Пра гэта Свабодзе 22 жніўня заявіла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Іна Мядзьведзева.
«Сёлета дзяржава бярэ на сябе 35% выдаткаў. Усё астатняе — за кошт спонсараў. На папярэднім перапісе, які прайшоў 10 гадоў таму, прапорцыя была зусім іншая: 95% — бюджэтныя грошы, і толькі 5% — спонсары».
Галоўны фундатар перапісу-2019 — Усясьветны банк. Ён выдаў на гэтыя мэты 1,9 мільёна даляраў. Навацыя перапісу — удзел у ім праз інтэрнэт — цалкам аплачваецца банкам.
Што тычыцца канкрэтнай сумы ўсіх выдаткаў на перапіс, то, паводле спадарыні Мядзьведзевай, назваць яе можна будзе толькі ў лютым 2020 году.
Асабістыя дадзеныя ня трапяць у чужыя рукі
Адказваючы яшчэ на адно пытаньне Свабоды — пра гарантыі таго, што дадзеныя перапісу ня трапяць у чужыя рукі, — чыноўніца запэўніла: такога ня будзе.
«Мы зрабілі і зробім усё, каб чужыя сакрэты ня трапілі кудысьці. Права на апрацоўку дадзеных будзе толькі ў некалькіх чалавек. Яны будуць знаходзіцца ў адмысловым пакоі, куды нельга зайсьці нікому староньняму. А самае галоўнае, што ўсе дадзеныя адразу будуць кадавацца. Так што ні прозьвішча, ні адрасу ніхто не пабачыць. Іх заменяць наборы лічбаў», — сказала Іна Мядзьведзева.
Перапіс пройдзе трыма спосабамі
На выбар можна:
- Прыйсьці на стацыянарныя ўчасткі, якія будуць працаваць з 4 па 30 кастрычніка.
- Інтэрнэт-перапіс можна прайсьці самастойна з 4 па 18 кастрычніка. Тры дні даецца на апрацоўку атрыманых вынікаў.
- З 21 па 30 кастрычніка да тых, хто ня браў удзелу ў апытаньні, органы дзяржстатыстыкі накіруюць перапісчыкаў з пляншэтамі. Калі людзі адмовяцца пускаць у дом чужых людзей, іх запросяць на стацыянарныя перапісныя ўчасткі.
Фармулёўкі моўных пытаньняў тыя самыя, што і ў 2009 годзе
Моўных пытаньняў у анкеце два.
Пытаньне № 12: «Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве)?»
Пытаньне № 13: «На якой мове вы звычайна размаўляеце дома?»
І прапанаваныя 5 варыянтаў адказаў: беларуская, руская, польская, украінская, іншая мова.
Моўныя пытаньні рэкамэндаваныя Канфэрэнцыяй эўрапейскіх статыстыкаў. Там ёсьць разьдзел 12 — «Этнакультурныя характарыстыкі». Прапануюцца чатыры канцэпцыі. Кожная краіна можа выбіраць альбо ўсе чатыры, альбо дзьве.
- А — родная мова, якая вызначаецца як першая мова, засвоеная ў раньнім дзяцінстве.
- В — асноўная мова, якая вызначаецца як мова, якой асоба валодае лепш за ўсё.
- С — звычайна ўжываная мова, якая вызначаецца як тая, што найчасьцей ужываецца дома, на працы.
- D — веданьне мовы (моваў), што вызначаецца як уменьне размаўляць, пісаць на адной або некалькіх мовах.
Беларусь выбрала дзьве пазыцыі — А і С.
Галоўныя лічбы 2009 году
Апошні перапіс у Беларусі праводзіўся з 14 па 24 кастрычніка 2009 году. Паводле дадзеных перапісу 2009 году, у Беларусі пражывала 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек. Беларусаў зь іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасьці).
У перапісе 2009 году роднай мовай беларускую назвалі 53,2% насельніцтва Беларусі. У часе перапісу 1999 году роднай мовай беларускую назвалі 73,6%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыгоды адсоткаў у каралеўстве крывых люстэркаў