Гарады з «памылкамі» ў назвах: Драгічын ці Дарагічын?

Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 году. Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх зьмяніліся пад вонкавым уплывам.

Драгічын

Афіцыйная назва — Драгічын

Першасная беларуская назва — Дарагічын

Наагул Дарагічынаў на беларускай этнічнай тэрыторыі два. Большы і старажытнейшы, які над Бугам і вядомы з XI ст., цяпер знаходзіцца ў Польшчы.

А першы пісьмовы ўспамін пра той, які цяпер у Берасьцейскай вобласьці, зьмяшчаецца ў Літоўскай мэтрыцы і датуецца 1452 годам. Але там ідзецца пра Давячоравічы — такая пачатная назва сучаснага Драгічына ў складзе Пінскага староства.

Айконім паходзіць ад імя Дораг ці Дарожыч — так лічыць мовазнаўца Валянціна Лемцюгова. Гэта быў спачатку прыналежны прыметнік: чый? Дарагічын. Польскае Drohiczyn — стандартная замена беларускага поўнагалосься польскім няпоўнагалосьсем.

У сярэдзіне XVII стагодзьдзя мястэчка Дарагічын атрымала статус гораду. Аднак у выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Дарагічын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Кобрынскім павеце. Новая адміністрацыя статус паселішча зноў панізіла да мястэчка, захаваўшы польскую назву. Беларускую назву гораду афіцыйна так і не вярнулі ані ў БССР, ані ў незалежнай Беларусі.

У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», зацьверджаным Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці і ўзгодненым з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі, форма Дарагічын адзначаецца як прысутная ў вусных зносінах людзей.

Як пераймяноўвалі беларускія гарады

Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».

Перайменавалі старажытныя гарады й мястэчкі, назвы якіх былі «немілагучныя» або палітычна сумнеўныя для зрусыфікаванага бальшавіцкага вуха.

• Койданава (Койданаў) зрабілі Дзяржынскам,
• Рудобелку — Акцябарскім,
• Дрысу — Верхнядзьвінскам,
• Ігумен — Чэрвенем,
• Кабыльнік — Нараччу,
• Качэрычы — Кіраўскам,
• Прапойск — Слаўгарадам,
• Шацілавічы — Сьветлагорскам.

Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.​

Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.

Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.

«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі».

Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.

Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарады з «памылкамі» ў назвах: Дзятлава, Зьдзецел, Зецела?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарады з «памылкамі» ў назвах: Беразіно ці Бярэзань?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарады з «памылкамі» ў назвах: Брэст ці Берасьце?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарады з «памылкамі» ў назвах: Вілейка ці Вялейка?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарады з «памылкамі» ў назвах: Воранава ці Вярэнаў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарады з «памылкамі» ў назвах: Гродна ці Горадня?