Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 году. Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх зьмяніліся пад вонкавым уплывам.
Воранава
Афіцыйная назва — Воранава
Спрадвечная народная назва — Вярэнаў
Мястэчка вядомае ад XVI стагодзьдзя пад назвай Балотна, у розны час належала Гаштольдам, Давойнам.
У XVIII ст., калі Балотна стала валоданьнем роду Сцыпіёнаў італьянскага паходжаньня, яно памяняла назву на Вярэнаў ад імя маёнтку, названага нібыта ў гонар Веранікі, жонкі Язэпа Сцыпіёна дэль Кампа. Але гэтая вэрсія фанэтычна сумнеўная.
Хутчэй за ўсё, айконім Вярэнаў ад вадаёма з архаічнай балцкай назвай. І рэчка Вярэнка паблізу, і на літоўскай тэрыторыі нямала тоесных назваў (напр., поплаў Verėnos у Кейданскім р-не) — ад кораня ver-/vir- (параўн. віраваць).
Пасьля інкарпарацыі ў склад Расейскай імпэрыі незразумелую назву замянілі на «удобоваримую» — Вороново. У 1929 годзе, калі мястэчка ўваходзіла ў склад міжваеннай Польшчы, як сьведчыць лідзкі краязнаўца Лявон Лаўрэш, жыхары пасьпяхова хадайнічалі аб вяртаньні гістарычнай назвы. Але з прыходам бальшавікоў паселішча чарговы раз было перахрышчана ў Воранава.
Як пераймяноўвалі беларускія гарады
Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».
Перайменавалі старажытныя гарады й мястэчкі, назвы якіх былі «немілагучныя» або палітычна сумнеўныя для зрусыфікаванага бальшавіцкага вуха.
• Койданава (Койданаў) зрабілі Дзяржынскам,
• Рудобелку — Акцябарскім,
• Дрысу — Верхнядзьвінскам,
• Ігумен — Чэрвенем,
• Кабыльнік — Нараччу,
• Качэрычы — Кіраўскам,
• Прапойск — Слаўгарадам,
• Шацілавічы — Сьветлагорскам.
Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.
Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.
Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.
«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі».
Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.
Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.
- Беразіно ці Бярэзань?
- Брэст ці Берасьце?
- Вілейка ці Вялейка?
- Воранава ці Вярэнаў?
- Гродна ці Горадня?
- Дзятлава ці Зьдзецел?
- Драгічын ці Дарагічын?
- Іванава ці Янаў?
- Калінкавічы ці Каленкавічы?
- Ліёзна ці Лёзна?
- Міёры ці Мёры?
- Мінск ці Менск?
- Мсьціслаў ці Амсьціслаў?
- Навагрудак ці Наваградак?
- Полацк ці Полацак?
- Хойнікі ці Хвойнікі?