Па словах аднаго зь іх, цалкам разьлічыцца зь людзьмі працадаўца абяцае да 22 жніўня.
15 жніўня каля 50 мантажнікаў з Расеі, нанятых кампаніяй «Сезам» на будаўніцтва Астравецкай АЭС, расказалі Свабодзе, што ня могуць атрымаць заробкі за некалькі месяцаў працы. Называлі сумы доўгу памерам 1–2 тысячы даляраў. Па словах рабочых, у большасьці зь іх на момант звароту ў СМІ не заставалася грошай ні на праезд дадому ў Расею, ні на харчаваньне і аплату жыльля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам да Лукашэнкі ісьці?» Дзясяткі расейскіх рабочых зь БелАЭС сьцьвярджаюць, што ім не заплацілі. ФОТА, ВІДЭАПасьля выхаду публікацыі і звароту да прадстаўнікоў кампаній, якія наймалі расейцаў для працы ў Беларусі, рабочым пачалі набываць квіткі ў Расею. Як сказаў Свабодзе адзін з расейскіх мантажнікаў, Аляксандар Лычаў, з 19 жніўня рабочым пачалі выплачваць заробкі.
«Нам паабяцалі ў панядзелак разьлічыцца (19 жніўня. — РС), — сказаў Лычаў. — Галоўны інжынэр паабяцаў за ліпень разьлічыцца. І зараз за ліпень разьлічваюцца. Але не з усімі, а з тымі, хто застаўся там (у Беларусі. — РС). А іншым, хто вярнуўся дадому, пакуль нічога не пералічылі. Я таксама вярнуўся ў Расею. То бок выплачваюць, але ня ўсё. Бывае, што павінны 70 тысяч выплаціць, а выплацілі 60. Абяцаюць у сераду-чацьвер разьлічыцца цалкам. Пакуль чакаем».
Свабода накіравала афіцыйны запыт з просьбай патлумачыць сытуацыю ў Дырэкцыю будаўніцтва Астравецкай АЭС. Адказу пакуль няма.