Аналітычны рэсурс 1863x.com, які 5 гадоў таму стварыў блогер Эдуард Пальчыс, не абнаўляецца зь лістапада мінулага году. Свабода распытала блогера, ці рады ён, што яго чытаюць у Адміністрацыі прэзыдэнта і як Тэлеграм зьмяніў яго жыцьцё.
Што за сайт
Партал 1863x.com зьявіўся ўвосень 2014 году. Пальчыс, які тады хаваўся пад псэўданімам Джон Сільвер, публікаваў на ім рэзанансныя расьсьледаваньні і актуальныя палітычныя навіны. Неўзабаве і сам партал, і яго стваральнік трапілі пад пільную ўвагу сілавікоў. Эдуарда Пальчыса затрымалі ў Расеі, перадалі беларускай міліцыі і асудзілі на 1 год і 9 месяцаў так званай «хатняй хіміі». Усяго ў беларускім і расейскім СІЗА ён правёў каля 10 месяцаў.
Пасьля вызваленьня сайт зноў пачаў абнаўляцца. А сам Эдуард Пальчыс стаў прыкметным грамадзянскім актывістам. Разам з Антонам Матолькам і Паўлам Белавусам ён арганізоўваў Дзень Волі — 2018 і Дзень Волі — 2019.
Сам Эдуард паступова перамясьціўся ў Тэлеграм, дзе вядзе канал PALCHYS.
«Навіны сышлі ў сацсеткі»
— Што ўсё ж такі будзе з сайтам 1863x.com, ці закрыецца гэты праект?
— Праект — гэта проста сайт, ён не абнаўляецца зь лістапада. Але мая грамадзкая дзейнасьць не спынялася. Проста новыя артыкулы на сайце не выходзяць. За апошнія тры гады кароткія думкі, факты і навіны сышлі ў сацыяльныя сеткі. Сайт пасуе для вялікіх тэкстаў, лангрыдаў. Калі зьбіраліся праводзіць БНР-101, то не хапала часу шукаць нешта, пісаць расьсьледаваньні.
Быў выбар: альбо займацца грамадзкімі справамі, альбо ад іх адмовіцца і пісаць артыкулы. Я выбраў першае. Каб пісаць цікавыя расьсьледаваньні і палітычную, грамадзкую аналітыку, патрэбныя аўтары. А такіх людзей мала. Я спадзяюся, што ўвосень зьявіцца больш сілаў і часу і па асобных тэмах нешта грунтоўнае зрэдку будзе выходзіць.
— Навіны цяпер разыходзяцца хутчэй у сацсетках?
— Сеткі проста зручнейшыя для кароткіх фарматаў. Раней іх не было, і ўсё чыталі ў адным месцы, на сайце. Сёньня заходзіць з сацсеткі на сайт трэба альбо для эксклюзіўнай інфармацыі, альбо па фарматы для доўгага чытаньня. Гэта проста разьмежаваньне пляцовак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эдуард Пальчыс: Свабода слова і падбухторваньне да вайны — гэта розныя рэчы«Улада зрабіла блогераў папулярнымі»
— Сёньня ёсьць блогеры, у якіх больш за 100 тысяч падпісчыкаў. Той жа NEXTA, да якога навіны часам трапляюць хутчэй, чым да традыцыйных СМІ. Чаму так? І ці будзе такая тэндэнцыя працягвацца?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 каналаў пра актывізм у беларускім Telegram, на якія варта падпісацца— Па-першае, сама ўлада ў гэтым вельмі моцна дапамагла. У 2017 годзе пачалі блякаваць «Белпартызан», «Хартыю-97», і доля крытычна настроеных людзей пайшла ў сеткі, таму што настроі людзей не зьмяніліся. У NEXTA быў папулярны youtube-канал, і калі мы зьвярнулі ўвагу на гэтыя блякаваньні, мы зь невялікай групай людзей пачалі клікаць іншых заводзіць каналы ў Telegram. Спачатку людзі пыталіся: «Навошта гэта ўсё?». Але потым гэта зрабілася зручным інструмэнтам для абмену інфармацыяй. Тут жа трэба памятаць пра недавер да ўлады — людзі ня вераць паведамленьням ад імя ўлады. А ў Telegram пачалі абмяркоўваць тое, што людзі абмяркоўваюць звычайна на кухнях.
— У Telegram ёсьць канкурэнцыя?
— Мне здаецца, што яна ёсьць ва ўсіх, хто посьціць навіны. Топавыя каналы спаборнічаюць. Але я не адчуваю канкурэнцыі, я сам зацікаўлены, каб хто-небудзь што-небудзь пісаў. Я сам прыводзіў і прыводжу людзей у Telegram і піяру кагосьці. Чым больш людзей будуць пісаць думкі ці нейкія рэчы пра палітыку, тым лепш. Калі б у нас хапала палітызаваных блогераў, я б наагул пісаў толькі пра гісторыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь іх падпісчыкаў можна скласьці горад. Топ самых папулярных палітычных тэлеграм-каналаў Беларусі— Можа, нешта ўжо плянуеце на БНР-102?
— Як будзе ў наступным годзе, пакуль не магу сказаць. Думаю, будзе ў любым выпадку, людзі вучацца арганізоўвацца. Мы на будучыню пакуль нічога не абяцалі, але заўсёды робім тое, што магчыма па абставінах.
Будзе яшчэ шмат іншых падзей: перапіс, перапахаваньне Каліноўскага. На ўсё разам трэба рэагаваць, і ня толькі блогерам.
«Гайкі заціскаюць, але па-іншаму»
— У адміністрацыю Лукашэнкі прызначылі новага галоўнага ідэоляга — Андрэя Кунцэвіча, маладога, які, дарэчы, на вас падпісаны ў сацсетках. Гэта каб ва ўладзе былі людзі, якія разьбіраюцца ў сацсетках?
— Важна, якое заданьне яму паставяць зьверху. Калі яму паставяць задачу рэпрэсіўнага пляну — гэта адно. Калі яму паставяць задачу ўмацоўваць ідэю незалежнасьці ў галовах — гэта іншае. Калі проста паставяць задачу наладзіць паток інфармацыі з інтэрнэту наверх — гэта трэцяе. Я і ня радуюся, і не засмучаюся. Усё будзе відаць па ўчынках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чытае Пальчыса і Шрайбмана. Што расказаў новы галоўны ідэоляг Беларусі— Калі сайт 1863x.com толькі запускаўся — і цяпер: калі параўнаць, улада «адкруціла гайкі» ці наадварот?
— Я бачу толькі закручваньне гаек: блякаваньне сайтаў, «справа БелТА», штрафы журналістам за супрацоўніцтва зь «Белсатам». Мяняецца форма ціску, але сутнасьць не зьмянілася, лібэралізацыі не адбылося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эдуард Пальчыс — пра гранты, геяў, палітычную мярцьвячыну і татальную беларусізацыю.