Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у аўторак на прэсавай канфэрэнцыі ў Хэльсынкі пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Фінляндыі Саўле Нііністэ заявіў, што ўлады Расеі выконваюць правы чалавека і сваіх грамадзян. Так кіраўнік дзяржавы адказаў на пытаньне журналіста пратэстных акцыях, якія праходзяць апошні месяц у Маскве.
Па словах Пуціна, у іншых эўрапейскіх сталіцах праходзяць больш маштабныя акцыі пратэсту, якія маюць цяжкія наступствы для іх удзельнікаў. Кіраўнік Расеі заявіў, што мітынгоўцам і паліцыянтам у Маскве неабходна выконваць закон.
Акцыі пратэсту ў расейскай сталіцы Пуцін зьвязаў з «абвастрэньнем сытуацыі вакол перадвыбарнай барацьбы». Па словах прэзыдэнта, арганізатары мітынгаў парушылі перадвыбарнае заканадаўства, сабраўшы ў сваю падтрымку подпісы памерлых людзей. Пуцін заявіў, што вярнуць права ўдзельнічаць у выбарах можна толькі праз суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францыя: вяртаньне Расеі на саміты «сямёркі» залежыць ад УкраіныАдказваючы на пытаньне пра тое, што пратэсты ў Маскве сьведчаць аб парушэньні расейскімі ўладамі правілаў Рады Эўропы, Пуцін сказаў, што Расея можа абысьціся бяз удзелу ў гэтай арганізацыі. «Тады тыя людзі, пра якіх вы праяўляеце такі далікатны клопат, ня змогуць зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека», — заявіў Пуцін.
Раней прэзыдэнт Расеі на сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эмануэлем Макронам заявіў, што 57 апазыцыйных кандыдатаў не былі дапушчаныя на выбары «за відавочныя парушэньні выбарчага заканадаўства». Мітынгі, якія праходзяць у Маскве, Пуцін параўнаў з пратэстнымі акцыямі ў Францыі, якія суправаджаліся гвалтам і вялікай колькасьцю пацярпелых.
- Акцыі апазыцыі ў цэнтры Масквы за допуск незалежных кандыдатаў да выбараў у Маскоўскую гарадзкую думу працягваюцца ўжо месяц. У агульнай колькасьці за гэты час паліцыя затрымала каля трох тысяч чалавек. Пасьля акцыі 27 ліпеня Сьледчы камітэт Расеі пачаў крымінальную справу аб масавых беспарадках, па якой арыштаваныя 13 чалавек. Праваабаронцы і юрысты адзначаюць, што нічога з таго, што можна кваліфікаваць як «масавыя беспарадкі», у Маскве не адбывалася.