Міністар замежных спраў Нямеччыны Гайка Маас прызнаў, што мае «прынцыпова розныя пазыцыі з Расеяй па многіх пытаньнях», але зьвярнуў увагу на неабходнасьць дыялёгу — такую заяву ён зрабіў 21 жніўня перад ад’ездам у Маскву. Там ён павінен сустрэцца з кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым.
Маас заклікаў Маскву адыгрываць канструктыўную ролю ў аднаўленьні мірных перамоваў ва Ўкраіне, дзе на працягу пяці гадоў працягваецца расейская агрэсія.
«Мы спадзяемся на сьвет у канцы тунэля, калі гаворка ідзе пра пытаньні спыненьня агню, адводу сіл і выкананьне менскіх пагадненьняў. Цяпер усе бакі павінны прадэманстраваць гатоўнасьць да дыялёгу і дзеяньняў, інакш людзі і далей будуць гінуць у гэтым канфлікце», — заявіў Маас у Бэрліне, кажучы пра рэжым цішыні на Данбасе, які фактычна не выконваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп лічыць «дарэчным» вяртаньне Расеі ў «Вялікую сямёрку»Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, які 19 жніўня прымаў у сваёй летняй рэзыдэнцыі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, заявіў, што спадзяецца дамовіцца з Пуціным пра саміт у «нармандзкім фармаце» ужо ў бліжэйшыя тыдні. Апошні саміт «нармандзкай чацьвёркі» адбыўся ў Бэрліне 19 кастрычніка 2016 году.
У выніку расейскай гібрыднай агрэсіі на ўсходзе Ўкраіны з красавіка 2014 году, паводле ацэнак ААН на дату 31 сьнежня 2018 году, загінулі ад 12,8 да 13 тысяч чалавек, зь якіх было 3320 цывільных, 4000 украінскіх байцоў і 5500 прадстаўнікоў расейскіх гібрыдных узброеных фармаваньняў.