Францыя па-ранейшаму лічыць дасягненьне прагрэсу ва ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны ключавой умовай запрашэньня Расеі да супрацоўніцтва ў рамках «Вялікай сямёркі».
Пра гэта агенцтву Reuters паведаміла высокапастаўленая крыніца ў францускай дыпляматыі, камэнтуючы паведамленьні СМІ аб тым, што прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон дамовіўся з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам аб запрашэньні Расеі на саміт «сямёркі» ў наступным годзе. Па словах крыніцы, апошняе развіццё падзей вакол Украіны дае асцярожныя падставы для аптымізму.
Саміт мае прайсьці ў Нью-Ёрку. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова выказваўся за вяртаньне Расеі за стол перамоваў «сямёркі». Макрон раней на гэтым тыдні перад сустрэчай з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным заявіў, што ключавым пытаньнем для магчымага адраджэньня фармату «Вялікай васьмёркі» застаецца сытуацыя ва Ўкраіне. Крыніца Reuters пацьвердзіла, што пазыцыя Францыі не зьмянілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп лічыць «дарэчным» вяртаньне Расеі ў «Вялікую сямёрку»Прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава, камэнтуючы паведамленьні, заявіла, што ў Маскве чакаюць фармальных прапановаў з боку краін «сямёркі» аб фармаце супрацоўніцтва. Сам Пуцін раней казаў, што «васьмёркі» цяпер не існуе, і таму абмяркоўваць удзел Расеі ў ёй ня мае сэнсу.
- «Вялікая васьмёрка» фактычна перастала існаваць ў 2014 годзе, калі лідэры краін «Вялікай сямёркі» — ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канады, Нямеччыны і Японіі — адмовіліся прыехаць на саміт у Сочы пасьля анэксіі Крыму. З тых часоў іх сустрэчы праходзяць без удзелу прэзыдэнта Расеі.
- Сёлета саміт G7 пройдзе ў гэтыя выходныя ў Францыі — таксама без расейскага ўдзелу. Прэзыдэнт Макрон пацьвердзіў, што, як і летась, па выніках ня будзе падпісана супольнага камюніке — з прычыны разыходжаньняў па шэрагу пытаньняў, у тым ліку вакол Ірану і Парыскага пагадненьня аб клімаце. Саміт, тым ня менш, выклікае цікавасьць назіральнікаў перш за ўсё ў сувязі з удзелам новага брытанскага прэм’ера Борыса Джонсана, які паабяцаў вывесьці краіну з ЭЗ да 31 кастрычніка незалежна ад таго, будзе заключанае пагадненьне з Эўразьвязам або не. З асаблівай цікавасьцю чакаецца яго сустрэча з Дональдам Трампам.