Выезд адной сапёрна-піратэхнічнай групы па Менску на «замінаваны» аб’ект каштуе ў сярэднім каля 300 рублёў. Пра гэта Свабодзе паведаміў афіцыйны прадстаўнік унутраных войскаў МУС Беларусі Ўладзімер Пархомцаў.
Гэта тычыцца выезду «на даволі буйны аб’ект».
«Але гэта не мяжа. Кожны выклік лічыцца асобна, і ёсьць шмат фактараў, якія будуць уплываць на кошт выезду сапёрна-піратэхнічных груп. Часам выяжджаюць адна-дзьве групы і больш. Таксама кошт залежыць ад працягласьці знаходжаньня групы на аб’екце», — сказаў Уладзімер Пархомцаў.
Вядома, што, акрамя аэрапорту і вакзалу, 19 жніўня «мінавалі» і эвакуавалі гатэлі «Беларусь», «Гарні», «Вікторыя Алімп Гатэль» і «Юбілейная», гандлёвыя цэнтры «Скала», «Сталіца», Dana Mall, Galileo і Galleria. МУС паведаміла, што ўсе аб’екты праверылі — «падазроных і небясьпечных прадметаў ня выяўлена».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што «мініравалі» ў Менску за паўгода і колькі гэта можа каштаваць. МАПААгульны кошт учорашніх выездаў на «замінаваныя» будынкі ў Менску ва ўнутраных войсках МУС не паведамілі. Але ўсяго па Беларусі за дзень выяжджалі на 18 аб’ектаў.
Апроч сапёрна-піратэхнічных груп, на «замінаваныя» будынкі выяжджаюць таксама падразьдзяленьні МНС, «хуткай» дапамогі, МУС выстаўляе ачапленьне.
Таксама ў агульнай суме ўлічваюцца страты прадпрыемстваў з-за прастояў.
Onliner.by сьцьвярджае, што атрымаў ліст аб мінаваньні іхнага офісу ў Rubin Plaza ад імя групоўкі Orwell з шыфраванай электроннай пошты на сэрвісе ProtonMail.
Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова сказала Свабодзе, што па выніках учорашніх падзей распачатыя дзьве крымінальныя справы «аб заведама фальшывых паведамленьнях пра небясьпеку».
Яна сказала, што ўстановы атрымалі ліст аб мінаваньні, «прыкладна такі ж, як апублікаваў Onliner.by адносна свайго офіса».
«Пры гэтым паведамленьне паступала не з аднаго і таго ж адраса электроннай пошты», — сказала Юлія Ганчарова.
Што важна ведаць пра «мінаваньне» будынкаў у Беларусі
Ад пачатку 2019 году за ілжывае мінаваньне будынкаў па ўсёй Беларусі завялі 35 крымінальных спраў. У ходзе іх расьсьледаваньня ўсталявалі 14 чалавек, датычных да падобных паведамленьняў, па шасьці крымінальных справах ужо прайшлі суды і вынесеныя прысуды. Расьсьледаваньні працягваюцца.
- 31 сакавіка невядомы паведаміў, нібыта замінаваны чыгуначны вакзал, а таксама гандлёвыя цэнтры Galileo і «Замак».
- 6 красавіка праз тэлефон сказалі, што ў гандлёвым цэнтры «Галерэя» закладзена выбухоўка.
- 27 красавіка абмежавалі рух менскага мэтро з прычыны «замінаваньня» станцыі «Ўручча». Пазьней увечары затрымалі чалавека, які меркавана зрабіў ілжывы званок.
- 29 красавіка паведамлялася пра «мінаваньне» аэрапорту, вакзалу і гатэля ў Менску.
У 2018 годзе ў Беларусі міліцыя зафіксавала 23 ілжывых «паведамленьня аб небясьпецы», піша МУС Беларусі.
Паводле арт. 340 Крымінальнага кодэксу заведама ілжывае паведамленьне аб небясьпецы можа карацца:
- штрафам ці арыштам;
- да 5 гадоў абмежаваньня волі;
- ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.