яшчэ ўваходзяць у тэрыторыю заказьніка, Лукашэнка падпісаў яшчэ адзін указ, які дадаткова зьменшыў межы «Лебядзінага».
Хто стаіць за забудоўшчыкам?
ТАА «Тапас» — адзін з найбуйнейшых забудоўшчыкаў Менску. Узначальвае кампанію вядучы хакеіст прэзыдэнцкай каманды Павал Белы.
У 2012 годзе ў мэдыях зьявілася інфармацыя, што яго затрымалі нібыта за нелегальны перавод за мяжу шасьці мільёнаў даляраў. Аднак празь некалькі дзён Белы зноў зьявіўся на хакейным полі разам з кіраўніком краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сытуацыя катастрафічная». Ці выжыве менскі заказьнік пасьля забудовы кампаніяй хакеіста з каманды Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас усё па законе, а яны бунтуюць». Жыхары Заслаўя супраць заводаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няхай будуюць побач з райвыканкамам». Лагайчане супраць заводу па вырабе катлет для McDonalds. ФОТА